Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАПЛАЎСКАЯ І ЦІХАНОВІЧ СЬПЯВАЛІ ДЛЯ АНДРЭЯ КЛІМАВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У вязьня менскай калёніі дэпутата Андрэя Клімава сёньня сьвята. Да яго й да іншых асуджаных з канцэртам прыехалі вядомыя беларускія сьпевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч.

(Ціхановіч: ) "Мы сябруем з Андрэем Клімавым больш за дзесяць гадоў, ён шмат дапамагаў нам у свой час. І цяпер, калі ён трапіў у бяду, мы лічым сваім абавязкам дапамагчы яму. А яшчэ ў гэтай калёніі шмат іншых нашых сяброў. Гэта вельмі добра, што мы зможам зь імі сустрэцца і пасьпяваць для іх", — сказаў Радыё Свабода Аляксандар Ціхановіч.

Ён распавёў , што ідэя наведаць з канцэртам турму, дзе адбывае пакараньне Андрэй Клімаў, узьнікла яшчэ напачатку году. Але заміналі абставіны. "Збольшага гэта былі нашыя асабістыя праблемы, яны не зьвязаныя зь міліцэйскім кіраўніцтвам", — запэўніў сьпявак.

Паводле Аляксандра Ціхановіча, іхную ініцыятыву адразу падтрымаў і Камітэт выкананьня пакараньняў пры Міністэрстве ўнутраных справаў, гэтак і адміністрацыя калёніі.

Для сьпевакоў гэта ўжо трэці выступ у канцэртнай залі за калючым дротам. Некалькі гадоў таму яны сьпявалі для вязьняў калёніі ў паселішчы Вейна пад Магілёвам, потым была калёнія ў Гомелі.

Аляксандар Ціхановіч, зь якім я размаўляў па тэлефоне за дзьве гадзіны да канцэрту, сказаў, што добра ведае пра тое, што ў калёніі да Андрэя Клімава сядзеў дэпутат Ўладзімер Кудзінаў. Зь ім асабіста Ціхановіч ня быў знаёмы, але сказаў, што паважае людзей, якія мужна адстойваюць свае палітычныя погляды.

Дарэчы, славуты дуэт не пабаяўся некалі публічна засьведчыць сваё сяброўства з Андрэем Клімавым, на якога ўжо надзелі кайданкі. Аляксандар разам зь Ядвігай прыйшлі на абвяшчэньне прысуду Клімаву і падаравалі яму ў судовай залі кветкі. Потым, ужо ў турме, дэпутат некалькі разоў атрымліваў ад іх харчовыя пасылкі.

(Леановіч: ) "Гэты канцэрт — безумоўна моцная маральная падтрымка Андрэю, якога афіцыйная прапаганда выстаўляе злодзеем. Мы ўсе вельмі ўдзячныя Аляксандру і Ядзі за гэты добры ўчынак", — заявіла Радыё Свабода жонка Клімава Тацяна Леановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG