Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЧКА ЗЬНІКЛАГА АНАТОЛЯ КРАСОЎСКАГА ЗЬВЯРНУЛАСЯ ДА А.ЛУКАШЭНКІ З АДКРЫТЫМ ЛІСТОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Лера Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага, які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром, зьвярнулася з адкрытым лістом да "чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь".

Ліст яна апусьціла ў адмысловую скрыню на будынку адміністрацыі прэзыдэнта, бо іншай магчымасьці перадаць сваё пасланьне Лукашэнку ня бачыла. Якой рэакцыі яна чакае на свой ліст? Гаворыць Лера Красоўская:

(Красоўская: ) "Я чакаю, каб ён вярнуў мне майго бацьку. Бо ён заявіў, што вінаваты ў тым, што мой тата ды іншыя вядомыя ў Беларусі людзі зьніклі — маўляў, ён як прэзыдэнт за гэта адказны. Але ніхто ня бачыць, і я ў тым ліку, як ён нясе гэтую адказнасьць. Пасьля гэтага ён не сказаў ніводнага слова, не пацьвердзіў сваёй заявы ніводным дзеяньнем.

Лукашэнка хлусіць кожны дзень. З экранаў тэлевізараў, са старонак сваіх газэтаў і гэтак далей. Ён хлусіць, калі кажа, што ў нашай краіне ўсё добра, што людзі ўсім задаволеныя".

Леры Красоўскай 18 гадоў, яна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце. Некалькі разоў яна ўдзельнічала ў апазыцыйных акцыях, у тым ліку ў пікетах-напамінах пра зьніклых, а гэты ліст — яе першы самастойны крок у барацьбе. Дзяўчына не выключае, што за сваю пазыцыю яна можа і пацярпець.

(Красоўская: ) "Так, я буду пакутаваць ад гэтага ліста, гэта несумненна. Але я буду шчырай перад сабой і перад маім бацькам. А гэты чалавек, Лукашэнка, ён добра жыве, ён катаецца як сыр ў масьле, але ўсім людзям зразумела, што напраўду ён уяўляе зь сябе як чалавек".

Аўтарка ліста да Лукашэнкі сказала, што яшчэ адной важкай прычынай пасланьня стала тое, што ў Беларусі павінны прайсьці прэзыдэнцкія выбары. Лера Красоўская не хацела б, каб беларускіх выбарнікаў падманулі.

(Красоўская: ) "Пойдзе на карысьць гэтаму чалавеку (калі ён хоча, каб ізноў за яго прагаласаваў беларускі народ) адказаць, дзе знаходзяцца зьніклыя. Таму што людзі ня вераць яму ўжо, а калі ён хоча, каб верылі, дык хай адкажа", — гэтак мяркуе дачка зьніклага бізнэсоўца Красоўскага Лера, якая зьвярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG