Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЗАЯВУ АРАФАТА, СЁНЬНЯ АБСТРЭЛЫ ІЗРАІЛЮ І ТЭРАРЫСТЫЧНЫЯ АКЦЫІ ПРАЦЯГВАЛІСЯ


Кастусь Бандарук, Прага

Загад палестынскага лідэра аб спыненьні агню быў рэакцыяй на найбольш крывавы тэракт за апошнія пяць гадоў. У начной дыскатэцы ў Тэль-Авіве, акрамя самога тэрарыста, загінулі 20 ізраільскіх падлеткаў, пераважна дзеці расейскамоўных імігрантаў з былога Савецкага Саюзу, а таксама двое турыстаў з Украіны. Да замаху прызналася перш арганізацыя “Ісламскі Джыхад”, а затым “Хамас”. Палітычныя лідэры і вайсковыя камандзіры лічаць, што заклік да спыненьня агню зьяўляецца хітрыкам Арафата, каб выйграць час, адхіліць міжнародную крытыку і папярэдзіць ізраільскія ўдары.

Тактычным манэўрам, а ня доказам “зьмены стратэгіі” таксама назваў крок Арафата прэм’ер Ізраілю-Шарон. “Я ня веру ў словы і дэклярацыі, але ў канкрэтныя дзеяньні,” – сказаў ён. Шарон пералічыў тры асноўныя крокі, неабходныя для ажыцьцяўленьня сапраўднага спыненьня агню. Гэта: адмаўленьне ад падбухторваньня да атакаў супраць ізраільцаў, спыненьне тэрактаў і гвалту і, нарэшце, паўторны арышт усіх тэрарыстаў з груповак “Ісламскі Джыхад” і “Хамас”, якіх палестынскія ўлады вызвалілі з турмаў летась у кастрычніку. Да “канкрэтных крокаў” заклікаў палестынцаў таксама дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл.

Аднак ў Ізраілі дамінуе перакананьне, што шанцы на спыненьне агню невялікія. Паводле міністра абароны Ізраілю Біньяміна Бэн-Эліязэра, што праўда, колькасьць атакаў супраць ізраільцаў выразна зьменшылася, але гвалт не спыніўся. Незважаючы на настойлівы заклік лідэра палестынскай аўтаноміі, учора кааліцыя 13-ці палестынскіх партыяў і рухаў, у тым ліку партыя Арафата Аль Фатах, выказалася за працяг дзевяцімесячнага паўстаньня супраць Ізараілю. “Мы ніколі не ўхвалім спыненьне агню без аніякіх папярэдніх умоваў, пакуль не закончыцца ізраільская акупацыя палестынскіх тэрыторыяў,” – заявіў прадстаўнік Хамасу Абдэл Азіз Ранцісі. За працяг інтыфады выказаўся таксама адзін з актывістаў руху Аль Фатах-Марван Баргуці. Аднак пазьней Арафат сабраў частку актывістаў сваёй партыі і тыя згадзіліся спыніць ўжываньне зброі, хаця і не адмовіліся ад пратэстаў і дэманстрацыяў.

Пасьля апошняга тэракту, ізраільскі кабінэт правёў экстранную нараду і загадаў арміі аднавіць акцыі супраць радыкальных ісламскіх груповак. Ананімны прадстаўнік сілаў бясьпекі сказаў, што армія гатовая нанесьці вельмі сур’ёзны паветраны ўдар, аднак акцыя была прыпыненая пасьля ініцыятывы Арафата. Аднак, на ягоную думку, атака непазьбежная, бо “Арафат ўсё роўна вернецца да гвалту і тэрору”.

Пэсымізм адносна рэальнага спыненьня агню відавочны таксама на палестынскім баку. Згодна апошняму апытаньню грамадзкай думкі, тры чвэрці палестынцаў падтрымоўваюць узброенае паўстаньне ўключна з бомбавымі замахамі. Бацька тэрарыста-самагубцы, які, паводле “Хамасу”, зьдзейсьніў замах на дыскатэку, – Гасан Гутэйры сказаў журналістам: “Я хацеў бы мець 20 сыноў, якія зрабілі б тое самае”. Апрача таго, 80 % палестынцаў перакананыя, што Ізраіль ўсур’ёз не зацікаўлены ў спыненьні кровапраліцьця.

Тым ня менш, пакуль Ізраіль паўстрымоўваецца ад буйнамаштабнай апэрацыі супраць палестынцаў, каб даць Арафату прынамсі шанец на рэальнае спыненьне агню. У адказ на дамаганьні рэваншу пасьля наведваньня ў шпіталі параненых у апошнім замаху прэм’ер Ізраілю – Арыель Шарон заявіў: “Трэба глядзець на справы ў шырэйшым пляне. Нават стрыманасьць зьяўляецца доказам сілы”.

У міжчасе міжнародная супольнасьць працягвае высілкі, накіраваныя на спыненьне гвалту і аднаўленьне мірных перамоваў. Пасьля інтэнсыўных тэлефонных перамоваў дзяржсакратара ЗША Паўэла з Шаронам і Арафатам сёньня на Блізкі Ўсход прыбывае з пасярэдніцкай місіяй расейскі пасланьнік.
XS
SM
MD
LG