Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ ШЧУКІН АСУДЖАНЫ ДА 10 СУТАК АРЫШТУ


Любоў Лунёва, Менск

Cудзьдзі Ленінскага суду Менску Аляксандру Шыльку спатрэбілася ўсяго чатыры гадзіны, каб апытаць 10 сьведкаў, заслухаць двух абаронцаў і прагледзець відэастужку для вынясеньня прысуду. Валеры Шчукін — адзіны з затрыманых 18 траўня, каго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.

У судзе ўсе супрацоўнікі міліцыі і АМОНу давалі супярэчлівыя паказаньні. Намесьнік начальніка заводзкага аддзелу міліцыі маёр Аляксандар Крылоў у сваіх паказаньнях адзначыў, што міліцыянты згодна з загадам павінны былі 18 траўня патруляваць вуліцы ў цывільным. Ён казаў, што Шчукін сам кідаўся на дарогу, каб перакрыць рух транспарту, а потым пачаў абражаць амонаўцаў і біцца зь імі.

Давалі паказаньні таксама супрацоўнікі чацьвертай групы АМОНу Сяргей Тур, Павал Канавалаў, Сяргей Сахончык, Віктар Марачкоў і міліцыянты Заводзкага аддзелу Яўген Табока і Віктар Філановіч.

Усе гэтыя сьведкі блыталіся ў паказаньнях. Было відавочна, што яны атрымалі загад казаць у судзе, што маёр Крылоў, як таго патрабуе закон, прадставіўся Валер'ю Шчукіну і паказаў пасьведчаньне. Але на пытаньні адваката адзін казаў, што бачыў гэта з 20 мэтраў, другі — за плячыма, трэці — быў за рагом, але бачыў колер і, такім чынам, усе паказаньні адрозьніваліся.

Прадстаўнік Валер'я Шчукіна Міхаіл Пастухоў зьвяртаў увагу судзьдзі на тую акалічнасьць, што Шчукін журналіст і выконваў свае прафэсійныя абавязкі. Але Аляксандар Шылько не зьвяртаў на гэта ўвагі.

Назіральнікі лічаць, што судзьдзя загадзя ведаў, які прысуд ён вынясе. Гэта стала зразумела ў самым пачатку працэса, калі Аляксандар Шылько абвесьціў кароткі перапынак, падчас якога выклікаў канвой.

Амонавец Сяргей Сахончык на пытаньне адваката — чаму Шчукіна занесьлі ў пераход і там зьбівалі — цынічна адказаў: "Каб не траўмаваць дэлегатаў усебеларускага сходу".

Валеры Шчукін паведаміў Радыё Свабода ў судовай залі:

(Шчукін: ) "Гэты судовы працэс сфальшаваны ад пачатку і да канца. Усе супрацоўнікі міліцыі Заводзкага РАУСу і амонаўцы казалі няпраўду. Яны трапілі ў сытуацыю, калі вымушаныя хлусіць. Бо я ж падаў скаргу ў пракуратуру на тое, што быў незаконна затрыманы й жорстка зьбіты. Пракуратура праводзіць расьсьледаваньне. Калі суд мяне апраўдае, міліцыянтаў прыцягнуць да адказнасьці. Гэтыя 10 сутак арышту я атрымаў за тое, што законна не падпарадкаваўся незаконным дзеяньням навумаўскіх нягоднікаў. Гэты судовы працэс прадэманстраваў залежнасьць суду ад тэлефоннага права".

Валеры Шчукін папрасіў судзьдзю адтэрмінаваць выкананьне пакараньня да заўтрашняга дня, бо ў яго моцна захварэла жонка і яе трэба везьці ў шпіталь. Судзьдзя пагадзіўся і паведаміў, што заўтра Шчукін павінен быць а 5-й гадзіне ў міліцыі, каб яго адвезьлі адтуль у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG