Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАЗЫРЫ ЗА РАСПАЎСЮД УЛЁТАК ЗАТРЫМАНЫЯ МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ


Казімер Яноўскі, Мазыр

Студэнт політэхнікуму Кірыл Мухін і 15-гадовы гімназіст Яўген Анціпаў вярталіся дамоў з маладафронтаўскага сэмінару пешкі — на аўтобус у іх не было грошай. Якраз выходнымі гарвыканкам падвысіў цану праезду ў грамадзкім транспарце да 150 рублёў. Гэтак мясцовыя ўлады зьбіраюць сродкі на верасьнёўскія "Дажынкі", што мусяць прайсьці ў Мазыры з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

На вуліцы Пралетарскай маладафронтаўцы ляпілі разнастайныя перадвыбарчыя налепкі: "Зрабі правільны выбар!", "Слабадан — гатовы. Саша — будзь гатовы!", "Мазыр — горад маладога фронту".

Сярод згаданых былі і ўлёткі пра зьніклых у Беларусі вядомых палітыкаў ды карыкатуры "Тэлепузік".

Кірыл і Яўген прайшлі па вуліцы кілямэтры з два, а калі зьвярнулі ў садок, у бязьлюднае месца, да іх нечакана падкацілі прыватныя "Жыгулі". Два міліцыянты выскачылі з аўтамашыны і прымусілі юнакоў ехаць у пастарунак.

Там міліцыянты зрабілі ператрус іхных рэчаў. Нескарыстаныя ўлёткі адабралі. Тлумачэньні ў маладафронтаўцаў браў лейтэнант Хілько. Другі афіцэр, які не назваўся, асабліва цікавіўся, дзе маладафронтаўцы набылі ўлёткі і налепкі.

На просьбу юнакоў даць патэлефанаваць старшыні суполкі БНФ Юрасю Чаранкову міліцыянты адказвалі пагрозай пасадзіць за краты. Пра яшчэ адзін бок псыхалягічнага ўціску распавядае сам Кірыл Мухін:

(Мухін: ) "У прыватнай размове міліцыянты давалі зразумець, што пра выпадак з улёткамі даведаюцца ў нашых навучальных установах. Больш за тое, наша дзейнасьць пашкодзіць бацькам на працы. Майму сябру нават казалі, што ягоная маці можа патрапіць пад скарачэньне, што наогул усялякае можа здарыцца".

Пасьля двухгадзінавага затрыманьня маладафронтаўцаў адпусьцілі. Праўда, папярэдзілі, што хутка да іх завітае ўчастковы міліцыянт, каб скласьці пратакол пра парушэньне грамадзкага парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG