Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ Ў ВІЦЕБСКУ НАМАГАЮЦЦА ЗАТРЫМАНЬНЯМІ СПЫНІЦЬ АКЦЫЮ МОЛАДЗІ СУПРАЦЬ ПРЫМУСОВАГА РАЗЬМЕРКАВАНЬНЯ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Акцыя супраць прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў пачалася ўчора каля Пэдагагічнага ўнівэрсытэту, а сёньня на палову дзясятай раніцы акцыя працягнулася каля Віцебскай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны.

Чатыры сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі на чале са старшынёй мясцовай арганізацыі Аленай Залескай раздавалі студэнтам адмысловыя ўлёткі. Улёткі сьцьвярджалі, што кожны чалавек мусіць мець права выбіраць сабе месца працы. Калі ж гэтае права забраў прэзыдэнт, дык кожны мае магчымасьць абраць іншага прэзыдэнта.

Раздалі былі ўжо каля 100 улётак, калі на ганку зьявіўся супрацоўнік акадэміі, які пачаў палохаць усіх, што выкліча міліцыю. Неўзабаве зьявіўся і міліцэйскі патруль.

Міліцыянты затрымалі Ірыну Байдак, якая мела найбольш улётак. Яе дзьве гадзіны трымалі ў пастарунку. Дзяжурны Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі паведаміў, што справа спадарыні Байдак будзе разглядацца ў адміністрацыйнай камісіі па месцы жыхарства.

Нягледзячы на актыўны супраціў чыноўнікаў ад адукацыі, віцебская моладзь Аб'яднанай грамадзянскай партыі плянуе працягваць акцыю.
XS
SM
MD
LG