Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ЗША: ГРУПА МАРГУЛІСА НЕ ПРАДСТАЎЛЯЕ ЎРАД ЗША


Кастусь Бандарук, Прага

Майкл Маргуліс некалькі разоў наведваў краіны СНД, выступаў па расейскім тэлебачаньні з казаньнямі і ў 1991 годзе правёў багаслужбу ў Крамлі. Ён каардынуе дзейнасьць заходніх місіянэраў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу.

Ужо летась ў лютым Маргуліс наведаў Беларусь і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У інтэрвію амэрыканскаму місіянэру Лукашэнка адзначыў, што (цытуем) “ведае Маргуліса як чалавека ўплывовага і думаючага, і ўдзячны яму за тое, што той душою і сэрцам успрымае тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, спрабуе аб’ектыўна ва ўсім разабрацца”. Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што пасьля гэтай сустрэчы, у Беларусі зьявіцца больш сяброў у Злучаных Штатах. Ён са шкадаваньнем канстатаваў, што інфармацыя пра Беларусь у ЗША аднабаковая і неаб’ектыўная.

Сёньня “Народная газэта” паведаміла пра паўторны візыт Майкла Маргуліса ў Беларусь. У пляне гэтага візыту, паводле газэты, абмеркаваньне задуманай кнігі пра Беларусь і яе лідэра Аляксандра Лукашэнку, а таксама збор матэрыялаў для будучага відэафільму. Маргуліс заявіў, што Амэрыка зацікаўленая ў лепшых адносінах зь Беларусьсю. Ён паведаміў, што, у прыватнасьці, цяперашні сэнатар ад штату Нью Ёрк Гіляры Клінтан ў размове зь ім прасіла падрыхтаваць Кангрэсу ЗША падрабязную справаздачу па выніках паездкі ў Беларусь, што павінна зьмяніць думку пра Беларусь за акіянам.

Мы пацікавіліся ў амбасадзе ЗША ў Менску, як прадстаўніцтва ЗША ставіцца да заяваў Майкла Маргуліса і наколькі ён прадстаўляе думку афіцыйных колаў ЗША. Вось што адказаў прадстаўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю амбасады ЗША ў Менску Майкэл Райнэрт.

(Райнэрт: ) “Дэлегацыя “Хрысьціянскага маста” ня ёсьць афіцыйная дэлегацыя ўраду ЗША. Дэлегацыя “Хрысьціянскага маста” – гэта група прыватных грамадзянаў Злучаных Штатаў. Безумоўна, яны маюць права наведаць Беларусь і сустрэцца, з кім ім хочацца. Але зноў, я хачу падкрэсьліць, што гэта – не афіцыйная дэлегацыя ЗША, і яна не прадстаўляе афіцыйных поглядаў ураду ЗША”.

Гэтак адказаў на нашае пытаньне пра Майкла Маргуліса прадстаўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю амбасады ЗША у Менску Майкл Райнэрт.
XS
SM
MD
LG