Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ НАМ БАЛІЦЬ ГАЛАВА І ЯК ГЭТАМУ ДАЦЬ РАДЫ?


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міту Тыфоніўс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё ператварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць?

Пакутлівая бяссонная ноч. Раніцай перад тым, як ісьці на працу, адчуваеш сябе так, як быццам усю ноч нехта малатком біў па галаве. На працы ў галаве толькі адна думка: што зрабіць, каб спыніць гэты жахлівы боль у галаве, як дацягнуць да канца дня. Моцныя супрацьболевыя лекі даюць палёгку, але толькі на нейкі час. Каму не знаёмая падобная сітуацыя?!

Галаўны боль! Той, хто скажа, што ніколі не пакутаваў ад яго, амаль напэўна схлусіць. Галаўны боль – паказчык нездароў’я альбо ўсяго арганізму чалавека, альбо некаторых ягоных частак. Гэта – выразны адмоўны фактар уплыву на працягласьць жыцьця, які можа ператварыць доўгажыхарства ў пакуты.

Што ж гэта такое галаўны боль? І чаму ён зьяўляецца практына самай распаўсюджанай хваробай чалавека? Адказаць на гэтае пытаньне я папрасіў доктара Франкліна Апфэльда, аднаго з галоўных экспэртаў Усясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я ў гэтай галіне:

(Апфэльд: ) “Галаўны боль – гэта сымптом хваробы. Пачырваненьне на скуры таксама сымтом. Толькі ён візуальны, а боль галавы – сымтом, які мы адчуваем. Ня ўсе сыптомы хваробаў можна пабачыць. І таму хворыя могуць толькі расказаць пра боль, а не паказаць яго. Мы, навукоўцы-лекары, працуем над праблемай расшыфраваньня характару боляў, так, як мастак-графік. Мы хочам сканіраваць боль, зрабіць так, каб зразумець сутнасьць болю. Галаўны боль – гэта боль унутры галавы. Гэты боль можа выклікацца вялікай колькасьцю розных фактараў. Калі, напрыклад, вы маеце на галаве вельмі цесны капялюш, мажа балець галава. Але галаўны боль можа выклікацца і пухлінай галаўнога мозгу. Можа быць шырокае кола прычынаў. Калі ў вас пачынае балець галава, вы павінны вывучыць усе сымптомы, комплекс сымптомаў, і як гэтыя сымтомы суадносяцца паміж сабой”.

Сучасная мэдычная навука вызначае 5 асноўных тыпаў галаўнога болю:

- мышачны боль, які, звычайна, ахоплівае ўсю галаву і які выклікаецца простымі фактарамі (прастудай і т.п.)
- лобны боль, які пераважна зьяўляецца варыянтам машачнага.

(Гэтыя два тыпы галаўнога болю не патрабуюць вашага звароту да спэцыялістаў-лекараў, бо могуць лячыцца хатнімі сродкамі.)

- мігрэнны галаўны боль. Звычайна ён атакуе толькі адзін бок галавы і суправаджаецца ванітамі, азнобам і падвышанай чульлівасьцю на гук і сьвет.
- Пучковы галаўны боль. Даволі рэдкая зьява, якая характарызуецца болем вакол аднаго вока. Боль можа паўтарацца штодня на працягу 2-3 месяцаў. Пазьней можа зьнікнуць на некалькі месяцаў, каб праз нейкі час аднавіцца зноў.
- Рыкашэтны галаўны боль. Ён зьвязаны галоўным чынам з бескантрольным прыёмам лекаў. Перадусім тых, якія павінны даваць палёгку пры болі галавы”.

(Гэтыя тыпы галаўнога болю патрабуюць звароту да лекара і пасьлядоўнага лячэньня.)

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage распрацавала спэцыяльны тэст для тых, хто пакутуе ад галаўнога болю. Зь яго дапамогай можна высьветліць ня толькі ад якога тыпу болю вы пакутуеце, але і знайсьці эфэктыўныя сродкі яго пераадоленьня.

Я паспрабую вас пазнаёміць з гэтым тэстам на сваім ўласным прыкладзе. Я таксама добра ведаю, што такое галаўны боль. Магчымасьць пазбавіцца ад хваробы з дапамогай Realage і для мяне добры шанец “жыць у добрым здароў’і”.

