Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ НЯ БУДЗЕ ПУБЛІКАВАЦЬ КАЛЯНДАРНЫ ПЛЯН ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля таго, як стала вядома, што прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 9 верасьня, старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына пагадзілася распавесьці пра далейшыя выбарчыя падзеі.

Паводле спадарыні Ярмошынай, ужо ў наступную пятніцу, 15 чэрвеня, скончыцца стварэньне ініцыятыўных групаў усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

(Ярмошына: ) "Падача заяваў пра рэгістрацыю ініцыятыўнае групы ў Цэнтральную камісію да 15-га, а наш абавязак — у 5-дзённы тэрмін разгледзець усе заявы. То бок, калі апошняя заява прыйдзе 15-га чэрвеня, значыць, гэтая група будзе 20-га зарэгістраваная", — сказала старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

На маё пытаньне, што патрабуецца для рэгістрацыі ініцыятыўнае групы, спадарыня Ярмошына адказала гэтак:

(Ярмошына: ) "Заява ды 100 чалавек група — і ўсё. Заява ад кандыдата, і група мусіць быць ня менш за 100 чалавек, максымальны яе склад не абмежаваны. Наступны этап — разгляд нашай заявы, і з 21 чэрвеня — збор подпісаў".

А вось як яна адказала на пытаньне, калі ж будуць зарэгістраваныя самі кандыдаты:

(Ярмошына: ) "На пачатку жніўня. Да 9 жніўня зарэгіструем".

Я спытаўся ў спадарыні Ярмошынай, калі будзе апублікаваная пастанова Цэнтарвыбаркаму і ці надрукуюць каляндарны плян усіх этапаў прэзыдэнцкіх выбараў, і пачуў дзіўны адказ:

(Ярмошына: ) "Мы не публікуем. Ён вельмі вялікі, мы дасылаем толькі выбарчым камісіям з этапамі. Бярыце Выбарчы кодэкс, вылічвайце там — за 80 дзён да выбараў, за 85…"

Нагадаю, што раней каляндарныя пляны выбараў заўсёды друкаваліся. Нават альтэрнатыўны Цэнтарвыбаркам на чале зь легітымным старшынём камісіі Віктарам Ганчаром увесну 1999 году, калі апазыцыя ладзіла прэзыдэнцкія выбары з двух кандыдатаў — Зянона Пазьняка й Міхаіла Чыгіра, змог надрукаваць каляндарны плян у незалежных газэтах.

Што за выбары будуць цяпер, можна ўявіць, калі паслухаць адказ сьпікера "палаты прадстаўнікоў" Вадзіма Папова на пытаньне, ці будуць дэпутаты палаты кантраляваць выкананьне сваёй сёньняшняй пастановы, дзе мова йдзе пра роўныя для ўсіх кандыдатаў мажлівасьці агітацыі ў сродках масавай інфармацыі.

(Папоў: ) "Дэпутаты ня будуць кантраляваць выкананьне закону ў гэтай частцы. Кантраляваць будуць тыя, каму належыць. Закон ёсьць аб друку — у ім усё агаворана", — заявіў спадар Папоў, старшыня " палаты прадстаўнікоў", якая сёньня ўхваліла пастанову прызначыць прэзыдэнцкія выбары на 9 верасьня.
XS
SM
MD
LG