Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА: РАСЕЙСКІ ЎРАД ПАДРЫВАЕ САЮЗ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ


Валер Каліноўскі, Горадня

У бюджэт “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі на 2001 год дагэтуль, фактычна, не паступіла ні капейкі ад расейскага ўраду. Больш за тое – сам бюджэт, ужо зацьверджаны ў сакавіку, у траўні істотна мяняўся расейскім урадам, які так і не пачаў ягонае выкананьне. Гэта падрыў саюзу. Пра гэта сёньня заявіў А.Лукашэнка, выступаючы на сэсіі “парлямэнцкага сходу” саюзу Беларусі і Расеі. Лукашэнка крыўдаваў, што расейскі ўрад не жадае ўзгадняць зь Беларусьсю сваю эканамічную палітыку. Лукашэнка абвінаваціў урад Расеі і ў тым, што той не стварыў умоваў для дзейнасьці выканаўчага воргану “саюзнай дзяржавы” – Сталага камітэту, які ачольвае Павал Барадзін. Лукашэнка вінаваціў урад Расеі ў тым, што ён падвысіў мыты на імпартаваныя тэлевізары, ад чаго церпяць беларускія вытворцы і праграма “Саюзны тэлевізар”. Кіраўнік Беларусі таксама абвінаваціў Расею ў тым, што з Масквы так і не прыйшоў у Менск расейскі крэдыт у памеры 100 мільёнаў даляраў. А.Лукашэнка публічна адмовіўся ад гэтага крэдыту і заявіў, што наўзамен ён возьме аналягічны крэдыт зь Лівіі. А.Лукашэнка прызнаў, што дамова з Расеяй пра роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня таксама праваленая.

Пасьля выказваньня абурэньня за аднаўленьне Расеяй мытнага кантролю тавараў, што ідуць праз Беларусь з трэціх краінаў, А.Лукашэнка заявіў:

(Лукашэнка: ) “Гэта ня проста палітычная праблема. Гэта – разбурэньне саюзу. Далей. У цяперашні час у Расейскай Фэдэрацыі распрацоўваецца праект заканадаўчага акту, накіраванага на лібэралізацыю зьнешнегандлёвай дзейнасьці. Калі ён будзе прыняты без узгадненьня з нашай краінай, я проста скажу, не баючыся перад прэзыдэнцкімі сваімі выбарамі, – канец будзе саюзу”.

Аляксандар Лукашэнка даручыў урадам Расеі і Беларусі ўзгадніць тарыфныя і нетарыфныя ўмовы рэгуляваньня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Калі гэта не атрымаецца, беларускі ўрад пойдзе ў адстаўку нават перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Нягледзячы на глыбокі крызыс гэтак званае “саюзнае дзяржавы”, А.Лукашэнка не зьбіраецца адмаўляцца ад сваіх інтэграцыйных плянаў. Ён адзначыў, што рэфэрэндум па прыняцьці канстытуцыйнага акту “саюзнае дзяржавы” будзе падрыхтаваны неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і што ў наступным годзе будуць праведзеныя выбары ў так званы саюзны парлямэнт. Праўда, да гэтага часу няма агульнай канцэпцыі ўладкаваньня “саюзнай дзяржавы”, але А.Лукашэнка зьбіраецца змагацца за саюз:

(Лукашэнка: ) “Змагацца трэба, змагаца. Нам процістаяць аграмаднейшыя сілы. Спытайце свайго прэзыдэнта, аб чым папярэдзілі міністра абароны цяперашняга, былога дзяржсакратара Расеі ў Вашынгтоне. Вам працытаваць? Калі ласка. Мы даруем вам Чачэнію, мы НТВ вам даруем, мы даруем вам здушэньне свабоды слова (я не дакладна кажу, але прыкладна так), але ніколі, вам, расейцам, не даруем тэндэнцыяў інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Там – нашыя жыцьцёвыя інтарэсы. Я Пуціна пытаю, а дзе ж нашыя тады з вамі інтарэсы, калі ў іх інтарэсы большыя на нашую тэрыторыю, чым у нас тут”.

Сказаў А.Лукашэнка, зьвяртаючыся да саюзных дэпутатаў.

І каб выкананьне саюзных праграмаў было больш эфэктыўным, А.Лукашэнка прапанаваў Генадзю Селязьнёву і Паўлу Бардзіну пакінуць пасьля прыняцьця канстытуцыйнага акту ўсе свае пасады і ўзначаліць ворганы саюзнай дзяржавы.
XS
SM
MD
LG