Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДЫНАК ПОЛЬСКАЙ АМБАСАДЫ МОЖА ЗАНЯЦЬ ПРАДСТАЎНІЦТВА ЛІГІ АРАБСКІХ ДЗЯРЖАВАЎ


Ганна Соусь, Менск

Радыё Свабода паведамляла пра тое, што польская амбасада атрымала афіцыйны ліст зь Менгарвыканкаму, у якім прапанавана за 3 месяцы пакінуць памяшканьне па вуліцы Румянцава. Рашэньне абгрунтавалі тым, што ў гэтым раёне побач з урадавымі віламі будуць узводзіць нейкія новыя будынкі. Да таго ж, палякам паведамілі, што тэрмін арэнды заканчваецца 1 ліпеня і далей яго не працягнуць.

Як паведамілі мне сёньня ў прэсавай службе польскай амбасады, цяпер ідуць перамовы з "Дыпсэрвісам" пра новы будынак для польскай дыпляматычнаый місіі, і таму 1 ліпеня высяленьня ня будзе. Беларускі бок прапанаваў польскім дыпляматам некалькі будынкаў — яны вырашаюць, які варыянт больш прымальны. Да таго ж, калі пытаньне канчаткова вырашыцца, трэба будзе рэканструяваць ды рамантаваць новы будынак — а на гэта трэба час.

Як нам стала вядома з дасьведчанай крыніцы, блізкай да дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу, магчыма, што гэты будынак пасьля ад’езду польскіх дыпляматаў зойме прадстаўніцтва Лігі арабскіх дзяржаваў. У польскай амбасадзе гэтай інфармацыі цяпер не пацьвярджаюць, але й не абвяргаюць.

А вось як сёньня пракамэнтаваў нашаму радыё сытуацыю з высяленьнем польскай амбасады прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) "Я не гатовы адказваць, якая сытуацыя з польскай амбасадай. Але і раней, і зараз мы пацьвярджаем, што гэтае пытаньне будзе ўрэгуляванае на прынцыпах дыпляматычных адносінаў паміж нашымі краінамі. Я думаю, што яно будзе вырашанае ў гэтым кантэксьце".

Адметна, што адбываецца гэта на тле шматлікіх заяваў беларускіх ўладаў пра славянскую еднасьць.
XS
SM
MD
LG