Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭРБСКІ ПРАФЭСАР АНТАНІЧ: У МЕНСКУ ПАТРЭБНЫ МЕНСКІ ВАРЫЯНТ


Юры Дракахруст, Бялград

Узьлёт палітычнай кар’еры Слабадана Мілошавіча нечым быў падобны на пачатку кар’еры Лукшэнкі, Ельцына, Пуціна, калі ўчынак, нават, слова робіць палітыка народнымі кумірам. У канцы 80-х гадоў у Косаве выбухнуў этнічны канфлікт паміж альбанцамі і сэрбамі. У Прышціну зь Бялграду паслалі партыйнага чыноўніка разабрацца і палагодзіць жарсьці. Насуперак звыкламу апаратнаму сцэнару ён выступіў на мітынгу і сказаў: “З гэтага часу нікому ня будзе дазволена зьневажаць сэрбаў!” Партапаратчык Мілошавіч вярнуўся ў Бялград нацыянальным лідэрам. Па-свойму прыгожы пачатак.

У траўні сёлета МУС Сэрбіі абвінаваціла былога прэзыдэнта ў наўмысным хаваньні сьлядоў забойстваў людзей у Косаве. Мова, у прыватнасьці, пра рэфрыжэратар, затоплены ў Дунаі ва ўсходняй Сэрбіі. У ім было 50 трупаў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Ужо высьветлена, што ахвяры – косаўскія албанцы з гораду Печ. Міністар унутраных справаў Сэрбіі Міхайлавіч паведаміў, што гэты таемны магільнік не адзіны.

І самі сэрбы пацярпелі ад свайго былога куміра, за што яго, уласна, і пасадзілі ў бялградзкую вязьніцу. Гаворыць прафэсар Слабадан Антаніч, аўтар дасьледаваньня з параўнаньнем рэжымаў Лукашэнкі і Мілошавіча:

(Антаніч: ) “І ўлада Мілошавіча, і ўлада Лукашэнкі мае аўтарытарны характар. Адрозьненьні – у ролі карупцыі ў гэтых сыстэмах улады. Мілошавіч цягам апошніх гадоў свайго кіраваньня стварыў сыстэму карупцыі, якая працяла ўсё грамадзтва – ад гандляроў цыгарэтаў на вуліцы да вяршыняў улады. Падмуркам сыстэмы быў чорны рынак”.

У меркаваньнях прафэсара Антаніча варта адзначыць тое, што карупцыя пры Млошавічы расквітнела ў апошнія гады яго кіраваньня. У сваімі артыкуле, напісаным яшчэ да адхіленьня Мілошавіча ад улады, югаслаўскі дасьледчык адзначаў, што чым большы час лідэры такога кшталту застаюцца пры ўладзе, тым больш цяжкую спадчыну пакідаюць яны сваім пераемнікам. Зараз у Югаславіі з сумам прыгадваюць, што ў канцы 80-х гадоў жыцьцё у краіне ня надта адрозьнівалася ад, прыкладам, аўстрыйскага. Сярэднемесячны заробак складаў 600 даляраў, а зараз 40.

Становішча югаслаўскай эканомікі сапраўды крытычнае. Але цікава, што паводле дадзеных дзяржстатыстыкі, насельніцтва Югаславіі ўсе апошнія гады расло прыкладна на 1 адсотак. І справа тут ня толькі ва ўцекачах з рэспублік былой краіны, хаця і гэта ёсьць – у адным Бялградзе 200 уцекачоў з Косава, Босьніі і Харватыі. Але і нараджальнасьць большая за сьмяротнасьць. А беларусаў, нагадаем, ужо менш за 10 мільёнаў. І крызысы, і выхады зь іх – розныя.

Я спытаў прафэсара Антаніча, ці магчыма паўтарэньне ў Беларусі югаслаўскай дэмакратычнай рэвалюцыі мінулага году:

(Антаніч: ) “Мы таксама разважалі, ці магчымы ў Бялградзе варыянт Прагі ці варыянт Сафіі. Я думаю, што ў Менску трэба знайсьці менскі варыянт”.
XS
SM
MD
LG