Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ ШАРАМЕТ: “СЬЛЕДЧЫМ ПАГРАЖАЕ НЕБЯСЬПЕКА, ТАМУ ЯНЫ РОБЯЦЬ УСЁ, КАБ АБАРАНІЦЬ СВАЁ ЖЫЦЬЦЁ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Шарамет: ) “Гэтыя два сьледчыя, якія апублікавалі ліст да сродкаў масавай інфармацыі, – гэта рэальныя людзі, але я сам асабіста ня меў зь імі ніякіх адносінаў”.

(Карэспандэнт: ) “Яны сьцьвярджаюць, што была створаная групоўка, якая займалася тым, што выкрадала і зьнішчала людзей. Пачыналі з крымінальнікаў, адпрацавалі гэтыя мэтады, потым пачалі зьнішчаць палітычных супернікаў, і што гэта было на загад кіраўніцтва краіны. Што Вы думаеце на гэты кон?”

(Шарамет: ) “Я таксама маю ж такую інфармацыю, але зь іншых крыніцаў у адміністрацыі і ў Радзе бясьпекі. На мой погляд, гэта вельмі і вельмі дакладная інфарамцыя. Такія групы створаныя. Я ведаю, што адна з такіх групаў прыехала ў Маскву, каб працаваць зь беларусамі, якія зараз жывуць у Маскве, і якія могуць мець адносіны з апазыцыяй у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “У інфармацыі фігуруе, што сам міністар Навумаў непасрэдна забясьпечвае Ігнатовіча і Маліка інфармацыяй пра сьледчых, пра тое, як ідзе расьсьледаваньне…”

(Шарамет: ) “Навумаў, гэта былы кіраўнік атраду “Алмаз”, былы кіраўнік Службы бясьпекі прэзыдэнта, а якраз людзі з гэтых структураў былі ўцягнутыя ў той ці іншай форме ў гэтыя проціпраўныя дзеяньні”.

(Карэспандэнт: ) “Укідваньне гэтай інфармацыі супала па часе з пачаткам прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі”.

(Шарамет: ) “На мой погляд гэта выпадковасьць, бо гэтыя сьледчыя ўжо друкавалі лісты паўгода таму, толькі зараз яны назвалі свае імёны. Я ня зьвязваю гэта з выбарамі, я зьвязваю гэта толькі з тым, як ідзе расьсьледаваньне зьнікненьня Завадзкага і іншых”.

(Карэспандэнт: ) “А што, можа ў Вас ёсьць нейкая інфармацыя, што нешта здарылася, што вымусіла іх адкрыцца?”

(Шарамет: ) “Усім гэтым людзям пагражае небясьпека – небясьпека іх жыцьцю. Таму яны робяць усё, каб абараніць сябе. Сьледчыя гэтыя зараз праз Расею выехалі за мяжу разам з сем’ямі. Я ведаю таксама, што яшчэ некалькі чалавек зьніклі ў невядомым накірунку. Таму толькі з гэтым я зьвязваю тое, што яны назвалі свае імёны”.
XS
SM
MD
LG