Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БГК ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ ІГНАРАВАНЬНЯ "ПАЛАТАЙ ПРАДСТАЎНІКОЎ" ЯГОНЫХ ПРАПАНОВАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле словаў Тацяны Процькі, усе праекты пастановы, як афіцыйны, гэтак і праекты асобных дэпутатаў, не дазволяць правесьці свабодных выбараў і абраць легітымнага прэзыдэнта.

(Процька: ) "Усе гэтыя праекты не вырашаюць праблемаў, якія існуюць у выбарчым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і, галоўнае, у практыцы выкананьня гэтага заканадаўства. А праблемы ж вызначыліся, высьветліліся на выбарах у Нацыянальны сход".

Тацяна Процька паведаміла, што яшчэ сёлета ў красавіку БГК накіраваў свае прапановы па ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства ў "палату прадстаўнікоў".

БГК аспрэчваў паўнамоцтвы кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай, некаторых іншых сяброў камісіі, прапаноўваў патлумачыць многія спрэчныя паняцьці, якія выкарыстоўваюцца ў Выбарчым кодэксе — патрабаваньне да кандыдатаў на прэзыдэнта быць грамадзянамі Беларусі па нараджэньні.

Аднак высьветлілася, што гэтыя прапановы ня толькі не былі ўлічаныя "палатай прадстаўнікоў", іх проста не распаўсюдзілі сярод дэпутатаў. На ўсе звароты БГК ў Цэнтарвыбаркам, Нацыянальны сход увогуле не было ніякіх адказаў.

Як вынік, праект пастановы быў падрыхтаваны без уліку думкі грамадзкасьці. Афіцыйны праект пастановы, які будуць разглядаць заўтра, на думку Тацяны Процькі, проста пераказвае асобныя палажэньні Выбарчага кодэксу. Гэты кодэкс, як мяркуюць у БГК, не адпавядае стандартам АБСЭ, ён аналягічны выбарчаму заканадаўству Азэрбайджану і Туркмэністану.

Альтэрнатыўныя праекты пастановы хоць і ўтрымліваюць пазытыўныя прапановы, але яўна не разьлічаныя на іх прыняцьце, мяркуе Тацяна Процька. Тым ня менш, у БГК лічаць слушнай прапанову аб прыпыненьні А Лукашэнкам сваіх паўнамоцтваў на час выбарчай кампаніі, пра што гаворыцца ў альтэрнатыўных праектах пастановы.

Гаворыць намесьнік кіраўніка БГК Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) "Мы робім выснову, што рыхтуюцца выбары не ў адпаведнасьці нават зь дзейным Выбарчым кодэксам. Бачна, што закладаюць такія падыходы, каб выбары былі проста сфальшаваныя".

Ён паведаміў, што суды адмаўляюцца прымаць пазовы аб прызнаньні незаконнымі складу і дзеяньняў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Нягледзячы на гэта, Беларускі Гельсынскі камітэт зьбіраецца дамагацца прызнаньня агучаных ім праблемаў і патрабаваць зьмены ўмоваў выбараў — у прыватнасьці, фармаваньня новых тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якім грамадзкасьць магла б давяраць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG