Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЯ СЕЛЯЗЬНЁВА НЕПАКОІЦЬ ЗАНЯПАД САЮЗНЫХ ПРАЕКТАЎ


Валер Каліноўскі, Горадня

Гарадзенскія ўлады добра паклапаціліся пра ўладкаваньне беларускіх і расейскіх дэпутатаў-інтэгратараў. Учора ўвечары старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка асабіста сустракаў аўтобусы з дэлегацыямі на мяжы вобласьці.

Для сьпікера Дзярждумы Расеі Генадзя Селязьнёва падрыхтавалі адмысловыя праграмы наведваньня прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласьці. Але галоўны клопат мясцовых уладаў — падрыхтоўка да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, якога чакаюць заўтра. Ён выступіць са штогадовым пасланьнем да так званага Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі.

Другое пытаньне на парадку дня сэсіі — выкананьне бюджэту саюзнай дзяржавы на 2001 год, дакладней — сабатаж выкананьня, удакладніў Генадзь Селязьнёў на паседжаньні рады Парлямэнцкага сходу. Фінансаваньне саюзных праектаў сёлета гэтак і не пачалося, і Генадзь Селязьнёў мяркуе, што на гэтую тэму ён пагаворыць з прэзыдэнтам Расеі Пуціным.

Расейскі ўрад абяцаў распачаць фінансаваньне праектаў саюзнай дзяржавы з 15 чэрвеня, але ў Генадзя Селязьнёва няма ўпэўненасьці, што гэтак адбудзецца, таму заўтра ён абяцае гарачую дыскусію на гэтую тэму. Размова будзе жорсткай, у парлямэнтароў шмат прэтэнзіяў да выканаўчай улады, кажа Селязьнёў.

Але ж кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Касьянаў не пачуе гэтых абвінавачаньняў, бо ён у Горадню не прыехаў. Генадзь Селязьнёў прызнаўся, што ўсе саюзныя праблемы яму даводзіцца вырашаць "у нялёгкіх спрэчках — як з выканаўчай уладай, так і з асобнымі палітычнымі структурамі, якія ня бачаць пэрспэктываў нашага саюзу".

Ячшэ адна задача, якую паставіў перад аднадумцамі Генадзь Селязьнёў, — схіліць украінскія ўлады да далучэньня да саюзу Беларусі і Расеі. У Горадню прыбыла даволі вялікая дэлегацыя зь Вярхоўнай рады Ўкраіны, што прадстаўляе тамтэйшую парлямэнцкую групу "ЗУБР".

Зь іншымі ўкраінскімі дэпутатамі ў Горадню прыехала і былая суперніца Леаніда Кучмы на прэзыдэнцкіх выбарах Натальля Вітрэнка, вядомая сваімі лева-радыкальнымі поглядамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG