Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ МАСАВЫЯ СКАРАЧЭНЬНІ НА ТЭЛЕЗАВОДЗЕ


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў нашаму радыё старшыня прафкаму "Віцязя" Васіль Штэфарук, кампанія скарачэньняў на тэлезаводзе закране больш як 400 работнікаў. Паводле іншых крыніцаў, адміністрацыя зьбіраецца выкінуць на вуліцу 2 000–3 000 чалавек. Дакладную лічбу кіраўніцтва заводу назваць адмаўляецца.

Намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Мікалай Шлюпакоў сёньня пацьвердзіў нашаму радыё, што калектыў "Віцязя" напраўду чакаюць істотныя скарачэньні:

(Шлюпакоў: ) "Скарачэньне колькасьці ў нас ішло і будзе йсьці. Гэта скарачэньне плянавае. Яно зьвязанае з тым, што мы ўвялі жорсткі рэжым эканоміі па ўсіх накірунках. Гэтыя лічбы скарачэньняў не такія ўжо і вялізныя — з нашага пункту гледжаньня, яны асэнсаваныя".

Паводле ягоных словаў, зараз тэлезавод перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень, што выклікана недахопам абаротных сродкаў. Відавочна, што на "Віцязі" неўзабаве варта чакаць зьніжэньня заробкаў. Каб прадухіліць магчымы пратэст працоўнага калектыву, адміністрацыя прымусіла рабочых і спэцыялістаў напісаць заявы пра добраахвотны пераход на новы рэжым. Тым, хто зьбіраўся адмовіцца, прыгразілі скарачэньнем.

Старшыня галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч адной з прычынаў падзеяў на "Віцязі" назваў правал праграмы "Саюзны тэлевізар". Абяцаньні лідэраў Беларусі й Расеі стварыць з дапамогай гэтай праграмы канкурэнтаздольны тэлевізар ня спраўдзіліся. Гаворыць Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) "Гэта так, "Саюзнага тэлевізара" няма. Я быў у Маскве — у Расеі няма каму яго рабіць. У Расею напачатку траўня па дэмпінгавых цэнах завезьлі мноства тэлевізараў марак "Панасонік" і "Самсунг". Калі раней розьніца цэнаў замежных тэлевізараў і нашых была 50 даляраў, то зараз, пасьля завозу гэтых тэлевізараў стала ўсяго 10 даляраў. Таму насельніцтва згубіла цікавасьць да беларускіх тэлевізараў. Хто даў каманду на такі завоз замежнай прадукцыі, невядома. Я мяркую, што гэта вырашалася ўплывовымі асобамі, якія кіруюць Расеяй".

Незадаволеныя так званым "шэрым" імпартам замежных тэлевізараў і рэалізацыяй праграмы "Саюзны тэлевізар" і ейныя ўдзельнікі з расейскага боку.
XS
SM
MD
LG