Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛАЦКІЯ ВЭТЭРАНЫ ПРЫМІРЫЛІСЯ З БЫЛЫМІ ВОРАГАМІ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Урачыстасьці адбыліся непадалёку ад вёскі Пашуціна Полацкага раёну, на месцы масавага пахаваньня афіцэраў і жаўнераў вэрмахту. Імёны 119 пахаваных сталіся вядомыя па знойдзеных імянных жэтонах.

Ідэя добраўпарадкаваньня вайсковых могілак нарадзілася даўно, аднак рэалізаваная была толькі цяпер, пасьля навязаньня сяброўскіх кантактаў паміж вэтэранамі вайны зь нямецкага места Фрыдрыхсгафэну ды беларускага Полацку. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя немцы прывозілі ў Полацак гуманітарную дапамогу, матэрыяльна падтрымлівалі нашых пэнсіянэраў, і ўрэшце полацкія вэтэраны, на знак прымірэньня з былымі ворагамі, далі дабро на адкрыцьцё першых на Полаччыне мэмарыяльных могілак нямецкіх жаўнераў.

Варта таксама адцеміць, што грошы на добраўпарадкаваньне выдаткаваў вядомы полацкі прадпрымальнік, кіраўнік мясцовай фірмы “Стралец” Уладзімер Захараў.

На ўрачыстасьць прыбыла дэлегацыя з Фрыдрыхсгафэну — 69 чалавек на чале з обэр-бургамістрам места Ёзэфам Бюхельмайерам, ну а адкрылі яе пробашч Полацкага касьцёлу сьв. Андрэя Баболі айцец Францішак Кісель ды пробашч з Фрыдрыхсгафэну айцец Гайнц Рындэнспахер, якія асьвяцілі могілкі ды ўсталяваны тут памятны, прывезены зь Нямеччыны крыж.

У сваім звароце да прысутных обэр-бургамістар спадар Бюхельмайер назваў адкрыцьцё могілак знакавай падзеяй у справе ўзаемапаразуменьня паміж немцамі й беларусамі, а таксама выказаў думку, што гэты сьціплы мэмарыял будзе зарукай таго, што тыя жахі, якія зьведалі людзі падчас мінулай вайны, больш ніколі не паўторацца.

На ўрачыстасьцях, апроч прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, прысутнічалі адказныя работнікі абласной ды гарадзкой “вэртыкалі”. Чакалася таксама прысутнасьць праваслаўнага сьвятарства, але яно ў апошні момант адмовілася ад удзелу ў акцыі прымірэньня між народамі.
XS
SM
MD
LG