Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТОЙ СЬВЕТ” І ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельніца: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі:) "Той сьвет… Сёньня нам за гэтымі словамі бачыцца магільны жвір, чуецца подых жалобы і сьмерці і ўжо не ўзьнікае станоўчых эмоцыяў.

Іншыя скептычна ўсьміхаюцца, маўляў, той сьвет — казкі ды забабоны старых бабуляў. Між тым, для гэтых бабуляў, для нашых продкаў той сьвет — такая ж рэальнасьць , як і сьвет гэты, наш, асвоены і абжыты.

І што істотна, ад духоўнага кантакту з насельнікамі і прадстаўнікамі таго сьвету наўпрост залежалі посьпех і лёс кожнага зь зямлянаў".

(Валодзіна: ) "У пэўным сэнсе ўся традыцыйная культура арыентаваная на тагасьветную пэрспэктыву. Кожны абрад і кожны рытуалізаваны акт паводзінаў прадугледжвае дачыненьні з тым сьветам і абавязковае санкцыянаванае пераступаньне мяжы, той мяжы, што падзяляе жывых і не-жывых.

А мяжа гэтая парушалася з кожным актам сьмерці і з кожнай падзеяй народзінаў".

(Ракіцкі: ) "Як вынікае з кантэксту традыцыі, той сьвет — ня толькі прадоньне з закапанымі там продкамі. Дык тады дзе ён — ці далёка, ці высока?"

(Валодзіна: ) "Нябожчыкаў хаваем у зямлі, там жа ў норах жыве Зьмей і розныя пачвары, значыць, той сьвет там, унізе. У казках дзед па бобінцы лезе на неба і страчаецца там з Богам, у самым раі, у выраі. А Іван, ягоны ўнук, забіўшы Кашчэя пад зямлёю, вяртаецца адтуль… на птушцы.

Але ж птушкі ляцяць у рай-вырай, а не пад зямлю. Ці не атрымліваецца, што рай пад зямлёю? І пра зьмеяў кажуць — пайшлі ў вырай, але ведама куды, пад карэньне. А сьцьвярджаюць гэтыя настолькі звыклыя вераваньні, што ў сьвядомасьці беларусаў той сьвет наўкола: і ўнізе, і зьверху, і сьпераду, і асабліва ззаду, і ў балоце, і ў лесе, і нават у хаце".

(Ракіцкі: ) "У хаце? Але ж жытло — найпершая крэпасьць, у якой чалавек павінен быў бы ад таго сьвету адмежавацца. Ды й абразы ж у куце… Пра які той сьвет тут можна гаварыць?"

(Валодзіна: ) "У тапаграфіі хаты засталіся месьцечкі, прыналежныя ня толькі і ня столькі чалавеку. Гэта — падпечак, адкуль сочыць за падзеямі хатні дух, гарышча, парог. Магчыма, такія ўяўленьні маюць грунтам архаічную практыку пахаваньняў пад парогам, ды яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі дзіцячае месца, пасьлед закопвалі менавіта пад печчу. Ды і дамавік у асобных месцах так і называўся — пячурнік:

"Устае пячурнік рана і палохае пеўня, штурхануўшы яго. Певень зь перапуду лопае крыламі і крычыць, чым і падымае сямейнікаў на працу. Калі ж тыя ставяцца да пячурніка без належнае павагі — ён ці то ад суму, ці ад крыўды, ці мо з помсты некалькі начэй запар будзе выць і крычаць у коміне…"

(Ракіцкі: ) "Ну, калі нават у хаце ёсьць аднесеныя да таго сьвету месцы, то што тады казаць пра навакольле? Ці не азначае гэта, што агентура таго сьвету пранікла ва ўсе куточкі традыцыйнае прасторы?"

(Валодзіна: ) "Амаль што. Прастора ўяўлялася архаічнаму чалавеку ў выглядзе канцэнтрычных колаў, што, як кругі ў мішэні, разыходзіліся ва ўсе бакі ад сакральнага цэнтру. Якраз хата чалавека, печ, пазьней кут — гэта і ёсьць тая самая шанаваная кропка, дзясятка, ад якое, чым далей, тым бліжэй да пекла".

(Ракіцкі: ) "Але ж вы толькі што казалі, што печ — гэтаксама рэзыдэнцыя таго сьвету ў хаце. Ці няма тут якой супярэчнасьці?"

(Валодзіна: ) "Не. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае дзьве найважнейшыя рысы архаічнага мэнталітэту. Па-першае, мікракосм хаты паўтарае макракосм Сусьвету, і печ — той сакральны цэнтар, шанаваны хатні агмень — робіцца аналягам самога пекла. Як у павер’і: затушыўшы печ, ліні туды троху вады, тады, як трапіш у пекла, там табе вады не пашкадуюць.

А па-другое, тут нагляднае, зусім адрознае ад нашага, стаўленьне да іншасьвету. Мы яго толькі баімся, а продкі нашыя верылі, што ўсё іхнае жыцьцё адбываецца пад пільным наглядам і продкаў-дзядоў, і духаў, і дэманаў, якія, адпаведна, ці апякуюцца, ці караюць. І таму страх непарыўна суседнічаў з павагаю, імкненьнем да дабрасуседзтва і нават з шанаваньнем.

Менавіта гэта і стала падмуркам выключнага па сваёй значнасьці ў Беларусі культу дзядоў-продкаў".

(Ракіцкі: ) "Выходзіць, нябожчыкі ў народных вераваньнях — добрыя суседзі й апекуны. Але велізарнейшая колькасьць "страшных" паданьняў апавядае пра розных хадзячых мерцьвякоў, чарцей і падобную нежыць".

(Валодзіна: ) "Свайго роду агентамі таго сьвету сярод жывых ёсьць прадстаўнікі гэтак званай ніжэйшай міталёгіі — гэтаксама нябожчыкі, але яны адрозьніваюцца ад дзядоў тым, што паходзяць зь людзей, памерлых не сваёй сьмерцю: з тапельцаў, вісельнікаў, а таксама з чарадзеяў.

Душы праведныя — яны там, на тым сьвеце, і наведваюцца да нас у строга вызначаныя тэрміны, а гэтыя самагубцы ды былыя ведзьмакі затрымаліся на мяжы, і няма ім прытулку ні там, ні тут. Вось і вяртаюцца яны да нас, але ўжо вупырамі ды расамахамі, пра якіх і расказвалі вяскоўцы А.Сержпутоўскаму:

"Старыя людзі кажуць, што калісьці тут у лесе вадзіліся зьвяры расамахі, але гэта, мабуць, няпраўда, бо я сам зь дзецюкамі бачыў расамаху, дык яна была ў постаці жанчыны з распушчанымі косамі. У нас казалі, што расамахаю робіцца жанчына, як яна зьнішчыць сваё дзіця да й сама ўтопіцца. Я раз бачыў, што ля ракі на бабровай хатцы сядзела, голая, ды дзіця люляла. А тады як усхопіцца, як шабулдых у ваду, толькі кругі разышліся".

(Ракіцкі: ) "Вупыры, русалкі, дэманы хваробаў і ўвесь іхны легіён — гэта іхныя, таго сьвету агенты. А з нашага боку, з боку жывых, ці бачыліся якія-небудзь пасланцы ў іншыя прасторы?"

(Валодзіна: ) "Даволі блізкімі да замагільля ўяўляліся зусім старыя і, як гэта ні дзіўна, малыя дзеці. Дзіця, хаця і надзяляецца рысамі сьвятасьці, чысьціні, успрымаецца як пасланец іншасьвету, як істота, што цалкам не парвала з замагільлем.

Праводзіцца нават выразная паралель паміж наванароджаным у першыя часіны ягонага жыцьця і нябожчыкам у пляне супадзеньня рытуальных дзеяньняў па пераводзе іх з аднаго сьвету ў іншы.

У народным радзільным абрадзе дзіця наогул проста называецца чужынцам: "Бог да нас чужаземца прыслаў, ён з далёкіх краёў прыбываў".

А яшчэ вестунамі замагiльля бачылі жабракоў. На калядныя сьвяты ім ахвотна аддавалi хлеб, прасілі памаліцца за сваіх памерлых сваякоў. А ў час Дзядоў жабракі лiчылiся найлепшымi i самымі чаканымi гасьцямi, iх шчодра частавалi i давалi ім з сабою зь вераю, што наведалi хату зь iмi душы продкаў, цi яны панясуць iм прывiтаньне i частунак. Верылі таксама, што жабракі як сувязныя зь iншай прасторай валодалі сакральнымi ведамi, i таму iм прыпiсвалi рысы варажбiтоў, лекараў".

(Ракіцкі: ) "А ці магчыма і нам зазірнуць у замагільле, сустрэцца зь ягонымі насельнікамі? Але каб яшчэ да таго, як ззаду зачыняцца дзьверы сьвету гэтага?"

(Валодзіна: ) "Продкі нашыя былі перакананыя, што можна, а ў асобных выпадках — і неабходна. З дапамогаю тагасьветаў варажылі, гаспадарылі, лекавалі сябе і блізкіх.

Посьпех жа ў сустрэчы з духамі самага рознага парадку забясьпечваўся цэлым комплексам умоваў, часавымі і прасторавымі характарыстыкамі, якія ўсе разамі і кожная паасобку былі накіраваныя на здыманьне межаў паміж сьветамі.

Каб усталяваць кантакт, здымалі крыж і пояс — "размыкалі" абарончую мяжу, разьвязвалі вузлы, дзяўчаты распляталі косы, часам распраналіся, заплюшчвалі вочы, рабілі ўсё моўчкі. Найбольш прыдатным для сустрэчы з тым сьветам час вылучаўся межавымі, пераломнымі характарыстыкамі: гэта вечар, мяжа дня і ночы, зімовы і летні сонцавароты. Але, відаць, найчасьцей мы сутыкаемся са сьветам іншым уначы, у сьне, бо як бы вандруе недзе там нашая душа:

"Кажуць, што як чалавеку сьніцца, што дзе далёка быў абы што рабіў, то гэта такі праўда, што быў і рабіў, бо як чалавек засьне, то зь яго душа вылезе, то ходзіць усюды і ўсё робіць, а посьле, як назад у цела вернецца, то і чалавек прачнецца".

(Ракіцкі: ) "А калі сустрэчу плянуеш, куды трэба было пайсьці? Куды найахвотней зьяўляліся жыхары іншасьвету?"

(Валодзіна: ) "Спрыяльнымі лічылі месцы нежылыя (лазьня, хлеў, пуня) і "пагранічныя", ці тыя, што асэнсоўваліся як межы паміж сваім і чужым (печ, парог, кут, вароты, калодзеж, магільнікі ды іншыя).

А своеасаблівым цэнтрам антысьвету, месцам надзвычайнага сакральнага напружаньня бачыліся ростанькі. На ростанях адбывалiся "пасьвячэньнi" ў чарадзея, там гукалi Долю i пiльнавалi чараўнiцу, там варажылі, закопвалi кашулькi хворых дзяцей, палiлi знойдзеныя на сялiбе зачараваныя рэчы".

(Ракіцкі: ) "Каб нэўтралiзаваць "шкодны" запал заклятага месца, беларусы на ростанях ставілі крыжы. Адрадзілася гэта традыцыя і сёньня. Едзеш і не заўсёды ўсьведамляеш, зь якою мэтаю ўзьнімаюцца высачэзныя крыжы ля ўезду-выезду многіх гарадоў".

(Валодзіна: ) "А пакліканыя яны перапыніць зло, сьцьвердзіць мяжу, за якую ня трапіць ужо іншасьвету, яшчэ раз нагадаць пра нябачных суседзяў нашых ды задаць душы імкненьне ўгору".
XS
SM
MD
LG