Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЧУБАЙС У МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ўдзельнікі менскай сустрэчы энэргетыкаў СНД сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Камэнтуючы нашаму радыё вынікі гэтай сустрэчы, Анатоль Чубайс зазначыў:

(Чубайс: ) "Мы не абмяркоўвалі нейкіх агульнапалітычных праблемаў, наогул палітычныя праблемы — абмяркоўвалі толькі пытаньні электраэнэргетыкі і супрацоўніцтва ў гэтай сфэры. Гаворка ішла пра супрацоўніцтва з электраэнэргетыкай Беларусі і СНД у цэлым.

Мы казалі пра ўзаемадзеяньне зь "Белэнерга", а Аляксандар Рыгоравіч, у прыватнасьці, зазначыў , што у яго ёсьць запазычанасьць перад энэргетыкамі ня толькі матэрыяльная, а й маральная. Былі актыўныя выступы прадстаўнікоў розных кампаніяў, якія б хацелі супрацоўнічаць зь Беларусьсю. З боку Лукашэнкі прагучала, што ён асабіста зьяўляецца гарантам выкананьня ўсіх абавязацельстваў у бізнэсе".

Паводле словаў Анатоля Чубайса, у Менск электраэнэргетыкі СНД зьехаліся з прычыны 70-гадовага юбілею беларускай энэргетычнай сыстэмы. Маскоўскі алігарх назваў ейных кіраўнікоў прафэсійнай камандай, якая працуе ў складаных умовах.

Складанасьці ў тым, што Беларусь мусіць ліквідаваць фінансавую запазычанасьць перад Расеяй. І хаця гэтая запазычанасьць скарачаецца, беларускі доўг зараз па-ранейшаму вялізны — каля 22 мільёнаў даляраў.

Каб ліквідаваць доўг, партнэры распрацавалі некалькі супольных энэргапраектаў. Найперш, паводле словаў Чубайса, гэта праекты, зьвязаныя з экспартам расейскай электрычнасьці на Захад. Гэты экспарт ажыцьцяўляецца празь беларускую тэрыторыю.

Разам з тым, пэрспэктыву беларуска-расейскага супрацоўніцтва Чубайс зьвязвае з інвэстыцыямі ў гэтую сфэру. Зараз, аднак, інвэстыцыйнае супрацоўніцтва Масквы й Менску ня складваецца. Цяпер Расеі самой патрэбныя вялізныя грошы на тэхнічнае пераабсталяваньне энэргетычнай сыстэмы.

Як засьведчылі зімовыя падзеі ў Прымор'і, Масква мае інвэстыцыйную патрэбу ў дзясятках мільярдаў даляраў. Гэтак жа востра праблема тычыцца і Беларусі.

Паводле словаў прэзыдэнта канцэрну "Белэнэрга", Яўгена Мішука, наступныя 15 гадоў на абнаўленьне галіны трэба 5 мільярдаў даляраў. Але дзе іх узяць, беларускія энэргетыкі ня ведаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG