Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА САПРАЎДНЫЯ ПРЫЧЫНЫ ПРОЦІСТАЯНЬНЯ МАСКВЫ І ВАТЫКАНА НА ЎКРАІНЕ


Сяргей Абламейка, Прага

Роўна два тыдні засталося да пачатку візыта папы Яна Паўла ІІ на Ўкраіну. На сёньняшні дзень вакол гэтага візыту склалася даволі напружаная сытуацыя. Глоўным праціўнікам прыезду папы на Ўкраіну зьяўляецца Руская Праваслаўная Царква. Асноўная прычына гэтага – непрыняцьце гэтай царквой факту перадачы у пачатку 90-х гадоў большасьці былых уніяцкіх цэркваў Галіччыны іх былым законным уладальнікам – украінскім грэка-католікам. У працягу некалькіх апошніх месяцаў герархія РПЦ рабіла заявы, у якіх заклікала Яна Паўла ІІ адкласьці свой візыт на Ўкраіну да вырашэньня ўсіх маёмасных спрэчак у Галіччыне. Асабліва супрацьстаяньне абвастрылася за апошні месяц. 12 траўня ў Маскве нават адбылася дэманстрацыя, у якой бралі ўдзел каля 1000 чалавек, у тым ліку віцэ-сьпікэр Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі са сваімі прыхільнікамі. 17 траўня і 7 чэрвеня ў Кіеве адбыліся антыпапскія хросныя ходы, прычым калі ў першым брала ўдзел усяго каля 400 чалавек, дык у другім, паводле інфармацыі Ўкраінскае службы Радыё Свабода, ужо ад 4 да 5 тысяч чалавек.

Кіраўніцтва РПЦ ужо заявіла, што ніводзін прадстаўнік гэтай царквы, (ні вернік, ні клірык, ні герарх) не сустрэнецца з папам. Гэтым самым падведзеная рыса – Маскоўскі патрыярхат зрабіў свой выбар.

Праблема, аднак, палягае ў тым, што маёмасныя супярэчнасьці ў Галіччыне – не адзіная і, выглядае, не галоўная прычына процістаяньня Рускай Праваслаўнай Царквы Ватыкану на Ўкраіне. Справа яшчэ і ў тым, што ўкраінскае Праваслаўе сёньня падзеленае на тры галіны. Апрача структураў Маскоўскага патрыярхату ў краіне сёньня дзейнічае Ўкраінская Праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Адносіны паміж гэтымі цэрквамі даволі напружаныя, яны па-рознаму ставяцца да прыезду папы на Ўкраіну.

Аднак перш чым мы пагаворым сёньня пра іншыя прычыны рэзка адмоўнай пазыцыі РПЦ што да візыту папы на Ўкраіну, трэба даць слова сёньняшняму госьцю Сымбаля Веры, акадэміку Ўкраінскай Акадэміі Навук Дмытру Стэповіку, аднаму з самых вядомых сёньня ўкраінскіх навукоўцаў. Да таго ж ён яшчэ і займае пасаду прафэсара Кіеўскай Духоўнай Акадэміі ЎПЦ Кіеўскага патрыярхату. Пазыцыя РПЦ сёньня ў сьвеце, і ў Беларусі ў тым ліку, добра вядомая. Пазыцыя ўкраінскіх католікаў – таксама, яна простая – папа едзе да іх як да сваіх авечак. А вось пазыцыі дзьвюх іншых галінаў украінскага Праваслаўя ў Беларусі вядомыя менш. Таму я і зьвяртаюся да акадэміка Стэповіка як да прадстаўніка адной з гэтых галінаў – УПЦ Кіеўскага патрыярхату. І яшчэ перад тым, як даць слова акадэміку, скажу, што сёньня пазыцыі УПЦ КП і УАПЦ што да візыту папы ва Ўкраіну супадаюць.

(Абламейка: ) “Найперш, прафэсар Стэповік, я папрасіў бы Вас прадставіць афіцыйную пазыцыю ЎПЦ КП што да візыту Папы Рымскага Яна Паўла ІІ ва Ўкраіну.

(Стэповік: ) “Мая асабістая пазыцыя і пазыцыя царквы, празь якую я кантактую з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, гэта значыць з Украінскай Праваслаўнай Царквой Кіеўскага Патрыярхату, цалкам супадаюць. Мы ўсе, ўся нашая грамада, а гэта каля 12 мільёнаў праваслаўных украінцаў, што ходзяць да парафіяў нашае царквы, вітаем візыт Сьвятога Айца ва Ўкраіну. Вітаем таму, што гэта гістарычная падзея, якой ніколі раней не было – папа ніколі не наведваў Украіну за ўсю дзьвюхтысячагадовую гісторыю папства і за 1000-гадовую гісторыю хрысьціянскай Украіны.

Па-першае, мы вітаем выдатнага рэлігійнага дзеяча, філёзафа, гуманіста, чалавека шырокіх поглядаў, чалавека харызматычнае папулярнасьці ва ўсім сьвеце – ніводзін прэзыдэнт, ніводзін прэм’ер-міністар і міністар ня могуць параўнацца зь ім у папулярнасьці. Мы вітаем таксама старца-малельніка за цэлы людзкі род. Гэта я выклаў зараз нашае пэрсанальнае стаўленьне да асобы Яна Паўла ІІ.

Мы таксама шануем яго як чалавека, які на палову ўкраінец. Яго маці Эмілія Качуроўская, як вядома, сама прызнавалася, і пра гэта гаварыў Ян Павал ІІ, што яна была русынкай з Падлясься, гэта значыць украінкай”.

(Абламейка: ) “А як на Вашую думку, ці не прынясе візыт Папы Рымскага ва Ўкраіну далейшага паглыбленьня супярэчнасьцяў паміж трыма галінамі ўкраінскага праваслаўя, а таксама паміж праваслаўнымі і католікамі?”

(Стэповік: ) “Я думаю, што ў тую трывожную сытуацыю, якая сёньня ёсьць ва ўкраінскім Праваслаўі – што яно расколатае на тры вялікія часткі, на тры царквы (а ёсьць яшчэ і іншыя, дробныя цэрквы), папа сваёй міратворчай місіяй, адпраўленьнем Боскіх Літургіяў у Кіеве і Львове ўнясе лад, мір і ўзаемаразуменьне, па-першае, паміж праваслаўнымі, па-другое, паміж праваслаўнымі і католікамі – як католікамі лацінскага абраду, так і католікамі ўсходняга бізантыйскага абраду, так званымі грэка-католікамі. Мы тут, на Ўкраіне, ужо падрыхтавалі гэты грунт. Бо сёньня мы ўжо жывем мірна, сёньня ў нас няма ўжо процістаяньня на глебе падзелу асобных памяшканьняў цэркваў – сёньня ўсё гэта ўжо ў мінулым. Якраз сёньня – найбольш прыдатны момант для візыту Сьвятога Айца ва Ўкраіну. Лепшага знайсьці нельга.

Ня кажучы ўжо пра тое, што ва Ўкраіне сёньня каля 7 мільёнаў вернікаў-католікаў, якія зьяўляюцца яшчэ і грамадзянамі Ўкраіны.

Таму можна сказаць, што папа Рымскі едзе да нас у патройнай ролі. Як пастыр да сваіх авечак-католікаў, як чалавек міру і ласкі – гэта для ўсёй Украіны, і як дзяржаўны дзяяч, які ачольвае невялікую, але магутную ў духоўных адносінах дзяржаву Ватыкан.

Таму наш першагерарх, патрыярх Філарэт, адразу, як толькі было абвешчана, што Папа Рымскі прыяжджае ва Ўкраіну, не раздумваючы ў сродках масавай інфармацыі сказаў, што ён вітае гэты візыт незалежна ад таго, ці захоча Сьвяты Айцец Ян Павал ІІ зь ім асабіста сустрэцца. Наш патрыярх вітае візыт, бо гэта добра для Ўкраіны, гэта добра для ўсіх людзей, якія вераць у Бога”.

