Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМАХ НА ПАЎЛА КАЗЛОЎСКАГА?


Ганна Соусь, Менск

Як распавёў сёньня Радыё Свабода Павал Казлоўскі, інцыдэнт адбыўся ў мінулую пятніцу раніцай, калі ён з кіроўцам і двума ахоўнікамі на мікрааўтобусе РАФ ехаў у Гомель на заплянаваную сустрэчу з актывістамі выбарчага штабу. Гаворыць Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Толькі пачалі рухацца, калі нашае левае кола вывернулася на 45 градусаў убок ды адвалілася. Але была маленькая хуткасьць, таму заехалі ў кювэт без таго, каб разьбіць нашыя ілбы. Калі б гэта была хуткасьць 120-140 на трасе, то я думаю з тых чатырох адзін сёньня б з вамі не размаўляў".

Як паведаміў Павал Казлоўскі, мікрааўтобус адразу ж накіравалі на станцыю тэхнічнага агляду. Паводле вынікаў агляду, спэцыялісты прыйшлі да высновы, што быў адкручаны адзін з балтоў, які мацаваў левае кола да восі. Таксама былі заўважаныя масьляныя плямы й бруд на ўнутранай паверхні кола, што таксама, паводле тэхнічных спэцыялістаў, сьведчыць пра тое, што аварыя не была выпадковай.

Павал Казлоўскі гэтак тлумачыць прычыну здарэньня:

(Казлоўскі: ) "Уначы машына стаяла на адным месцы, і быў вывернуты вось гэты болт. Разьлік быў адзін — на вялікай хуткасьці адбылася б аварыя. Я даю адназначную ацэнку — гэта было зроблена наўмысна".

(Карэспандэнтка: ) "Ці зьвярталіся Вы ў міліцыю?"

(Казлоўскі: ) "У міліцыю мы не зьвярталіся, таму што гэта не дае ніякіх вынікаў. Я зьвяртаўся ў суд раней, калі мне білі шкло на аўтамабілі. Я зьвяртаўся, калі мяне палівалі брудам на нашым тэлебачаньні, таму я ня бачу сэнсу зьвяртацца ў міліцыю".

Адметна, што інцыдэнт адбыўся напярэдадні паездкі Паўла Казлоўскага ў Маскву на запіс перадачы Ўладзімера Позьнера "Времена" на канале ОРТ. Я запыталася ў спадара Казлоўскага, ці прыняў ён неабходныя меры перасьцярогі, каб папярэдзіць падобныя выпадкі:

(Казлоўскі: ) "Пасьля гэтага мы, канечне, зрабілі высновы, і цяпер машына пад аховай ноччу і днём. І мая асоба таксама пад аховай, але ад гэтай дзяржавы, ад дзяржавы-тэрарыста вельмі трудна ўберагчыся, бо я ведаю, што кожную нашу паездку кантралююць "спэцыялісты", — сказаў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

XS
SM
MD
LG