Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД СЁНЬНЯ – ШЧУКІН У ВЯЗЬНІЦЫ НА ТРЫ МЕСЯЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня Валеры Шчукін сам прыйшоў у Фрунзенскае ўпраўленьне ўнутраных справаў, адкуль яго меліся адвезьці ў сьледчы ізалятар. Працэдура афармленьня зацягнулася. У Валер'я Шчукіна амаль дзьве гадзіны здымалі адбіткі пальцаў і доўга рыхтавалі неабходныя паперы.

Гаворыць Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) "92 сутак, ці шэсьць разоў па 15 сутак мне далі за тое, што я адстойваў свабоду слова ў Беларусі. У той дзень, 16 студзеня, я ішоў на адкрытую прэсавую канфэрэнцыю. Я загадзя папярэдзіў, што прыйду, але мяне не пускалі, а гэта незаконна.

Я не парушаў парадку ў грамадзтве. Я парушыў нейкі ўнутраны парадак у Міністэрстве ўнутраных справаў, нейкую іхную інструкцыю. Навумаў за гэта ўхапіўся і на прэсавай канфэрэнцыі казаў, што мяне пасадзяць на 15 сутак.

Разьбітае шкло — выпадковасьць. Але менавіта гэтая акалічнасьць дала магчымасьць пасадзіць мяне на больш доўгі тэрмін. Ня выключана, што гэта зьвязана з выбарчай кампаніяй. Улады ведаюць, што я ўбаку не застануся, натуральна, я буду асьвятляць падзеі ў краіне такімі, якія яны ёсьць...

Абурае тое, што ў судзе груба парушылі мае правы. Там мне адмовілі ў абаронцы. Я прасіў суд, каб дазволілі ўдзельнічаць у працэсе прадстаўніку БАЖу Міхаілу Пастухову. Закон дазваляе мець юрыдычнага прадстаўніка, а мяне пазбавілі гэтага права", — паведаміў Радыё Свабода Валеры Шчукін.

Днямі жонка Валер'я Шчукіна моцна захварэла, таму судзьдзя Ленінскага суду Шыйко адклаў яшчэ адно пакараньне — 10 сутак арышту мае Валеры Шчукін за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі падчас акцыі "Ланцуг неабыякавых людзей". І менавіта цяпер надышоў час выкананьня ранейшага, больш жорсткага прысуду за пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных справаў.
XS
SM
MD
LG