Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДАМ МАЛЬДЗІС: "УСЬЛЕД ЗА ЛЮДЗЬМІ ЗЬНІКАЮЦЬ МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ ДОШКІ"


Міхась Скобла, Менск

(Міхась Скобла: ) "Чым цікавая Беларусь для прагматычнага сьвету? Сваім геаграфічным становішчам у цэнтры Эўропы, трактарамі, калійнымі ўгнаеньнямі, газа- й нафтаправодамі, што пралеглі празь яе тэрыторыю.

Але ж і прагматычны сьвет жыве ня хлебам адзіным. Беларуская культура таксама цікавіць замежнікаў. А 10 гадоў таму самыя цікаўныя аб'ядналіся, і ўзьнікла Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, чый прэзыдэнт Адам Мальдзіс сёньня наш госьць.

Спадар Адам, як мне падаецца, у вас не зусім сьвяточны настрой…"

(Адам Мальдзіс: ) "Так, зусім не сьвяточны. І гэта зьвязана з канкрэтнай падзеяй. Учора я даведаўся, што з таго гістарычнага "інбелькультаўскага" будынку №15 па вуліцы Рэвалюцыйнай, дзе знаходзіцца наша асацыяцыя на базе Навукова-асьветнага цэнтру імя Ф.Скарыны, зьнікла мэмарыяльная дошка Максіму Гарэцкаму.

Назіраецца вельмі небясьпечная тэндэнцыя — усьлед за людзьмі пачынаюць зьнікаць мэмарыяльныя дошкі".

(Скобла: ) "Дошка была вырабленая з каштоўнага мэталу?"

(Мальдзіс: ) "Не, зь сілуміну. Значыць, ніякай матэрыяльнай зацікаўленасьці той чалавек, які зьнімаў, ня меў.

Рэвалюцыйная, 15 — гэта цэнтар гораду, там кожную хвіліну праяжджаюць машыны. Паверхам вышэй над намі месьціцца падатковая інспэкцыя, там увесьчасна дзяжурыць міліцыянт! Для мяне гэта вельмі дзіўна…

Нашыя супрацоўнікі па-рознаму камэнтуюць гэтае здарэньне. Адны кажуць, што гэта зьвязана са станам здароўя Радзіма Гарэцкага, які нядаўна моцна захварэў на сэрца. Маўляў, каб яшчэ больш абвастрыць хваробу... Другія кажуць, што гэта мае дачыненьне да Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", якое таксама месьціцца ў тым самым будынку і, дарэчы, рыхтуецца да свайго чарговага зьезду. А трэція абыякава махаюць рукой — маўляў, не такое ў нас гіне".

(Скобла: ) "Пачалі мы нашую гутарку з сумнай тэмы. Але ж Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў споўнілася 10 гадоў. Які плён, які наробак вы лічыце найбольш значным?"

(Мальдзіс: ) "Ідучы да вас, я захапіў з сабою два апошнія, 17-ы й 18-ы выпускі нашага зборніка "Беларусіка". Да іх увайшлі матэрыялы Трэцяга кангрэсу беларусістаў. "Беларусіка-17" мае назву "Беларуская дыяспара як пасярэдніца ў дыялёгу цывілізацый", "Беларусіка-18" — "Хрысьціянства й беларуская культура".

А на варштаце яшчэ чатыры зборнікі матэрыялаў кангрэсу, які прайшоў пад эгідай ЮНЭСКА. Як бачыце, мы за 10 гадоў выдалі 18 навуковых зборнікаў, многа іншых кніг.

Мы правялі звыш 40 навуковых канфэрэнцыяў у розных краінах сьвету. Напрыклад, у Вэнэцыі прайшла канфэрэнцыя пад назвай "Ад Полацку да Нясьвіжа, ад Падуі да Вэнэцыі". Мы правялі беларуска-габрэйскую, беларуска-амэрыканскую канфэрэнцыі. Сёлета сумесна з Польскім інстытутам і Скарынаўскім цэнтрам арганізавалі круглы стол "Ежы Гедройц і Беларусь".

Мы прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы й выданьні энцыкляпэдычнага даведніка "Хто ёсьць хто сярод беларусаў сьвету", выйшла першая частка — "Беларусы й нараджэнцы Беларусі ў памежных краінах". У маім уяўленьні даведнік гэты мае быць чатырохтомавым.

Мы рыхтуемся да беларуска-швэдзкага круглага стала пад назвай "Беларусь — Швэцыя: 1000 і 1 год знаёмства". Чаму 1000 і 1? Таму што з часоў вікінгаў мы кантактуем.

У Швэцыі выйшла кніга пад трошкі дзіўнай назвай "Беларусь — 89 мілімэтраў ад Эўропы". 89 мілімэтраў — гэта розьніца паміж вузкай і шырокай чыгуначнымі каляінамі. Кніжка, дарэчы. напісана зь вялікай сымпатыяй да Беларусі".

(Скобла: ) "А што было вырашальным у справе гуртаваньня беларусістаў у 1991 годзе?"

(Мальдзіс: ) "Цікавасьць да Беларусі. Беларусісты — гэта пераважна не беларусы, гэта й японцы, і індусы, і чэхі, і палякі… Толькі ў адной Польшчы больш за 150 сяброў нашай асацыяцыі. І гэта ў большасьці не этнічныя беларусы зь Беласточчыны, а палякі, якія маюць вялікую цікавасьць да нашай культуры, гісторыі.

Ці возьмем адносна далёкую ад нас Вугоршчыну. Там звыш 30 беларусістаў. Штогод яны праводзяць некалькі навуковых канфэрэнцыяў, выдаюць матэрыялы. Выпусьцілі ў сьвет гісторыю Беларусі на вугорскай мове — не перакладную, а арыгінальную. Вугорскую асацыяцыю беларусістаў ачольвае доктар Андрыч Золтан, які піша працы па беларускім мовазнаўстве, літаратуры.

Ці зірнем у бок Злучаных Штатаў Амэрыкі. Цяпер Паўночна-Амэрыканскую асацыяцыю беларусістаў ачоліў мовазнавец Курт Вулдхайзэр. Калі ён гаворыць па-беларуску — без акцэнту — яго многія прымаюць за этнічнага беларуса.

Амэрыканскія беларусісты стварылі свой сайт у Інтэрнэце, рыхтуюцца выдаваць часопіс. Толькі ў ЗША налічваецца каля 60 беларусістаў".

(Скобла: ) "Слухаючы вас, пачынаеш больш аптымістычна глядзець на сьвет. Але вось летась у нашай перадачы браў удзел прафэсар зь Лёндану, дасьледнік беларускайй літаратуры Арнольд Макмілін. Ён паведаміў, што за апошнія пяць-шэсьць гадоў цікавасьць да Беларусі з боку эўрапейскіх навуковых установаў значна зьнізілася. Прафэсар яшчэ панаракаў, што каб не русістыка, дзе ён таксама адмысловец, то застаўся б фактычна бяз працы…"

(Мальдзіс: ) "Тут сытуацыя не адназначная. У некаторых краінах цікавасьць да нас сапраўды зьнізілася, а ў некаторых — наадварот, павысілася.

У той жа Нямеччыне напачатку было ўсяго 10 беларусістаў, цяпер іх 40. На жаль, у большасьці зь іх цікавасьць да Беларусі мае палітычны характар. Нямецкія беларусісты нас увесьчасна крытыкуюць, што мы не займаемся палітыкай. Але ж нашая апалітычнасьць вымагаецца статутам асацыяцыі.

У некаторых краінах, сапраўды, відавочныя адмоўныя тэндэнцыі. У Вялікабрытаніі ня толькі Макмілін, але й Джым Дынглі адышоў ад занятку беларусістыкай. Прафэсар Мэё даўно маўчыць, які склаў першы падручнік беларускай мовы для англамоўнага сьвету.

Значна ўзрасла цікавасьць да беларусістыкі ў Польшчы й Расеі. Беларускую мову пачалі вывучаць у Маскоўскім унівэрсытэце, ствараецца беларуская катэдра ў Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце".

(Скобла: ) "Цывілізаваны сьвет і Беларусь. За апошнія гады гэтыя два паняткі сталі набываць адрозны, ледзь не супрацьлеглы сэнс.

Усе мы памятаем абяцаньне кіраўніка нашай краіны ня весьці Беларусь за цывілізаваным сьветам. А на гэтым тыдні, выступаючы перад парлямэнцкай сэсіяй гэтак званага саюзу Беларусі й Расеі, Аляксандар Лукашэнка назваў "Украіну, Беларусь і краіны Балтыі тым бар'ерам, які павінен аддзяліць Расею ад цывілізаванага сьвету".

Як на маё разуменьне, на працягу шматвяковай беларускай гісторыі было ўсё якраз наадварот — Беларусь была злучвом паміж Захадам і Ўсходам. А сёньня мы — бар'ер. А як вы мяркуеце, спадар Адам?"

(Мальдзіс: ) "Хтосьці лічыць няшчасьцем тое, што Беларусь знаходзіцца на культурным памежжы Ўсходу і Захаду, на памежжы дзьвюх вялікіх макракультур — праваслаўна-бізантыйскай і каталіцка-раманскай. Але мне ўяўляецца, што гэта акурат шчасьце. Таму што дзякуючы нашаму месцазнаходжаньню адбываецца ўзбагачэньне й беларускай культуры.

Толькі на памежжы магла ўзьнікнуць такая зьява як Францыск Скарына. У ягонай спадчыне відавочныя й заходні, і ўсходні ўплывы. Толькі на памежжы культураў маглі зьявіцца драўляныя цэркаўкі на Палесьсі, славутыя нашы слуцкія паясы…

Беларусь расчыніла дзьверы ў Эўропу яшчэ ў пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага, нават яшчэ раней — у час, калі было прынятае ў нас хрысьціянства. Беларусь аказвае дабратворныя ўплывы й на Захад, і на Ўсход. Мы ёсьць не бар'ерам, а тым культурным памежжам, дзе адбываецца ўзаемаўзбагачэньне, дзе ўзьнікаюць адметныя сынтэтычныя зьявы".

(Скобла: ) "Я б хацеў пачуць ваша меркаваньне адносна падзеяў, якія ня маюць наўпроставага дачыненьня да Беларусі, але, як мне падаецца, маглі б мець месца і ў нашай краіне. Маю на ўвазе незабыўны візыт Папы Рымскага на Ўкраіну й актыўныя пратэсты з гэтай нагоды Расейскай праваслаўнай царквы.

Вы ў свой час сустракаліся з Папам у Ватыкане, самі паходзіце з Заходняй Беларусі, дзе шмат каталікоў. Навошта гэты канфлікт на Ўкраіне, які з кожным днём набывае ўсё большы маштаб?"

(Мальдзіс: ) "Суіснаваньне розных хрысьціянскіх канфэсіяў, узаемадапаўненьне, узаемаўзбагачэньне — гэта, паўтаруся, шчасьце Беларусі. Супрацьпастаўленьне вядзе да расколу ў грамадзтве.

Прыезд Папы ў Беларусь, напрыклад, у Будслаў, дзе знаходзіцца цудатворная ікона, зрабіў бы гонар Беларусі. Папа — ня толькі кіраўнік каталіцкага касьцёлу, але й кіраўнік дзяржавы, ён езьдзіць і павінен езьдзіць бесьперашкодна па ўсім сьвеце".

(Скобла: ) "У вашай кнізе "Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры XVIII стагодзьдзя" я вычытаў, што беларускі горад Шклоў у той час быў напоўнены шулерамі і ўсякага роду авантурнікамі. І калі расейскай імпэратрыцы Кацярыне ІІ трэба было адшукаць якога злачынцу, то яна звычайна загадвала паглядзець, ці няма яго ў Шклове.

Як вы лічыце, за прамінулыя два стагодзьдзі — ці зьвялася парода шклоўскіх авантурнікаў, ці іхных нашчадкаў яшчэ можна сустрэць?"

(Мальдзіс: ) "Авантурнікі жылі ня толькі ў Шклове, а ў любым значным горадзе й мястэчку, дзе былі мэцэнаты. Прыяжджалі ў горад мэцэнаты, займаліся дабрачыннай дзейнасьцю, будавалі тэатры, друкарні — а сьледам зьяўляліся людзі, далёкія ад культуры, зь нячыстымі думкамі. Гэтак Шклоў у свой час апанавалі фальшываманэтчыкі. На кожную зьяву трэба глядзець гістарычна, бачыць яе адмоўныя й станоўчыя бакі".
XS
SM
MD
LG