Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАДЭВУШ ГАВІН АТРЫМАЎ ТРОЕ СУТАК АРЫШТУ ЗА ЎДЗЕЛ У АКЦЫІ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Учора сябры філіі АГП выйшлі на плошчу ля чыгуначнага вакзалу. Яны трымалі ў руках партрэты зьніклых у Беларусі вядомых людзей. Пазьней да ўдзельнікаў пікету далучыўся Тадэвуш Гавін, які ўзяў у рукі партрэт Генадзя Карпенкі. Зьявілася міліцыя, пікет сталі здымаць на відэ. Тадэвуш Гавін эмацыйна выказаў з гэтым нязгоду. Апроч яго нікога больш не затрымалі.

Паводле словаў Гавіна, міліцыянты яму адразу сказалі, што ён будзе арыштаваны, бо даваць яму штраф, маўляў, ня мае сэнсу – за яго ўсё адно зьбяруць грошы ў Польшчы. Такі прэцэдэнт сапраўды быў. Два гады таму Тадэвуш Гавін быў аштрафаваны за арганізацыю пікету ля будынка Саюзу палякаў, які быў прысьвечаны праблемам польскай школы ў Беларусі.

Сёньня судзьдзя Дзьмітры Дземчанка прызнайў Тадэвуша Гавіна вінным і зачытаў прысуд:

(Дземчанка: ) “Суд пастанавіў спадара Гавіна Тадэвуша Фэліксавіча на падставе артыкулу 156 часткі 1 і артыкула 167 прым 1 АК РБ засудзіць да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на трое сутак”.

Тадэвуш Гавін сказаў, што за кратамі будзе пісаць, магчыма, папрацуе над сваёй новай кнігай. Першая яго кніга “Ойцовізна” выйшла ў 1993 годзе.

Сёньня ж у цэнтры гораду былі затрыманыя 10 дзяўчын і хлопцаў. Гэта адбылося непадалёк ад будынка аблвыканкаму, дзе праходзіла паседжаньне беларуска-расейскага парлямэнцкага сходу, і дзе знаходзіўся А.Лукашэнка. Моладзь абуралася, што вуліцы каля аблвыканкаму перакрытыя міліцыянтамі і нідзе немагчыма прайсьці. У міліцыя іх пратрымалі тры гадзіны і выпусьцілі. Засталася толькі Сьвятлана Нех з Маладой Грамады. Яна запатрабавала, каб міліцыя пісьмова задакумэнтавала яе затрыманьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG