Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЗБАВІЦЦА ГАЛАЎНОГА БОЛЮ Ў ХАТНІХ УМОВАХ?


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня мы працягваем тэму “галаўны боль”. У мінулае перадачы я разам з вамі адказваў на пытаньні тэcту амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage у cправе майго галаўнога болю. У выніку паводле маіх адказаў кампутар паставіў мне дыягназ: мой галаўны боль можна вылечыць хатнімі сродкамі. Лекар тут не патрэбны.

Перад тым, аднак, як расказваць пра парады, якія я атрымаў ад Realage, я зьвярнуўся да доктара Франкліна Апфэльда – чалавека, які больш за 15 год прапрацаваў сямейным лекарам у Вялікабрытаніі, а цяпер зьяўляецца адным з галоўных экспэртаў Усясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я.

Што ж трэба рабіць, каб процідзейнічаць болю? Ці адразу трэба карыстацца анальгэтыкамі і іншымі супрацьболевымі лекамі? Пад час нашай размовы па тэлефоне з Капэнгагенам высьветлілася, што галаўны боль і для доктара Апфэльда зусім не абстрактнае паняцьце. Вось што доктар Франклін Апфэльд расказвае пра свой спосаб змаганьня з галаўным болем.

(Апфэльд: ) “Сымптомы галаўнога болю – гэта пасланьне вам ад вашага арганізму аб тым, што трэба зьвярнуць увагу на некаторыя рэчы. Гэта адзін з мэханізмаў бясьпекі арганізму. Боль – мэханізм бясьпекі. Вы атрымліваеце папярэджаньне ад вашага цела, што нешта не ў парадку. І гэта раньняе папярэджаньне. Бальшыня маіх галаўных боляў зьвязаная з працоўнай актыўнасьцю. У мяне бываюць стрэсы. Я недастаткова сплю. Мае цягліцы ў напружаньні. Напружаньне распаўсюджваецца на шыйныя мышцы. Яны сьціскаюць шыйныя косьці, а тыя зашчамляюць нэрвы. Ад гэтага ў мяне зьяўляецца галаўны боль. Гэта для мяне знак, што трэба зьмяніць некаторыя рэчы. Трэба больш спаць, трэба зьмяніць пазыцыю сядзеньня ў працы. Менш трэба езьдзіць у нязручных самалётных крэслах. Я такім чынам слухаю свой галаўны боль.

Мой галаўны боль – гэта пераважна калі баліць задняя частка галавы, і мне цяжка павярнуць шыю. Звычайна – гэта вынік нязручнага сядзеньня, нязручнай падушкі, на якой я спаў. Я ведаю, што найлепшы лек супраць майго галаўнога болю – гэта стаць пад душ і дазволіць пад струменямі вады маім мышцам расслабіцца. Я раблю павароты шыяй пакуль не пачую, што боль адступіў. Калі гэта не дапамагае, я часам прымаю лёгкія супрацьболевыя лекі. Такія як асьпірын ці панадол. Але я ніколі не прымаю генэтычныя лекі. Звычайна я абмяжоўваюся гэтымі сродкамі”.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage распрацавала, як вы ведаеце, свой спэцыяльны тэст высьвятленьня прычынаў галаўнога болю. У мінулай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” я адказваў на ягоныя пытаньні разам з вамі, паважаныя радыёслухачы. Для таго, хто хацеў бы паспрабаваць сам з дапамогай Realage высьветліць прычыны свайго галаўнога болю, падаем інтэрнэтаўскі адрас гэтага тэсту: www.excedrin.com

Зараз жа паводле рэкамэндацыяў Realage я нагадаю вам тыя сымптомы галаўнога болю, якія абумоўліваюць неабходнасьць зьвяртаньня да лекара.

Гэта калі галаўны боль суправаджаецца:

- спазмамі шыі;
- высокай тэмпературай;
- часовым затрыманьнем нармальнага тэмпу дыханьня;
- нечаканымі нэгатыўнымі сымптомамі, якія дзейнічаюць на вочы, слых, носавую поласьць і горла;
- моцнымі дрыжыкамі ;
- сталымі ванітамі.

Калі ж падобных сымптомаў няма, перамагчы галаўны боль можна бязь лекара. Realage прапануе 7 наступных парадаў: як пазбавіцца ад болю галавы ў хатніх умовах:

1. Пачніце весьці дзёньнік галаўнога болю. У ім трэба дакладна запісваць: калі пачаўся і калі скончыўся боль, чым вы харчаваліся, што адбывалася напярэдадні, якая частка галавы балела, ці прыймалі вы лекі перад болем, як вы спалі і іншыя фактары, пазначце прычыны болю. Аналіз запісаў дзёньніка можа дапамагчы вам эфэктыўна пазбавіцца ад болю.

2. Пазьбягайце страваў, якія могуць выклікаць галаўны боль. Гэта: алькагольныя вырабы, шакалад, сыр, арэхі, бананы, сьвежасьпечаны хлеб, кава, гарбата і кока-кола.

3. Пачніце здаровы стыль харчаваньня. Сачыце за колькасьцю вітамінаў і мінэральных соляў і іншых неабходных элемэнтаў штодзённага харчаваньня. Харчуйцеся своечасова. Калі ў вас не хапае часу на абед, паспрабуйце перакусіць садавінай альбо нават шклянкай вады.

4. Пазьбягайце стрэсу на працы і дома. Усе справы плянуйце загадзя. Практыкуйце мэдытацыю, каб пазьбегнуць адмоўнага ўплыву стрэсу. Расслабляйце ўсе вашыя цягліцы, сачыце за тым, каб дыхаць на поўныя грудзі.

5. Адыходзьце да сну заўсёды рэгулярна ў адну і тую ж гадзіну. Скарыстайце будзільнік дзеля таго, каб ён нагадваў вам, калі класьціся спаць.

6. Пачніце рэгулярныя заняткі спортам. Вынікі навуковых даследваньняў сьведчаць аб тым, што аэробіка – адзін з самых эфэктыўных сродкаў супроць галаўнога болю.

7. Калі вы прымаеце анальгэтыкі ці антыбіётыкі, ніколі не перавышайце рэкамэндаваную дозу. Празьмерны прыём лекаў можа зрабіць галаўны боль хранічным.

Кожны галаўны боль мае сваю канкрэтную прычыну. Калі яе не высьветліць, не лячыць, ён можа ператварыць вашае штодзённае жыцьцё ў пакуты і такім чынам павялічыць ваш рэальны біялягічны ўзрост адразу на 8 гадоў.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і

1. Усясьветна вядомы паўднёва-афрыканскі хірург
Крысьціян Бэрнард, які выканаў першую ў сьвеце
перасадку сэрца, заявіў, што вельмі важным для
нармальнага функцыянаваньня сардэчна-сасудавай
сыстэмы зьяўляецца здаровы сэкс. Бэрнарду нядаўна споўнілася 79 гадоў. Ён цяпер працуе над кнігай “50 спосабаў захаваць здаровае сэрца”, у якой ён і зьбіраецца расказаць пра ролю сэкса ва ўмацаваньні здароў’я. Бэрнард лічыць, што рамантычныя адносіны могуць быць
найлепшай асновай здаровага сэксу, які можа дапамагчы захаваць здаровымі сасуды і сэрца. Здаровы рэгулярны сэкс можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

2. Самым эфэктыўным натуральным сродкам прафіляктыкі ракавых захворваньняў, як сьцвярджаюць экспэрты Realage, зьяўляецца часнык. Уключайце як мінімум 3 разы на тыдзень яго ў склад вашага штодзённага мэню. Часнык, як высьветлілі навукоўцы, мае ўнікальныя здольнасьці процідзеяць росту ракавых клетак у страўніку і іншых частках цела. Часнык таксама актывізуе імунную сыстэму такім чынам, што яна лепш змагаецца з інфэкцыямі.

3. Стрымліваньне пачуцьцяў, асабліва абурэньня, можа прывесьці ня толькі да нэгатыўнага эмацыйнага ўплыву на стан вашага здароў’я. Экспэрты Realage папярэджваюць: асобы, якія хаваюць у сабе свой гнеў, абурэньне, маюць у чатыры разы большую верагоднасьць мець падвышаны ўзровень халестэрыну ў крыві, чымся людзі, якія не стрымліваюць пачуцьцяў. Замкнёныя ў сваіх думках і пакутах людзі маюць таксама большую схільнасьць да залішняй вагі цела. А ўсё гэта разам спрыяе ўзнікненьню сардэчна-сасудавых захворваньняў. Realage прыгадвае, што калі вы стала будзеце клапаціцца пра добры стан вашага псыхічнага здароў’я, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа быць на 16 гадоў маладзейшы.

4. Пачуцьцё яднаньня чалавека з жывой прыродай, сьцьвярджаюць экспэрты Realage, можа быць моцным фактарам амаладжэньня. Кожная гадзіна, якую вы правялі ў лесе, на шпацыры ў гарах, працуючы ў садзе, ці агародзе, робіць ваш рэальны біялягічны ўзрост маладзейшым. Асабліва важнымі зьяўляюцца кантакты з жывёламі: катамі, сабакамі, конямі і інш. Таму Realage рэкамэндуе: кожную свабодную хвіліну намагайцеся выкарыстоўваць дзеля кантактаў з жывой прыродай. Рэгулярны здаровы адпачынак можа зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 5 год.

5. Кубак зялёнай гарбаты пасьля ежы можа дапамагчы вам пазьбегнуць зубнога карыесу. Высьвятляецца, аднак, што піць зялёны чай даволі карысна і перад ежай. Зялёны чай дапамагае спраўнаму страваваньню. Арганізм у такім выпадку спажывае на 4% больш калёрыяў у параўнаньні з тымі, хто зялёнай гарбаты ня піў. Вучоныя лічаць, што поліфэноіды, якія уваходзяць у склад зялёнага чайнага ліста, спрыяюць паскарэньню працэсаў тэрмагенэтыкі. Арганізм спальвяе ў гэтым выпадку ўласны тлушч.
XS
SM
MD
LG