Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НІКОГА НЯ ВЕДАЕМ АПРОЧ ЛУКАШЭНКІ…” ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — усяго тры месяцы. Чые прозьвішчы, апроч Аляксандра Лукашэнкі, будуць у выбарчых бюлетэнях 9 верасьня — пра гэта сёньня ня ведаюць нават лідэры аб’яднанай апазыцыі.

Куды больш складана арыентавацца ў перадвыбарчай сытуацыі шараговым грамадзянам. Пра гэта, зыходзячы з уласнага досьведу, у сваім лісьце на Свабоду распавёў Мікола Хамчук зь Менску. Ён піша:

"Хачу падзяліцца ўражаньнямі ад наведваньня маіх сяброў-настаўнікаў у вясковай школе. Гутарылі пра рознае, зайшла размова і пра палітыку.

"Ну, дык за каго будзем галасаваць на выбарах?" — пытаюся. Яны адказваюць: "Нікога ня ведаем, апроч Лукашэнкі". Ну, я ім назваў нашу знакамітую "пяцёрку". А яны мне: "Дык гэта ж апазыцыянэры, бэнээфаўцы, яны атрымліваюць даляры ад Захаду, выходзяць на мітынгі толькі за даляры". А я колькі ні хадзіў на мітынгі — ніхто ніколі не прапанаваў ніводнага даляра.

І гэта кажа наша інтэлігенцыя. А што казаць пра вясковых бабулек, увогуле пра ўсіх тых, хто ня мае магчымасьці слухаць Свабоду ці Радыё Рацыя?

Пытаюць у мяне настаўнікі: "А чым дрэнны Лукашэнка?" Кажу ім: ён жа ўсіх нас падманвае на кожным кроку. Паглядзіце, якія ў нас заробкі, пэнсіі. А ён жа мае свой уласны бюджэт. А што зрабіў зь беларускай мовай, зь беларускімі школамі?

У адказ пачуў: "Хоць заробкі ды пэнсіі малыя, але дае іх своечасова. А што патаемны бюджэт мае — ну і што? Можа, цяпер хоць красьці ня будзе. А новы нехта прыйдзе — дык пакуль нахапаецца… Што да школы, то яна ў нас і так беларускамоўная".

Ага, кажу, беларускамоўная. А што ў гэтай беларускамоўнай — можа, матэматыку выкладаюць па-беларуску, ці фізыку, ці геамэтрыю?

Тады настаўнік працы Аляксандар Міхайлавіч кажа мне: "Давай пойдзем у мой кляс і спытаемся ў дзяцей, што яны думаюць".

Вучні былі побач, кожны за сваім варштатам, выконвалі заданьне. Настаўнік і спытаў у іх (па-расейску, вядома) якую мову яны любяць больш і на якой хочуць размаўляць. Як жа я быў прыемна ўражаны, калі яны ў адзін голас адказалі: "На беларускай". Гэта быў, можа, 5-ы кляс. А я тады кажу: "Ну, калі так, то — Жыве Беларусь!" — напісаў Мікола Хамчук зь Менску.

Не выпадае, Мікола, асабліва зьдзіўляцца таму, што вясковы люд (у тым ліку і настаўнікі) маюць так мала зьвестак пра палітычнае жыцьцё ў краіне. Вельмі нямногія на свае мізэрныя заробкі могуць дазволіць сабе падпіску на незалежнае выданьне. А каб купіць кароткахвалевы радыёпрыймач, той жа настаўнік павінен адкладваць грошы, бадай што, на працягу году.

Між тым, на дзяржаўным тэлебачаньні (іншага ж у Беларусі няма) слова даецца толькі аднаму палітычнаму пэрсанажу — усе іншыя штодня паліваюцца брудам.

І ўсё ж зьмены (і зьмены значныя) у грамадзкіх настроях адбываюцца. І грунтуюцца яны найперш на аналізе таго, як зьмянілася жыцьцё людзей у Беларусі за апошнія сем гадоў.

Вось што напісалі нам пра гэта ў сваім лісьце Андрэй Маслаў, Мікалай Цюнін і Валеры Елавы з Марыупалю, з Украіны. Цытую іхны ліст:

"11 траўня мы былі ў Берасьці й выпадкова пачулі вашу перадачу, дзе чыталі ліст беларускага камуніста зь Вільні. Такое мог напісаць толькі чалавек, які страціў уладу, а разам зь ёй — і кармушку.

Самі мы будаўнікі з гораду Клінцы Бранскай вобласьці. У 1992–94 гадах прыяжджалі ў Берасьце на заробкі. Разам з намі на будаўніцтве катэджаў працавалі і брыгады з Украіны, і зь Берасьця. Работы хапала ўсім. Заробкі былі да 700 даляраў за месяц.

Прыехаўшы сёлета ў Берасьце і прабыўшы там 10 дзён, мы ўвогуле не знайшлі ніякай працы. Тыя дамы, дзе мы калісьці вывелі падмуркі ці нават паставілі сьцены, дагэтуль стаяць незакончаныя. Цяпер берасьцейскія будаўнікі ня маюць працы дома — езьдзяць на заробкі ў Маскву, працуюць там па 14 гадзінаў, але больш чым па 200 даляраў не зарабляюць. Ды яшчэ і рызыкуюць быць падманутымі.

Выглядае так, што хутка беларусы будуць езьдзіць не ў Нямеччыну па "Фольксвагены", а ў Маскву па "Масквічы" ды па кітайскія спартовыя касьцюмы, якія шыюць у падвалах той жа Масквы. Вось вам і інтэграцыя, і славянскі саюз. Гэта ў такі саюз цягнуць Беларусь і Ўкраіну людзі, якія прывыклі жыць у прыніжанасьці й рабстве.

Мы думаем, што такіх людзей, якім за 60, без адмысловага тэставаньня нельга дапускаць да ўдзелу ў выбарах. Гэта людзі з хворай сьвядомасьцю. Ёсьць, вядома, выключэньні, але гэта вялікая рэдкасьць.

А ўвогуле, беларусам патрэбная такая Канстытуцыя, пры якой народ не цярпеў бы, нават калі да ўлады выпадкова дарываецца псыхічна хворы чалавек", — лічаць Андрэй Маслаў і ягоныя аднадумцы з гораду Марыупалю, з Украіны.

Нельга, спадарства, пагадзіцца з вашымі высновамі пра тое, што ўсе, каму за шэсьцьдзесят, маюць патрэбу ў нейкім адмысловым перадвыбарчым тэставаньні. У выбарах недапушчальная ніякая дыскрымінацыя — толькі тады яны могуць лічыцца справядлівымі й дэмакратычнымі.

Што да палітычных схільнасьцяў людзей сталага веку, то гэта ня новая праблема, яна ўласьцівая ня толькі беларускаму грамадзтву. Вырашаць яе палітыкі могуць толькі адным спосабам — перакананьнем, але ніяк не ўвядзеньнем нейкіх тэстаў ці цэнзаў.

Ліст з Магілёву, ад Рамана Стасэвіча. Раман незадаволены тым, як некаторыя ацэньваюць сёньня асобу Зянона Пазьняка. Ён піша:

"25-га траўня ў "Паштовай скрынцы" прагучаў ліст аднаго слухача, у якім ён упадніцкім тонам, уласьцівым для дэмакратаў "у цывільным", казаў пра фатальны лёс дэмакратыі ў Беларусі ў зьвязку з хуткімі выбарамі. У ім былі словы пра тое, што Пазьняк, бачыце, "як заўсёды, дыскрэдытуе дэмакратыю праз сваю пячорную лютую нянавісьць".

Пазьняку і раней прышпільвалі ярлыкі "нацыянал-экстрэміста", "русафоба", "фашыста". Праўда, даўней аўтары гэтых ярлыкоў яшчэ не былі "дэмакратамі". Я тады падумаў: мо, я невідушчы, нічога не разумею. Пачаў уважлівей прыглядацца да Пазьняка, ягоных артыкулаў, выступаў… Я шукаў нянавісьць — і не знаходзіў яе. Ёсьць там суровая патрабавальнасьць да сябе і да іншых, ад каго залежыць сытуацыя на Беларусі. Ёсьць жорсткае стаўленьне да здрады, гандлю нацыянальнымі інтарэсамі…

У псыхалёгіі адзначана такая зьява як "перанос нянавісьці" — калі чалавек, апанаваны нянавісьцю да некага ці нечага, уважае сваю нянавісьць за нянавісьць таго, кім ці чым яна выкліканая. Тут якраз такі выпадак", — спыню на гэтым цытаваньне ліста Рамана Стасэвіча з Магілёву дзеля некалькіх заўвагаў.

Асоба Зянона Пазьняка ацэньваецца неадназначна — у тым ліку і тымі, хто яшчэ нядаўна быў побач зь ім. Магчыма, што ягоны імідж не ва ўсім адпавядае таму стэрэатыпу, які склаўся ў грамадзкай сьвядомасьці. Але зламаць гэты стэрэатып і ўявіць сытуацыю, пры якой сёньня Зянон Пазьняк можа займець рэальныя шанцы на перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах, на маю думку, вельмі праблематычна.

Яшчэ адна цытата зь ліста Рамана Стасэвіча з Магілёву:

"Наконт выбараў. Асабліва спадзявацца на іх не выпадае. Па ўсім бачна, гэта будуць ня столькі выбары, колькі сілавая імітацыя іх, суцэльная і брудная PR-кампанія прапіхваньня Лукашэнкі на новы тэрмін. У Беларусі ўжо даўно, з 1996 году няма легітымных структураў, якія мусяць праводзіць і кантраляваць выбары. Лукашэнка паставіў іх пад свой поўны кантроль.

Не выпадае спадзявацца й на падтрымку расейскіх дэмакратаў. Расеі не патрэбная дэмакратыя — ёй патрэбная Беларусь. А таму Масква можа падтрымаць толькі такога палітыка, які за ўладу гатовы будзе здаць ёй нашу Бацькаўшчыну. Гэтыя паездкі на паклон у Маскву ня што іншае як здрада нацыянальным інтарэсам Беларусі, бо яны прыносяцца ў ахвяру асабістым ды групавым палітычным інтарэсам гэтых палітыкаў", — лічыць Раман Стасэвіч з Магілёву.

Пры ўсёй слушнасьці многіх вашых высноваў, спадар Стасэвіч, няма сёньня іншага выйсьця, іншага шляху да зьменаў, чым справядлівыя дэмакратычныя выбары. Зразумела, што ідэальных умоваў для апазыцыйных кандыдатаў у часе гэтай кампаніі ня будзе.

Як ня можа быць і ідэальных кандыдатаў, якія б цалкам адпавядалі ўсім вашым высокім патрабаваньням і адмовіліся ад уласных палітычных амбіцыяў. Але гэта ня значыць, што на гэтай падставе ўжо сёньня трэба аб’яўляць выбары бессэнсоўнымі.

На заканчэньне — урывак зь ліста Сьвятланы Мацкевіч з Маладэчна. Яна піша:

"Усё беларускае навокал нішчыцца, Беларусь рэальна ўсё больш ператвараецца ў расейскую правінцыю. Гінуць мова і культура, амаль вынішчаная нацыянальная школа. Часам апускаюцца рукі: плён твайго жыцьця, тваёй працы топчуць тыя, каму не дарагія ні гісторыя наша, ні незалежнасьць, ні будучыня.

У такія хвіліны ратуеш толькі ты, Радыё Свабода. Ты даеш сілы заўтра зноў ісьці на працу, вучыць дзяцей роднай мове і верыць, што гэтыя зярняты калі-небудзь узыдуць і спатрэбяцца новай Беларусі", — напісала Сьвятлана Мацкевіч з Маладэчна.

Мы цалкам падзялям, Сьвятлана, і веру вашую, і надзею. І вельмі ўдзячныя вам за цёплыя словы.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Алега Вясількіна зь Менску, Алеся Шустоўскага з Барысава, Юрыны Пататы са Слоніму і Алеся Марціновіча з Баранавічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG