Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕЛЯЗЬНЁЎ ХОЧА ЗАЦЯГНУЦЬ У БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ САЮЗ УКРАІНУ


Юры Сьвірко, Горадня

Пасьля паездкі на гарадзенскае “Хімвалакно” і паседжаньня гэтак званага парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі старшыня расейскае Дзярждумы зрабіў наступную заяву:

(Селязьнёў: ) “Горадня будзе ўпісаная залатымі радкамі ў гісторыю нашага саюзу, паколькі сёньня тут адбылася вельмі цікавая падзея – створаная міжнародная міжфракцыйная парлямэнцкая арганізацыя “ЗУБР” – за ўзмацненьне добрасуседзкіх стасункаў Украіны, Беларусі і Расеі. Прызначэньне гэтай групы – у грамадзкай думцы сьцьвярджаць неабходнасьць стварэньня славянскай дзяржавы, дамагацца, каб усё ж такі ўкраінскі народ, а самае галоўнае ўкраінскія кіраўнікі, прыйшлі ў саюз Беларусі і Расеі”.

Памкненьні Селязьнёва, аднак, не падзялялі прадстаўнікі беларускага моладзевага руху ЗУБАР і іншых апазцыйных арганізацыяў Гарадзеншчыны, якія скандавалі “Незалежнасьць!”.

З абласнога выканкаму спадар Селязьнёў са сьвітай, у якую ўваходзіў сакратар гэтак званага саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін, паехаў у гарадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт. Сваю сустрэчу з выкладчыкамі і студэнтамі Селязьнёў пачаў наступным чынам:

(Селязьнёў: ) “Вялікая група моладзі, якая наладзіла пікет, крычала “Незалежнасьць, незалежнасьць”. Добрае гэта слова – незалежнасьць…”

Далей сьпікэр думы распавёў пра Ўкраіну:

(Селязьнёў: ) “Яны ўжо сытыя сваёй незалежнасьцю, яны пераканаліся, што іх нідзе ніхто не чакае, тым больш славянскія народы. Яны ўжо гатовыя пабегаць вакол Амэрыкі, вакол Нямеччыны. Набегаліся. Сёньня яны павярнулі на ўсход”.

Аднак Леанід Кучма няпярэдадні ў інтэрвію беларускаму тэлебачаньню (і гэты фрагмэнт ня быў паказаны ў беларускім тэлеэфіры) ясна заявіў, што Ўкраіна свой выбар зрабіла і гэты выбар – Эўрапейскі Зьвяз, а нейкія іншыя ўтварэньні, адрозныя ад агульнаэўрапейскай мадэлі, ня маюць ніякіх пэрспэктываў.

Тым ня менш беларуска-расейскія саюзьнікі лічаць, што такія пэрспэктывы ёсьць. Дзяржаўны сакратар гэтак званае саюзнае дзяржавы Павал Барадзін заявіў сёньня ў Горадні, што цягам найбліжэйшага паўгодзьдзя будзе распрацаваны канстытуцыйны акт саюзнае дзяржавы. Праўда Генадзь Селязьнёў падкрэсьліў, што гэта адбудзецца толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

На сустрэчы ў Гарадзенскіх мэдунівэрсытэце нехта задаў спадару Селязьнёву пытаньне, ці будзе беларуская моладзь служыць у расейскіх гарачых кропках. Дапамагаючы адказаць, старшыня гэтак званага “Савету рэспублікі” Аляксандар Вайтовіч зазначыў, што нормы беларускай канстытуцыі гэта забараняюць. Аднак усе нечакана пачулі ад Генадзя Селязьнёва наступнае:

(Селязьнёў: ) “Я разумею, вядома, гэтая норма запісаная. Але слушна кажуць, у добраахвотным парадку… Мы ж сёньня сказалі, што мы не замежнікі ў дачыненьні адзін да аднаго. Я зусім не выключаю, што малады хлопец, які атрымаў добрыя навыкі ў вашым войску, прыедзе ў Расею зь любой нагодай, знойдзе ваенкамат і будзе дамагацца, каб яго ўзялі на кантракт. Ён дарослы чалавек, ён скажа: “Вось я вырашыў свой лёс зьвязаць”, і нічога ня зробіш. Але, вядома, афіцыйна, – не”.
XS
SM
MD
LG