Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮГАСЛАВІЯ ПАСЬЛЯ МІЛОШАВІЧА


Юры Дракахруст, Бялград

Беларускую мову ў Югаславіі, на жаль, не разумеюць, і што таксама цікава, даволі мала людзей, якія разумеюць расейскую мову. Іх значна менш, чым у іншых посткамуністычных краінах Эўропы. Гэта спадчына часоў праўленьня маршала Ціта, калі цікаўнасьць да СССР, мякка кажучы, не віталася. Праўда у апошнія гады Слабадан Мілошавіч, ізаляваўшы сваю краіну ад Эўропы, ад сьвету, спрабаваў разыгрываць панславісцкую карту. Падчас натаўскіх бамбаваньняў вяліся размовы аб далучэньні Югаславіі да беларуска-расейскага саюзу. А як цяпер, пры новай уладзе, югаславы ставяцца да сваіх беларускіх і расейскіх славянскіх братоў. Гаворыць сацыёляг Ліліяна Бачывіч.

(Бачывіч: ) “Што тычыцца далучэньня Югаславіі да саюзу Беларусі і Расеі, гэтая ідэя ніколі не была папулярнай. Нават у самы жахлівы пэрыяд ізаляцыі яе падтрымлівалі каля 15-20 адсоткаў насельніцтва. Нават тады куды больш папулярным было імкненьне у Эўропу, у сьвет. Людзі маюць сантымэнт да Расеі, да самай буйной славянскай дзяржавы сьвету. Але гэта адно. А іншае – канкрэтная дзяржаўная палітыка, інтарэсы Югаславіі. Яны ў Югаславві, як і ва ўсёй Усходняй Эўропы, – на Захадзе”.

Аляксандар Лукашэнка быў ці не адзіным кіраўніком замежнай дзяржавы, які падчас натаўскіх бамбаваньняў прыляцеў у Бялград. Магчыма, гэты жэст захаваўся ў памяці югаславаў як сымбаль славянскай узаемадапамогі і братэрства. Гаворыць адмысловец у міжнародных адносінах Еліца Кур’як.

(Кур’як: ) “У той час гэта ўсё было на карысць тагачаснага рэжыму Мілошавіча. І ў Лукашэнкі былі, зразумела, свае матывы. Ідэя саюзу Беларусі, Расеі і Югаславіі-Сэрбіі – гэта была кан’юнктурная ідэя. Яна была патрэбная ў першую чаргу рэжыму Мілошавіча. Ёй, зразумела, карыстаўся і Лукашэнка ва ўнутраным і міжнародным пляне. Свае матывы былі і ў Расеі. Расея заўсёды ў такія часы ў адносінах да Югаславіі-Сэрбіі мае дзіўныя і нерэальныя ідэі”.

Мілошавіч зараз у Югаславіі асоба надзвычай непапулярная. Спрэчкі вядуцца вакол таго, ці выдаваць яго Міжнароднаму трыбуналу, але тое, што ён злачынец, асаблівых супярэчнасьцяў у югаслаўскім грамадзтве не выклікае. Паводле апытаньняў, 70 адсоткаў грамадзянаў лічаць, што яго трэба судзіць за карупцыю і злоўжываньне ўладай, больш за палову апытаных лічаць, што ён вінаваты і ў ваенных злачынствах. У гэтым сьвятле мінулая падтрымка Мілошавіча з боку Лукашэнкі кідае цень і на беларускага лідэра. Хаця, як казалі мне бялградзкія суразмоўцы, югаслаўскія мэдыі амаль не прыгадваюць Беларусь. Яны казалі, разумееце, мы маленькі народ, але мы – мегаламаны, мы думаем глябальна: Бэрлін-Вашынгтон-Масква, ну а Менск…ведаеце, у нас добрыя да вас пачуцьці.

Дарэчы, ад Вашынгтону і Бэрліну югаславы два гады таму моцна пацярпелі, але цяперашні курс ня толькі ўлады, але і грамадзтва – на Захад.

Як спалучаецца гэты курс з крыўдаю, якая засталася? Чаму спробы Мілошавіча скарыстаць гэты сапраўдны боль ад бамбаваньняў сталіся марнымі. Такое пытаньне я задаў прафэсару псыхалёгіі Бялградзкага ўнівэрсытэту Жарку Трыб’ішаніну.

(Трыб’ішанін: ) “Улада ня здолела адштурхнуць народ ад Захаду. Людзі не даравалі бамбаваньня. Тое, што зрабілі Клінтан і Блэр, – гэта злачынства. Але гэтыя злачынцы недасягальныя. І народ вырашыў, што трэба нешта рабіць са сваімі кіраўнікамі, якія саімі паводзінамі выклікалі гэтыя злачынства. Давайце скінем гэты рэжым, каб адносіны з Захадам былі іншымі”.

Так апісвае гэты псыхалягічны мэханізм прафэсар псыхалёгі Жарко Трыб’ішанін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG