Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ ПРА СВОЙ УДЗЕЛ У ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня Аляксандар Лукашэнка прадставіў на зацьверджаньне Савету Рэспублікі генэральнага пракурора Віктара Шэймана, які працуе на гэтай пасадзе яшчэ зь лістапада мінулага году. Лукашэнка прызнаўся, што ў краіне існуе сур'ёзная карупцыя.

(Лукашэнка: ) "У гэты скандал, у гэтае пакрывальніцтва й кругавую паруку былі ўцягнутыя і пракуроры, у тым ліку і генэральны", — сказаў Лукашэнка пра матывы зьмены кіраўніка пракуратуры.

Яшчэ адзін матыў — перадвыбарчая кампанія, паколькі, паводле словаў Лукашэнкі, вакол генпракурора і старшыні Вярхоўнага суду пачынаецца "нагнятаньне абстаноўкі":

(Лукашэнка: ) "Але майце на ўвазе, што сёньня ня толькі вакол генэральнага пракурора апазыцыя ды іншыя нагнятаюць абстаноўку, але ўжо і вакол судзьдзяў. Яны ж цудоўна разумеюць, што гэтыя людзі ў прэзыдэнцкай кампаніі у выпадку там… А такіх выпадкаў будзе многа.

Многія палезуць туды са скаргамі: і да генэральнага пракурора, і ў суды. Трэба ўстанавіць жортскі прэсінг на іх і стварыць адпаведнцую дзікую абстаноўку вакол іх. Але мне здаецца, што і Валянцін Алегавіч Сукала (старшыня Вярхоўнага суда), і Віктар Уладзімеравіч Шэйман (генпракурор) — гэта людзі, якія прэсінгу не баяцца. Не на тых нарваліся".

У сувязі з гэтым Аляксандар Лукашэнка загадаў генпракурору, старшыні ЦВК, кіраўніку Вярхоўнага суду выпрацаваць агульную праграму дзеяньняў:

(Лукашэнка: ) "Я б вельмі хацеў, каб тры чалавекі: Лідзія Міхайлаўна Ярмошына, Валянцін Алегавіч Сукала — старшыня Вярхоўнага суда, Віктар Уладзімеравіч Шэйман — генэральны пракурор, утрох сабраліся і вызначылі такую схему дзеяньняў, такую праграму паводзінаў у прэзыдэнцкіх выбарах, каб не было ніякіх падазрэньняў, што там нехта недзе парушаў выбарчае заканадаўства".

Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць удзелам кіраўніка групы АБСЭ Ганса-Георга Віка ва ўчорашняй перадачы Аляксандра Любімава на расейскім тэлеканале ОРТ:

(Лукашэнка: ) "Не пасьпелі прызначыць прэзыдэнцкія выбары, як пайшлі гэтыя паскудзтвы і правакацыі".

Потым А.Лукашэнка згадзіўся пагаварыць з сэнатарамі больш шчыра, але на закрытым паседжаньні і без стэнаграмы. Пасьля нарады намесьнік кіраўніка Савету Рэспублікі Мікалай Аўласевіч паведаміў, што ішла размова і пра сытуацыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў:

(Аўласевіч: ) "Тую стабільнасьць, якая ёсьць у рэспубліцы, трэба захаваць і ня даць магчымасьці нейкім сілам унесьці раскол у грамадзтва ды здабыць нейкія непатрэбныя дывідэнды. Ішла размова пра работу ўсіх органаў улады дзеля захаваньня гэтай стабільнасьці й захаваньня той сытуацыі, якая зараз ёсьць, каб ня даць яе ўзарваць пэўным сілам.

У прынцыпе ён сказаў, што будзе ўдзельнічаць у гэтай прэзыдэнцкай кампаніі, не застанецца ўбаку ад яе. Ішла размова і пра тое, каб выбары прайшлі дэмакратычна, каб яны былі прызнаныя, каб народ атрымаў новага прэзыдэнта".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG