Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ПАЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ПЕТРУШКЕВІЧ І СЛУЧАК -- РЭАЛЬНЫЯ АСОБЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў Зьміцер Партон, хоць і абяцаў адказаць на мае пытаньні, зрабіць гэтага ня здолеў, бо адсутнічаў ягоны шэф, міністар Уладзімер Навумаў.

Затое прэсавы сакратар пракуратуры краіны Аляксей Таранаў нічога не хаваў:

(Таранаў :) "Гэта лухта нейкая — на маю думку, няма пра што і казаць. Ну як гэта магчыма на дзяржаўным ўзроўні ствараць такія групоўкі? Гэта абсурд. Канешне, яны зьехалі ці зьбеглі — не зь Беларусі ж яны зрабілі свае заявы, а з Польшчы ці яшчэ адкуль. І каб атрымаць палітычны прытулак ды адпаведныя льготы, будуць казаць што заўгодна".

Таранаў прызнаў, што сьледчы Петрушкевіч сапраўды працаваў у сьледчай групе па справе Завадзкага і што рэальнай асобай зьяўляецца і былы сьледчы пракуратуры Алег Случак. Вось толькі даверу яны абодва, паволе Таранава, ня вартыя.

(Таранаў: ) "Гэты Петрушкевіч, ён быў прыкамандзіраваны да нас з Савецкай пракуратуры, каб выконваць тэхнічную працу — недзе зь лютага. Ён нічога па справе і ведаць ня можа, а нейкую лухту нясе!"

Таранаў сьцьвярджае, што Петрушкевіч быў нядобрасумленны, атрымаў вымову за спазьненьне, а ягоны сябар Случак увогуле быў звольнены як чалавек, які не адпавядае пасадзе. Яшчэ Таранаў сказаў, што Петрушкевіч са Случакам даўно знаёмыя, бо вучыліся разам.

Мне ўдалося зьвязацца з пракурорам Савецкага раёну Аляксандрам Сірашам, дзе да камандзіраваньня ў сьледчую групу па справе Завадзкага працаваў Петрушкевіч. Былы начальнік апальнага сьледчага чамусьці ня меў прэтэнзіяў да свайго падначаленага.

(Сіраш: ) "Дзе ён зараз, я ня ведаю, бо недзе паўгода таму ён быў накіраваны ў пракуратуру краіны і працуе там. Пра тое, што ён зьехаў зь сям'ёй, мне таксама невядома. Ды і якая сям'я? Наколькі я ведаю, ён быў разьведзены. А як да падначаленага ў мяне да яго прэтэнзіяў не было".

Зьвесткі пра ад’езд Петрушкевіча й Случака за мяжу не пацьвярджаюць, аднак яны могуць быць праўдзівыя. У пракуратуры краіны кажуць, што на працоўным месцы Петрушкевіча няма з 29 траўня, а Случак там з траўня 1999 году не працуе. Хатняга тэлефону сьледчага Петрушкевіча знайсьці не ўдалося, затое ўдалося звязацца па тэлефоне з маці Алега Случака, Джэмай Аляксандраўнай, якая пацьвердзіла, што сын даўно некуды зьехаў.

(Маці сьледчага Случака: ) "Так, у пракуратуры сын працаваў, але ўжо даўно не працуе. Пра справу Завадзкага ён нічога мне не казаў, і такога сябра Петрушкевіча я ня ведаю, але сын ніколі па прозьвішчах сяброў пры мне не называў. Дзе ён зараз, я ня ведаю. Так, ён жыве ў Менску, у яго ёсьць жонка, ёсьць дзіця, але яны даўно нічога пра сябе не паведамляюць. Колькі гэта "даўно"? Даўно і даўно, прабачце, больш нічога казаць ня буду".
XS
SM
MD
LG