Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК АБВЕСЬЦІЦЬ АБ СВАІМ ВЫЛУЧЭНЬНІ КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗЫДЭНТЫ БЕЛАРУСІ


Вольга Караткевіч, Прага

(Антончык: ) “Некалькі тыдняў назад на сустрэчы работнікаў розных прадпрыемстваў гораду Менску мы абмеркавалі магчымасьці нашага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі і вырашылі вылучаць са сваіх шэрагаў кандыдата. Мне прапанавалі вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. І гэтую прапанову я прыняў. Заўтра мы правядзем прэсавую канфэрэнцыю, каб давесьці да грамадзкасьці гэтае рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы вырашылі балятавацца?”

(Антончык: ) “На вялікі жаль, усе кандыдаты ад апазыцыі – гэта людзі, так бы мовіць, аднаго твару, гэта людзі, якія прадстаўляюць былую намэнклятуру. Лукашэнка – таксама прадстаўнік намэнклятуры. Зараз многія людзі супраць Лукашэнкі, але яны ня могуць галасаваць зноў за прадстаўніка партгасактыву. У краінах Эўропы ніколі не было вынікаў рэформаў, калі пры ўладзе стаялі прадстаўнікі намэнклятуры. Пры Валэнсу ў Польшчы пайшлі рэформы, у Чэхіі Гавэл – глядзіце, якія перамены. З другога боку, у Расеі Ельцын – былы намэнклятуршчык, Кучма на Ўкраіне – таксама, і глядзіце, у якім стане гэтыя краіны. Калі зараз прыйсьці да ўлады, трэба праводзіць хуткія, імгненныя рэформы”.

(Карэспандэнт: ) “Чым адметная Вашая праграма, лёзунгі?”

(Антончык: ) “Я хацеў бы, каб за мяне свае галасы аддалі работнікі, рабочыя людзі, якія не ва ўсім разумеюць занадта разумныя праграмы. Увесь электарат не зьяўляецца маналітам, і кожнай электаральнай групе патрэбны свой кандыдат. Зараз вось ёсьць пяцёрка. Яны выказваюць інтарэсы ня вельмі вялікай групоўкі людзей. Я належу якраз да тых кандыдатаў, якія могуць спрацаваць на полі Лукашэнкі”.

(Карэспандэнт: ) “Для рэгістрацыі кандыдатам трэба сабраць 100 тысяч подпісаў. На якія структуры Вы разьлічваеце? Ці ёсьць у Вас упэўненасьць, што гэта рэальна?”

(Антончык: ) “Мы стварылі структуры Рабочага саюзу, які ўтварыў фонд “Рабочая самадапамога”. Мы вельмі сур’ёзна і актыўна працавалі апошнія два месяцы. У нас ёсьць магчымасьці і структуры, якія могуць гэта зрабіць”.
XS
SM
MD
LG