Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАНКІ І АНАРХІСТЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ФАШЫЗМУ


Юрась Барысевіч, Менск

У бэрлінскім палацы мастацтваў “Тахелес” адчынілася найбуйнейшая за ўсе гады выстава беларускага мастацтва ў Заходняй Эўропе. Міністэрства культуры Беларусі ня мае да выставы ніякага дачыненьня, бо ўзяць удзел у ёй запрасілі аўтараў, якія працуюць пераважна ў нетрадыцыйных жанрах: інсталяцыі, пэрформансе, канцэптуальнай фатаграфіі. Сярод 30 удзельнікаў выставы толькі палова жыве ў Беларусі, астатнія прадстаўляюць беларускую дыяспару — сярод іх Мікалай Паўлоўскі з Парыжу, Валеры Мартынчык зь Лёндану, Лёнік Тарасэвіч зь Беласточчыны, Гуля Лузікава з Рыму і 10 беларускіх мастакоў зь Нямеччыны.

У музэі Якуба Коласа, што каля Акадэміі навук, праходзіць выстава хатніх рэчаў стогадовай даўніны з фондаў Музэю беларускага Палесься. Адзін з пакояў, дзе выстаўляюцца рыбацкія ды паляўнічыя прылады, мае назву “Палешукі вачыма Коласа”. У другім пакоі экспануецца мэбля з той самай кватэры ў Пінску, куды Якуб Колас хадзіў на рамантычныя спатканьні да будучай жонкі Марыі і дзе ў іх нарадзіўся сын Даніла, будучы дырэктар музэю свайго славутага бацькі.

Інстытут праблемаў культуры адзначыў сваё 10-годзьдзе прэзэнтацыяй інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня “Творчасьць”, прысьвечанага народным рамёствам, а таксама мультымэдыйнага выданьня “Культура Беларусі. Лепшыя старонкі”. Мультымэдыйны праект складаецца з сэрыі кампакт-дыскаў, над якімі працуюць мастацтвазнаўца Мая Яніцкая і творчая лябараторыя “Арт-Мультымэдыя” на чале з Аляксандрам Шыфрыным. Зьмест першага дыску складаюць тэмы “Абраз”, “Народныя строі”, “Дойлідзтва” і “100 рарытэтаў культуры”.

У менскім клюбе “Мэдыюм” прайшоў фэстываль рок-музыкі панкаў і анархістаў “Моладзь супраць расавых забабонаў”. Ранейшыя гады гэты фэст праходзіў пад назваю “Раздушым фашысцкага цмока!” Паводле арганізатараў імпрэзы, фашысцкі цмок у нашай краіне адчувае сябе цалкам камфортна, і прагрэсіўныя субкультуры моладзі павінны аб’яднацца дзеля змаганьня з панславянскім нацызмам.

Настаўнік зь вёскі Першамайская Бярозаўскага раёну Мікалай Сінкевіч заснаваў уласны гісторыка-краязнаўчы часопіс “Гістарычная брама”. Сярод матэрыялаў першага нумару, які выйшаў у горадзе Бярозе, — артыкулы пра філамацка-філарэцкі рух на Берасьцейшчыне, вызвольныя паўстаньні і нацыянальную ідэю. Дэвізам часопіса Сінкевіч абраў словы Джорджа Орўэла: “Чалавеку, які валодае мінуўшчынай, належыць і будучыня”.

Сэкцыя мастацкага праектаваньня Беларускага саюзу мастакоў наладзіла ў Палацы мастацтваў выставу “Ідэя і форма”. Сярод твораў вядомых дызайнэраў — праекты рэканструкцыі мэмарыяльнага комплексу “Хатынь” і Менскага епархіяльнага ўпраўленьня. Можна паглядзець таксама праекты музэю музычных інструмэнтаў, Баранавіцкага і Магілёўскага краязнаўчых музэяў, інтэр’еры дамоў-музэяў Міцкевіча ў Наваградку і Багушэвіча ў Кушлянах. Праект музэю Яна Баршчэўскага аздабляюць героі ягоных твораў — нячысьцікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG