Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ СЕЛЯЗЬНЁЎ: КРЫТЫКА ЛУКАШЭНКІ НА АДРАС РАСЕЙСКАГА ЎРАДУ – АБГРУНТАВАНАЯ


Юры Сьвірко, Горадня

Пасьля ад’езду А.Лукашэнкі з Горадні ўдзельнікі сэсіі гэтак званага “парлямэнцкага сходу” саюзу Беларусі і Расеі, нарэшце, абмеркавалі пытаньне пра бюджэт. Ігар Селіванаў, намесьнік Барадзіна, паведаміў, што сёлета саюзныя структуры атрымалі толькі 5 мільёнаў рублёў. На гэта сьпікэр “палаты прадстаўнікоў” Вадзім Папоў заявіў яму: “Вы чатыры месяцы згубілі і нічога новага ў вашым дакладзе не было”.
Беларускі ж віцэ-прэм’ер Леанід Козік зазначыў, што яшчэ падчас арышту Барадзіна выступаў супраць таго, каб ягоныя абавязкі выконваў Ігар Селіванаў, бо той зусім ня ўмее працаваць. Козік таксама прапанаваў пакінуць у Выканаўчым камітэце саюзу замест шасьці пасадаў толькі дзьве, бо на чатыры лішнія пасады ідзе ажно мільён даляраў штогод.

Тэма арышту Паўла Барадзіна нечакана паўстала яшчэ раз на прэсавай канфэрэнцыі Генадзя Селязьнёва, якога спыталі пра ягонае стаўленьне да сёньняшняй прапановы Аляксандра Лукашэнкі ўзначаліць саюзную дзяржаву двум расейцам – Селязьнёву і Барадзіну. Вось што заявіў Селязьнёў:

(Селязьнёў: ) “…Потым я аджартаваўся. Сказаў Аляксандру Рыгоравічу: дзе вы мяне бачыце, таксама ў Жэнэве?”

Селязьнёў падзякваў беларускім журналістам за асьвятленьне працы 18 сэсіі “парлямэнцкага сходу” і паўшчуваў, бо тыя “замоўчваюць “парлямэнцкі сход”. Ён заявіў таксама, што крытыка Лукашэнкі ў бок ураду Расеі ёсьць абгрунтаванаю, і калі б “парлямэнцкі сход” меў права выказаць недавер саюзнаму ўраду (нагадаем, яго таксама ўзначальвае Міхаіл Касьянаў) дык сёньня б “сход” абавязкова скарыстаўся б з гэтага.

Ці спадабаецца гэта выканаўчай уладзе Расеі – невядома, але вядома, як Селязьнёў адказаў на маё пытаньне, ці падтрымае Пуцін Лукашэнку на выбарах.

(Селязьнёў: ) “Спытайце Пуціна”.

Селязьнёў дадаў, што ён асабіста таксама не адказаў бы на гэтае пытаньне, бо інакш яго, Селязьнёва, абвінавацілі б у заўчаснай агітацыі. Паводле Селязьнёва, наступная сэсія “парлямэнцкага сходу” пройдзе ў Санкт-Пецярбургу ў кастрычніку, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG