Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ МІЛІЦЫЯНТ У ГОМЕЛІ ЗЬБІЎ СЯБРУ ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ АНДРЭЯ ВІТУШКУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сябры Задзіночаньня Андрэй Вітушка, Крысьціна Сідун, Зьміцер Гаўрусік і Сяржук Паўлянковіч прыехалі зь Менску і раздавалі ва ўнівэрсытэце сваю "Студэнцкую газэту", дарэчы, афіцыйна зарэгістраваную. Адміністрацыя выганяла студэнтаў.

Калі спадар Вітушка выходзіў з памяшканьня, яго кінуліся затрымліваць прарэктар па гаспадарчай частцы Пятро Навумёнак і юрыст унівэрсытэту Міхаіл Міжэвіч.

Спадар Міжэвіч ня так даўно звольніўся зь міліцыі. Ён падпалкоўнік, некалі быў нават намесьнікам Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, узначальваў усю вонкавую службу. Асабліва вядомым зрабіўся Міхаіл Міжэвіч пасьля зьбіцьця анархістаў падчас першатравеньскай дэманстрацыі ў 1998 годзе.

Міліцэйскі досьвед ён скарыстаў і сёньня: кінуўся на Андрэя Вітушку, круціў яму рукі, пакуль разам зь ім і прарэктарам не паваліўся паміж двума шклянымі дзьвярыма на выхадзе з галоўнага корпусу.

Распавядае сьведка, пэнсіянэр-вахцёр, які назваўся Георгіем Рыгоравічам:

(Георгі Рыгоравіч: ) "Яны ня біліся. Яны проста Вітушку не пускалі. У выніку ўсе трое апынуліся на падлозе. Хтосьці зь іх сьпіной ці каленам штурхнуў шкляныя дзьверы, і шкло рассыпалася на дробныя кавалачкі. Чатыры вядры вынес такіх асколкаў".

Былы міліцыянт Міжэвіч хуценька выклікаў былых калег з Цэнтральнага райаддзелу. Паведаміў, што нібыта на яго і прарэктара напалі. Усіх чатырох студэнтаў забралі ў пастарунак, дзе ўчынілі допыт. Міліцыянты доўгі час не выклікалі "хуткую дапамогу" да зьбітага Андрэя Вітушкі. Ён пацярпеў надзвычай моцна.

Па тэлефоне з пастарунка распавядае Крысьціна Сідун:

(Сідун: ) "У яго, відаць, зламаная рука, разарваная нага — не спыняецца кроў, пабілі галаву і можа нешта яшчэ".

Больш за тры гадзіны сьледчыя дапытвалі студэнтаў, а пасьля адпусьцілі, загадаўшы вярнуцца а 17-й гадзіне.

Начальнік міліцыі палкоўнік Смолікаў паведаміў, што сяброў Задзіночаньня студэнтаў трэба прыцягваць да адказнасьці за хуліганства. Унівэрсытэцкія кіраўнікі просяць у адмысловай заяве крымінальнага пакараньня — нібыта за зьбіцьцё юрыста і прарэктара і зрыў заняткаў.
XS
SM
MD
LG