Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАСПАД АПАЗЫЦЫІ ПАЧАЎСЯ Ў 1996 ГОДЗЕ…” ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Шмат лістоў у нашай пошце апошніх дзён на тэму становішча ў дэмакратычнай апазыцыі. Тактыку апазыцыйных палітыкаў, абраную імі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, нашыя слухачы пераважна крытыкуюць і выказваюць сумнеў у тым, што яна можа быць плённай.

Вось які ліст на гэтую тэму даслаў Алесь Цадко, рабочы з Маладэчна Менскай вобласьці. Ён піша:

"Не магу маўчаць пра тое, што творыцца ў нашай зьнявечанай краіне. І ўсё гэта пры поўнай неэфэктыўнасьці апазыцыі, якая страціла былы давер. Між тым, людзей, якія чакаюць новага лідэра, можа набрацца больш за палову.

Апазыцыя цяпер ёсьць аморфным целам. А пачаўся яе распад у 1996 годзе, з дапамогай маскоўскіх сяброў Сямёна Шарэцкага — Ягора Строева ды Генадзя Селязьнёва. Не дайшла тая навука да нашых апазыцыянэраў і дасёньня — зноў яны сталі езьдзіць на маскоўскія агледзіны ды запрашаць сюды расейскіх дарадцаў.

Што тычыцца нашай мясцовай маладэчанскай апазыцыі, то ганьбай выглядае іхны наіўны зварот да мясцовай намэнклятуры пра сумесную барацьбу супраць Лукашэнкі. Да каго яны зьвяртаюцца? Да паплечнікаў Лукашэнкі, якія атрымалі ад яго пасады і цёплыя месцы, якія папрыяжджалі сюды з Расеі й якіх не хвалюе лёс незалежнасьці дзяржавы.

Апазыцыя, якая дагэтуль ня вызначылася з адзіным кандыдатам, паказвае сваю слабасьць. А гэта для Беларусі далейшая нэндза, страта незалежнасьці і ўрэшце — будучыні. Здаецца, што ўласныя амбіцыі для будучых кандыдатаў вышэйшыя за лёс Бацькаўшчыны.

Зрэшты, ёсьць кандыдат, за якога я прагаласаваў бы. Гэта — шчыры патрыёт Зянон Пазьняк. Але, думаю, цяперашняя ўлада, баючыся яго, не дапусьціць нават ягонай рэгістрацыі. Досьвед ужо ёсьць — нядаўнія выбары ў так званую "палату прадстаўнікоў", — напісаў Алесь Цадко з Маладэчна.

Думаю, што агульныя і катэгарычныя абвінавачаньні на адрас апазыцыі, спадар Цадко, усё ж пакуль заўчасныя. Датэрміновы старт у выбарчай кампаніі — справа такая ж небясьпечная, як і старт запозьнены.

Што да маскоўскіх паездак беларускіх апазыцыйных палітыкаў… Расейскі фактар мае істотнае значэньне для таго, як будуць разгортвацца падзеі ў Беларусі. Гэтаксама пазыцыя мясцовай улады (а настроі ў асяродзьдзі чыноўнікаў розныя) будзе іграць выключна важную ролю ў выбарчай кампаніі. Так што разважлівы палітык павінен улічваць усе гэтыя моманты, зацятасьць ды непрымірымасьць тут, на маю думку — благія памочнікі.

Ліст ад Мікалая Лемяшонка з Рэчыцы. Спадар Мікалай таксама мае вялікі сумнеў у тым, што ў Беларусі магчымыя хуткія зьмены. Ён піша:

"Доўгі час я працаваў у Цюмені і быў адарваны ад беларускіх рэаліяў. Цяпер вярнуўся ў Беларусь — і нібыта трапіў у мінулае. Беларускае тэлебачаньне — гэта горш, чым савецкая прапаганда. Адна лаянка і бруд, ніякіх навінаў, на экране ўвесь час адзін вусаты твар.

Няўжо беларусам яшчэ нешта не зразумела? А калі зразумела — чаму церпяць, чаму моўчкі назіраюць за гэтым сьмешным "усебеларускім" сходам, які аплочаны зь іхных жа кішэняў? Раз церпяць — значыць, вартыя такіх кіраўнікоў і такога жыцьця. Млосна, бо гэта ж мой народ, мая радзіма.

Але жыць у гэтым балоце, працаваць за мізэрныя грошы і яшчэ цярпець такую ўладу — не, я не самазабойца. Давядзецца зноў ехаць у Расею. Думаю, разумныя людзі ўжо даўно адсюль зьехалі. А хто ня зьехаў — няхай спажываюць тое, што заслужылі сваім выбарам", — лічыць Мікалай Лемяшонак з Рэчыцы.

Пазыцыю Мікалая падзяляе Барыс Селіванаў з расейскага гораду Лабінску Краснадарскага краю. Ён піша:

"Недалёка ад нашага краю, у Чачэніі, гінуць і зьнікаюць людзі — там ідзе вайна. А што адбываецца ў Беларусі? Чаму ў вас зьнікаюць і гінуць людзі?

Загадкавая сьмерць Карпенкі, зьнікненьне Захаранкі і Ганчара…

Чаму такія асобы як Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Сямён Шарэцкі ды многія іншыя ў вымушанай эміграцыі? Чаму такіх інтэлігентных палітыкаў як Станіслаў Шушкевіч, Павал Казлоўскі абліваюць брудам? За што судзяць і штрафуюць прыстойных людзей? І чаму асноўная маса жыхароў Беларусі ставіцца да гэтага спакойна, а пры зьяўленьні Лукашэнкі паслужліва й прыніжана ўсьміхаецца?

Няўжо ў вас ня могуць сабраць мільёну подпісаў, каб правесьці мэдычнае абсьледаваньне Лукашэнкі? Калі ён хворы — яго трэба лячыць", — напісаў Барыс Селіванаў з расейскага гораду Лабінску Краснадарскага краю.

Пытаньні зусім лягічныя і зразумелыя, іх і ў Беларусі, і за яе межамі задаюць многія. Але ці варта, ці правамерна, спадары Мікалай і Барыс, так жорстка патрабаваць ад кожнага праяваў грамадзянскай пазыцыі? Быць палітычна актыўным у сёньняшняй Беларусі небясьпечна — небясьпечна для сябе і сваёй сям'і, для сваёй кар’еры, урэшце — нават для ўласнай бясьпекі.

Грамадзянін павінен мець права свабодна выказаць свае адносіны да гэтай улады ў часе справядлівых дэмакратычных выбараў — і вымагаць ад людзей большага, катэгарычна патрабаваць самаахвярнасьці й пераадоленьня страху за сябе і сваю сям'ю, наўрад ці выпадае. Калі такія выбары ў Беларусі адбудуцца — сытуацыя, я ўпэўнены, зьменіцца.

Ліст ад Галіны Гурыновіч і Веры Герасімовіч з пасёлку Лясны Менскага раёну. Яны выказваюць да Радыё Свабода шэраг прэтэнзіяў:

"Слухаем вашы перадачы на працягу сямі гадоў. І заўважаем, што яны апошнім часам зьмяніліся. І не заўсёды да лепшага. Усё часьцей інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, скажаецца. Вось, напрыклад, 18 траўня а 22-й гадзіне ў аглядзе навінаў было паведамлена, што АГП увечары ладзіла "Жывы ланцуг неабыякавых людзей" уздоўж праспэкту. Падчас гэтай акцыі быў затрыманы Валер Шчукін, а таксама іншыя.

У гэтым жа выпуску паведамлялася, што спадарам Анцыповічу і Юхо былі ненесены цяжкія цялесныя пашкоджаньні, і "хуткая дапамога" даставіла іх у бальніцу. Але тое, што гэтыя спадары — сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і што затрымалі іх яшчэ раніцай, калі яны ладзілі пікет на Кастрычніцкай плошчы — пра гэта ня згадвалася.

Праз такую падачу інфармацыі недасьведчаныя людзі ўвогуле губляюць арыентацыю ў тым, whо is whо. І гэта ня першы выпадак. Доўгі час вы называлі Вінцука Вячорку старшынём Беларускага Народнага Фронту, хоць ён — старшыня БНФ. Такі падыход ня робіць гонару Свабодзе, якая вядомая сваёй аб’ектыўнасьцю і дэмакратызмам", — напісалі Галіна Гурыновіч і Вера Герасімовіч з пасёлку Лясны Менскага раёну.

Мы вельмі падрабязна распавядалі ў сваіх праграмах пра падзеі 18 траўня, калі ў Менску праходзіў "Усебеларускі сход" і калі ўлады разганялі ўдзельнікаў акцыяў пратэстаў у цэнтры сталіцы.

Пра пікетаваньне, якое ў той дзень з раніцы наладзілі на Кастрычніцкай плошчы актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, быў асобны сюжэт, а пазьней — і інтэрвію з тымі, хто пацярпеў ад гвалту спэцслужбаў. Партыйная прыналежнасьць пацярпелых ды ініцыятараў акцыі, спадарыні Гурыновіч і Герасімовіч, у тых падрабязных сюжэтах згадвалася.

А вось у кароткіх выпусках навінаў на пачатку і ў сярэдзіне гадзіны, натуральна, інфармацыя падавалася ў скароце, і многія дэталі апускаліся. І гэта зусім ня ёсьць скажэньнем інфармацыі.

Што да старога пытаньня пра тое, каму пасьля расколу Беларускага Народнага Фронту належыць абрэвіятура БНФ, то яно даўно вырашанае. Дзьве новыя партыі мы называем гэтак, як яны зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі — Партыя БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

На заканчэньне — кароткая цытата зь ліста пэнсіянэркі зь Менску Таісы Стаўскай. Яна піша:

"Амаль кожны дзень слухаю вашы перадачы. Дзякуй вам, што вы ёсьць. Гэта такая патрэбная справа! Вы ўсё правільна кажаце. Але адбываецца ў нас ня так, як трэба. Навокал такое бяспраўе. Але я ўпэўненая, што хутка ўсё зьменіцца, бо далей так працягвацца проста ня можа", — лічыць пэнсіянэрка Таіса Стаўская.

Дзякуй вам, спадарыня Стаўская, за добрыя словы.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Ніны Кірычун зь Берасьця, Міхаіла Паўлава зь вёскі Сянькова Горацкага раёну, Андрэя Завацкага са Смаргоні, Валера Бурэніна з Клецку, Георгія Белаконя з Калінкавічаў, Алеся Марціновіча з Баранавічаў і Эдуарда Тобіна са Смалявічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


XS
SM
MD
LG