Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЛАДЫ ФРОНТ ПАЧАЎ АКЦЫЮ “НІ ДНЯ БЯЗЬ СЬЦЯГА”


Любоў Лунёва, Менск

Актывісты Маладога Фронту будуць вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі на галоўных будынках Менску і ў рэгіёнах Беларусі. Першы сьцяг зьявіўся сёньня насупраць чыгуначнага вакзалу, на гадзіньнікавай вежы — так званай браме беларускай сталіцы.

Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Мы ўзялі сабе за мэту правесьці акцыю "Ні дня без сьцяга". Кожны дзень, які нас набліжае да даты выбараў, будзе вывешвацца сьцяг на знакавых будынках — у Менску і ў іншых гарадах таксама. Гэтым мы нагадваем, што прыйшоў час зьмяняць рэжым. Мы спадзяемся, што гэта будзе спрыяць аптымістычнаму настрою, асабліва ў моладзі.

Мяркую, што сёньняшні сьцяг стаў сюрпрызам для нашых шаноўных міліцыянтаў. Рэч у тым, што вісеў ён даволі доўга. Толькі пад абед яго здолелі зьняць. Хай працуюць, хай менш ходзяць па мітынгах, а лепш займаюцца спартовай працай. Я думаю, ім будзе гэта карысна".

Тымчасам праваахоўчыя органы працягваюць перасьлед маладафронтаўцаў. За ўдзел у акцыі "Апошні паход на Бангалёр" Дзяніс Мархаток паводле рашэньня камісіі ў справах непаўнагадовых павінен заплаціць штраф — 1 мінімальны заробак. Акрамя таго, адміністрацыя 86-й школы Менску папярэдзіла дзесяціклясьніка, што яму пагражае выключэньне са школы. Дзянісу Мархатку патлумачылі, што ў яго ня тая прапіска.

(Мархаток: ) "Пасьля таго, як адміністрацыя школы даведалася, што я ў Маладым Фронце і прымаю актыўны ўдзел у акцыях, адміністрацыя школы праз кляснага кіраўніка паведаміла, што, паколькі прапіска ў мяне ня менская, мне трэба рыхтавацца да выключэньня са школы. Мне намякнулі, што ў іх ёсьць свае дзеці, зь якімі яны таксама не спраўляюцца, а такіх праблем, як са мной, ім ня трэба".

У панядзелак адміністрацыя будзе разглядаць рашэньне аб выключэньні яго са школы.
XS
SM
MD
LG