На першае пытаньне: колькі разоў на тыдзень я маю галаўны боль, я адказаў: 2 разы.

Другое пытаньне датычыла працягласьці галаўнога болю. У маім выпадку гэта прыблізна 4 гадзіны.

На пытаньне, якая частка галавы пераважна баліць у мяне, я адказаў, што боль ідзе па ўсёй галаве.

Далей мне давялося адказваць на пытаньні, ці перашкаджае галаўны боль маёй працы, як я магу ахарактарызаваць моц болю, ці суправаджаецца ён ванітамі, ці не зьвязаны ён з шумам, сьвятлом ды іншымі зьявамі. Ці не суправаджаецца галаўны боль пачырваненьнем вачэй, ці не зьвязаны боль галавы з прыёмам мэдыкамэнтаў альбо з праглядам тэлеперадачаў, ці не баліць галава ад голаду, ці не зьвязаны боль з курэньнем, піцьцём алькаголю, наркотыкамі.

І вось пасля адказу на ўсе гэтыя пытаньні тэсту Realage я атрымаў вельмі дакладны кампутарны дыягназ: мой галаўны боль можна вылячыць хатнімі сродкамі. Лекар тут не патрэбны.

А вось якімі? Пра гэта вы даведаецеся ў наступнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і?

1. Цудоўны лек Віягра, які ўратаваў сэксуальнае жыцьцё сотняў тысячаў мужчынаў па ўсім сьвеце, некаторыя лекары цяпер пачалі рэкамэндаваць і жанчынам. Паводле вынікаў дасьледаваньняў італьянскіх навукоўцаў, Віягра падвышае сэксуальны тонус жанчыны, яна садзейнічае прытоку крыві ў вобласьць тазу, выклікае эрэкцыю клітара і выразна дапамагае ў дасягненьні аргазму. Акрамя таго, як сьведчаць навуковыя дасьледаваньні, Віягра садзейнічае лубрыкацыі (вільгатненьне жаночых полавых ворганаў). Цэлая група навукоўцаў таксама прыйшла да высновы, што Віягра можа даць надзею жанчынам, якія раней лічыліся бясплоднымі і для якіх адзіным шанцам стаць маткамі была тэхналёгія “дзяцей з прабіркі”.

2. Вядома, што працэс старэньня чалавечага арганізму суправаджаецца падвышэньнем крохкасьці касьцей. Што трэба рабіць, каб спыніць, альбо запаволіць гэты працэс. Realage рэкамэндуе: штодзённы як мінімум паўтаракілямэтровы шпацыр – найлепшы сродак умацаваньня касьцей чалавека. Экспэрты Realage лічаць: чым большая будзе працягласьць вашага штодзённага шпацыру, тым лепей для здароў’я. Памятайце: рэгулярныя спартовыя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 9 гадоў маладзейшым.

3. Калі вы часам пакутуеце ад боляў сьпіны, не сьпяшайцеся прыймаць анальгетыкі. Экспэрты Realage лічаць, што тэрапэўтычны масаж –самы лепшы сродак лячэньня хваробаў сьпіны і храбта. Падчас экспэрымэнту група хворых, якую на працягу 10 тыдняў лячылі тэрапэўтычным масажам, мела значна лепшыя вынікі, чым дзве іншыя групы хворых, якіх лячылі акупунктурай і традыцыйным спосабам з дапамогай лекаў. Рэгулярны масаж, лічаць экспэрты Realage, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 2 гады маладзейшым.

4. Вам цяжка адмовіцца ад тлустай ежы і перайсьці на нізкакалярыйную дыету? Не сумуйце. Экспэрты Realage рэкамэндуюць ўключыць у якасьці дадатку да вашага штодзённага мэню буйназярністыя прадукты (гарох, кукурузныя вырабы, іншую гародніну). Гэта дапаможа захаваць артэрыі вашага арганізму ў добрым стане. Буйназярністыя прадукты ў значнай ступені нэўтралізуюць нэгатыўны ўплыў тлушчаў на вашыя артэрыі і такім чынам зьмяншаюць верагоднасьць сардэчна-судзінных захворваньняў. Калі вы абмяжуеце колькасьць тлушчаў у вашым штодзённым мэню 20 грамамі, гэта дазволіць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым”.
XS
SM
MD
LG