(Абламейка: ) “А як Вам з Кіева бачыцца пазыцыя Маскоўскага патрыярхату і той часткі Праваслаўнай Царквы на Ўкраіне, якая Маскве падпарадкоўваецца?”

(Стэповік: ) “Я шмат думаў пра іх пазыцыю і чуў іх, можна сказаць, шалёную прапаганду супраць візыту папы. Мы лічым, што Маскоўскі патрыярхат умешваецца ва ўнутраныя ня толькі царкоўныя, але і палітычныя справы Ўкраіны. Яны кажуць, каб папа не прыяжджаў, бо гэта іх кананічная тэрыторыя. Але гэта нонсэнс, зь якім у нас нават простыя людзі, якія не знаёмыя з тонкасьцямі кананічнага права, не пагаджаюцца і разумеюць, што гэта чыстая палітыка, выкананьне нейчай замовы, каб прынізіць прэстыж Украіны і ўкраінскіх хрысьціянаў, да якой бы дэнамінацыі яны не належалі. Пазыцыя Маскоўскага патрыярхату – гэта звычайная спроба працягу духоўнага і культурнага панаваньня над Украінай. Але гэтага ўжо ня будзе, цягнік пайшоў, мінулага не вярнуць, мы глядзім у Эўропу і ўважаем, што, як і іншыя славянскія народы, ня будзем ствараць кола панславізму вакол Масквы”.

(Абламейка: ) “Яшчэ ў мяне да Вас, прафэсар Стэповік, такое пытаньне. А як жа ставіцца да візыту папы ЎАПЦ, якая таксама мае ва Ўкраіне мільёны вернікаў?

(Стэповік: ) “Аўтакефальная царква пасьля таго, як патрыярх Філарэт выразна заявіў, што ён вітае гэты візыт, што ён ня супраць гэтага візыту, нейкі час устрымлівалася, не казала ні за, ні супраць. Але калі ў сувязі з падрыхтоўкай стадыёну “Чайка” і іншых месцаў для набажэнсваў у Кіеве і Львове стала відавочна, што візыт рэальна адбудзецца, дык Аўтакефальная Царква далучылася да нас і займае сёньня такую ж пазыцыю, як і Ўкраінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату”.

(Абламейка: ) “І на заканчэньне нашай гутаркі, я папрасіў бы Вас, пан прафэсар, даць прагноз – якія ж будуць вынікі візыту папы ва Ўкраіну, што гэты візыт прынясе Праваслаўнай Царкве Ўкраіны і адносінам трох яе галінаў?

(Стэповік: ) “Мы ведаем, па-першае, гэтага візыта і яго вынікаў вельмі чакае Ўсяленскі Канстантынопальскі патрыярх Барталамей – гэта для яго будзе сьведчаньне, як Украіна сустракае людзей такога ўзроўню, як папа, і як ён, патрыярх Барталамей – яны больш-менш займаюць аднолькавую пазыцыю як каардынатары сусьветнага хрысьціянскага жыцьця. Такім чынам мы пасьля папы чакаем вельмі важнага для нас візыту Канстантынопальскага патрыярха Барталамея, які выразна заявіў пра тое, што ён хоча бачыць ва Ўкраіне памесную незалежную аўтакефальную царкву. І нават калі Маскоўскі патрыярхат не пагодзіцца са сваёй часткай царквы на аб’яднаньне з Аўтакефальнай царквой і Кіеўскім патрыярхатам, дык Барталамей дасьць “томас” і вызнае як аўтакефальную для кананічнай сувязі з праваслаўным сьветам дзьве нашыя царквы – Кіеўскі патрыярхат і Аўтакефальную царкву. А Маскоўскі патрыярхат, калі ён будзе прадстаўлены на Ўкраіне цяперашняй царквой, стане эгзархатам Рускай Праваслаўнай царквы на Ўкраіне. Мы з гэты згодныя.

Калі папа прыедзе, ён сустрэнецца з прадстаўнікамі ўсіх галінаў Праваслаўя, а таксама з грэка- і рыма-католікамі. Гэтая сустрэча заплянаваная, і яна абавязкова адбудзецца, бо яна ёсьць у праграме візыту. Я думаю, што ўжо тады яго прысутнасьць сярод нас унясе элемэнт міру, а ня тога разброду, які існаваў ад часу абвешчаньня незалежнасьці Ўкраіны”.

Дзякуй шаноўны пан Дмытро.

Такім чынам, акадэмік Стэповік прадставіў малавядомую нашым беларускім слухачам пазыцыю іншых галінаў украінскага Праваслаўя. Беларусь, якая сёньня пераважна знаходзіцца ў полі ўплыву расейскіх мас-мэдыяў, мае патрэбу якраз у такой інфармацыі.

У расповядзе акадэміка Стэповіка я б яшчэ прыцягнуў увагу слухачоў да яго інфармацыі пра папярэднія нарады ўсіх галінаў украінскага праваслаўя, у выніку якіх, як ён сказаў, Маскоўскі патрыярхат згодны застацца існаваць на Ўкраіне ў выглядзе эгзархуту РПЦ, калі Канстантынопальскі патрыярх Барталамей абвесьціць аўтакефалію Украіны. Зьдзіўляе таксама абсалютна прыхільная і талерантная пазыцыя ўкраінскіх незалежных і аўтакефальных праваслаўных да каталіцкага першагерарха і іх вялікія надзеі на яго візыт. Сапраўды, ад тога візыту сапраўды шмат што залежыць у іх становішчы. Папа можа сустрэцца з Кіеўскім патрыярхам Філарэтам, які выў выкляты Маскоўскім патрыярхатам (“аддадзены анафэме”), і з патрыярхам Аўтакефальнай царквы – гэта будзе рэальны крок да іх прызнаньня сусьветнай хрысьціянскай супольнасьцю.

Ну і вяртаючыся да сапраўдных прычынаў процістаяньня Масквы і Ватыкану на Ўкраіне, трэба яшчэ сказаць вось што. Суадносіны паміж трыма галінамі ўкраінскага праваслаўя дапамагаюць зразумець наступныя лічбы, прыведзеныя 26 траўня газэтай Washington Post. Маскоўскі патрыярхат мае на Ўкраіне 9 тысяч парафіяў, Кіеўскі патрыярхат – 3 тысячы і Аўтакефальная царква – больш за 1000. Як відаць з гэтых лічбаў – немаскоўскія праваслаўныя групы – гэта не маргіналы, а многія мільёны вернікаў. Напрыклад, сама УПЦ КП ацэньвае колькасьць сваіх вернікаў у 12 мільёнаў чалавек. У Маскве сур’ёзна ўважаюць, што візыт папы на Ўкраіну і наступны візыт туды Канстантынопальскага патрыярха Барталамея могуць сур’ёзна зьмяніць суадносіны сілаў на Ўкраіне і прывесьці да стварэньня моцнай кананічна прызнанай у сьвеце Украінскай Памеснай Аўтакефальнай царквы. Гэта пагроза значна большая, чым спрэчкі вакол некалькіх дзясяткаў цэркваў у Галіччыне.

На Ўкраіне сёньня, паводле некаторых ацэнак, знаходзіцца палова парафіяў РПЦ, і створаная з дапамогай патрыярха Барталамея кананічная аўтакефалія можа стацца вельмі прыцягальнаю для вернікаў і сьвятароў, многія зь якіх сёньня трымаюцца Маскоўскага патрыярхату толькі дзеля таго, што гэта – кананічная царква. Зьяўленьня на Ўкраіне іншай КАНАНІЧНАЙ царквы якраз больш за ўсё ня хоча Масква.
XS
SM
MD
LG