Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАФЭСАР БАНДАЖЭЎСКІ ЗАТРЫМАНЫ НА БЕЛАРУСКА-УКРАІНСКАЙ МЯЖЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Учора а 18-й гадзіне на аўтапераходзе Новая Гута быў затрыманы прафэсар Юры Бандажэўскі. Памежнікам ён прад’явіз чужы пашпарт, які належаў грамадзяніну Ўкраіны.

Разам з Бандажэўскім затрыманыя двое спадарожнікаў украінцаў, якія везьлі прафэсара на аўтамашыне. Адзін з украінцаў меў пасьведчаньне на імя дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімера Ўсаценкі.

Украінскія грамадзяне ўжо амаль суткі знаходзяцца ва ўправе Гомельскага памежнага атраду. Іх абвінавачваюць у пасобгіцтве перасячэньню мяжы па чужым дакумэньце. Прафэсар Бандажэўскі зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Паводле сьведчаньняў жонкі прафэсара Бандажэўскага, выкладчыцы мэдінстытуту Галіны Бандажэўскай, учора ў 16:40 муж зьбіраўся ад’ехаць цягніком на суткі ў Менск, каб сёньня ў інстытуце Белрад узгадніць макет чарговай навуковай кніжкі – “Рыдыёцэзій і прыроджаныя парокі разьвіцьця”. Прафэсар вельмі сьпяшаўся, бо ўжо заўтра вайсковая калегія Вярхоўнага суду Беларусі павінная абвесьціць вырак у крымінальнай справе пра хабарніцтва ў мэдінстытуце. Прафэсар Бандажэўскі ў гэтай справе – адзін з падсудных. Для яго дзяржаўнае абвінавачаньне запрасіла 9 гадоў турэмнага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права яшчэ на пяць гадоў займацца прафэсійнай дзейнасьцю.

Праз дзьве гадзіны пасьля таго, як прафэсар Бандажэўскі адправіўся з дому нібыта на менскі цягнік, яго затрымалі памежнікі ў Новай Гуце, на беларуска-украінскай мяжы – гэта ў адваротным накірунку ад беларускай сталіцы. Камандзір Гомельскага памежнага атраду палкоўнік Бутранец паведаміў адносна прафэсара Бандажэўскага наступнае:

(Бутранец: ) “Ён спрабаваў перасекчы дзяржаўную мяжу па чужым пашпарце”.

Пашпарт, наколькі вядома, належаў грамадзяніну Ўкраіны. Прафэсара Бандажэўскага даставілі з аўтапераходу Новая Гута ў Гомель і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Вядзецца адміністрацыйнае расьсьледаваньне спробы незаконнага пераходу мяжы. Бандажэўскага могуць трымаць у ізалятары як мінімум трое сутак, а з санкцыі пракурора – цэлых 10. Ужо будучы затрыманым, прафэсар з дазволу памежнікаў патэлефанаваў жонцы, папрасіў у яе прабачэньня і паведаміў, што насамрэч ён ехаў ня ў Менск, а ў Кіеў – прэзэнтаваць і размножыць рукапіс новай кнігі.

Галіна Бандажэўская выключае магчымасьць уцёкаў мужа перад вынясеньне прысуду ў справе пра хабарніцтва.

(Бандажэўская: ) “Што Вы кажаце, ён жа два гады пад падпіскай аб нявыезьдзе, дайшоў да суду, суд скончыўся, ніякіх думак пра пабег. Ды й няўжо бегчы на Ўкраіну?”

Яна, аднак, не выключае нейкай правакацыі ў дачыненьні да мужа. Доказаў пра хабарніцтва прафэсара ні сьледзтва, ні вайсковая калегія Вярхоўнага суду не здабылі, і зараз Бандажэўскага могуць засудзіць за незаконнае перасячэньне мяжы. Гэта тым больш верагодна, што ў затрыманьні падсуднага прафэсара фігуруе і Гомельская рэгіянальная ўправа дзяржкамітэту ў справе арганізванай злачыннасьці МУС. Менавіта яна і распачынала два гады таму справу пра хабарніцтва супраць Бандажэўскага.

XS
SM
MD
LG