Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЮГАСЛАВІЯ ПАСЬЛЯ СЛАБАДАНА МІЛОШАВІЧА


Юры Дракахруст, Бялград

Першае, што ўражвае яшчэ ў Бялградзкім аэрапорце, – надпісы як на кірыліцы, гэтак і лацінкаю. Спачатка лацінка ўспрымаецца, як даніна заходняму ўплыву – дзе ж зараз, асабліва ў аэрапорце, не сустрэнеш ангельскую мову. А ўгледзеўшыся, разумееш, што надпісы – на адной мове. Дзьве мовы – гэта беларусам зразумела: забудзеш, дык нагадаюць, а вось дзьве графікі – гэта дзіўна. Пры жаданьні можна ўбачыць у гэтым пэўны сымбаль – памежнасьць Югаславіі між Усходам і Захадам.

Таксі ад аэрапорту да гораду каштуе 30 нямецкіх марак. Наагул, у Югаслаавіі менавіта марка, а не даляр – асноўная валюта, на якой вядуцца ўсе падлікі – такі вось ускосны паказьнік эўрапейскай арыентацыі. Югаслаўскі дынар – валюта ня надта цьвёрдая. За мінулы год, прыкладам, цэны ўзрасьлі на 85 адсоткаў. Хаця, што з чым параўноўваць. У Беларусі за гэты ж час цэны расьлі амаль удвая шпарчэй без усялякіх рэвалюцыяў. Дарэчы, вуліца, на якой стаіць мой гатэль, раней называлася Бульварам Рэвалюцыі – той самай, камуністычнай. Зараз гэта – бульвар караля Аляксандра. Як мне патлумачылі, гэтыя перайменаваньні – ня вынік прыходу да ўлады дэмакратаў. Вяртаньне гістарычных назваў адбылося яшчэ пры Мілошавічы.

Бульвар караля Аляксандра – амаль цэнтар. На ім стаіць будынак Скупшчыны, які народ штурмаваў мінулай восеньню, дамагаючыся прызнаньнчя перамогі Ваіслава Каштуніцы. Зараз ходнікі бульвару нагадваюць менскі стадыён “Дынама”. Зь яткаў і машынаў ідзе гандаль усім – ад адзеньня да сельскагаспадарчых прыладаў. Гарадзкія ўлады хацелі гэты неабсяжны базар прыбраць, але прыгадаўшы, што ў краіне амаль чвэрць працаздольнага насельніцтва – беспрацоўныя, махнулі рукой. Хай зарабляюць людзі як могуць.

На бульвары караля Аляксандра сьлядоў натаўскіх бамбаваньняў няма, а вось на вуліцы князя Мілаша побач з будынкам генштабу арміі Югаславіі відовішча ўражвае – шкілеты шматпавярховых офісаў, знутры разьнесеныя авіябомбамі. Шмат будынкаў ужо адрамантавалі, а на вуліцы князя Мілаша яшчэ стаяць руіны.

На гэтай жа вуліцы – амэрыканская амбасада, сьцены якой яшчэ захоўваюць рэшткі чырвонай фарбы – напамінак пра антынатаўскія маніфэстацыі часоў вайны. Аднак будынак хутка рамантуюць. Новыя дэмакратычныя ўлады аднавілі дыпляматычныя адносіны з ЗША яшчэ ўвосень летась. Пакуль амэрыканскія дыпляматы працуюць у гатэлі.

Апошнія тыдні сталі днямі вострага палітычнага крызысу, які працягваецца дагэтуль. У парлямэнце і ва ўрадзе Югаславіі ідуць гарачыя дэбаты наконт Закону аб супрацоўніцтве зь Міжнародным трыбуналам у Гаазе, а, фактычна, выдаваць ці не выдаваць у Гаагу былога прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча.

На бялградзкіх вуліцах гэтых палітычных жарсьцяў не адчуваеш. Адно што ўвесь горад расьпісаны лёзунгамі нацыяналістычнай Сэрбскай радыкальнай партыі – “ДОС е найгорай”. ДОС – гэта дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі, кааліцыя, у якую ўваходзіць і прэыздэнта Каштуніца, іпрэм’ер Сэрбіі Джынджыч. Ну а “найгорай” – беларусам зразумела без перакладу.

Слова апазыцыя ў назве дэмакратычнага блёку ўжо не адпавядае рэчаіснасьці. Апазыцыю насьценнымі надпісамі ня бэсьцяць, але тое, што зрухаў да лепшага не адбылося, не адмаўляюць і прыхільнікі цяперашняй улады. Гаворыць югаслаўскі палітоляг Еліца Кур’яна:

(Кур’яна: ) “Яшчэ не магу сказаць, што адбываецца насамрэч. Не магу сказаць, што яны сумуюць па рэжыме Слабадана Мілошавіча. Сапраўды людзі галасавалі…”

У сэрбскіх галовах яшчэ ня шмат зьмянілася, але самае галоўнае, што іншым стаў грамадзкі клімат, людзі перасталі баяцца, людзі могуць гаварыць. Аднак яны чакаюць эканамічных паляпшэньняў. Звычайнаму чалавеку ня вельмі патрэбная палітыка і дэмакратыя. Большасьць прагне лепшага жыцьця, але лепшага жыцьця няма.

(Кур’яна: ) “Яны хочуць лепшага жыцьця. Але, па сутнасьці, лепшага жыцьця няма”.

Пры гэтым давер да цяперашняй улады застаецца надзвычай высокім. Ну але ці ня можа стацца так, што народ расчаруецца ў сваіх цяперашніх абраньніках, выйдзе на вуліцы і скажа: “Вярніце Мілошавіча?”

(Кур’яна: ) “Не, ня скажа. Гэта абсалютна, я ўпэўненая, што ня скажа. Людзі могуць дэманстраваць, могуць мяняць уладу, але са Слабаданам Сэрбія пакончыла”.
XS
SM
MD
LG