Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО АДЗІНЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗЫДЭНТА БУДЗЕ ВЫЗНАЧАНЫ Ў ЧАСЕ ЗБОРУ ПОДПІСАЎ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што адзіны кандыдат хутчэй за ўсё будзе вызначаны ў часе збору подпісаў.

(Лябедзька: ) "Мы лічым памылкай тое, што мы ня вызначыліся з адзіным кандыдатам да пачатку збору подпісаў. Зараз лічым, што яшчэ застаецца мажлівасьць вырашыць гэтае пытаньне на этапе збору подпісаў. Мы пакуль ня ведаем, які рэальны рэсурс ёсьць у кожнага з гэтай чацьвёркі. І гэта выявіцца менавіта на этапе збору подпісаў. Там узьнікнуць даволі зразумелыя сытуацыі — ці здольны той ці іншы кандыдат сабраць 100 тысячаў подпісаў, і ня проста сабраць, а сабраць якасна".

Анатоль Лябедзька невыпадкова сказаў "чацьвёрка", а не "пяцёрка", бо, паводле яго, Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў арыентуецца на чатырох прэтэндэнтаў, але падтрымлівае і пятага — Сяргея Калякіна, дзеля пазытыўнага палітычнага фону.

Што да таго, хто стане найбольш верагодным адзіным кандыдатам у прэзыдэнты, то спадар Лябедзька адзначыў наступнае:

(Лябедзька: ) "Ёсьць сымпатыі, і ёсьць вынік працы саміх прэтэндэнтаў на ўзроўні рэгіянальных структураў. І значная большасьць арганізацыяў заявіла аб сваім жаданьні працаваць на этапе збору подпісаў(я гэта падкрэсьліваю) на спадара Домаша. Ёсьць арганізацыі, якія працуюць на Чыгіра, ёсьць асобы, якія працуюць з Паўлам Казлоўскім і са спадаром Ганчарыкам".

Анатоль Лябедзька закрануў таксама тэму дачыненьняў ягонай партыі й КРДС. Прадстаўнікі АГП пакуль не прыхільнікі таго, каб бліжэйшым часам Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў абмяркоўвала пытаньне вылучэньня адзінага кандыдата.

Паводле Анатоля Лябедзькі, прыярытэтам КРДС на пэрыяд выбарчай кампаніі ёсьць стварэньне інфраструктуры прэзыдэнцкай кампаніі. І такая праца ўжо вядзецца:

(Лябедзька: ) "Створаная рабочая група па працы з выбарчымі камісіямі і з падрыхтоўкай кандыдатаў, якіх мы прапануем для ўключэньня ў выбарчыя камісіі. Другі накірунак — гэта назіраньне. Рэальнасьць такая, што на 70% у сыстэму назіраньня ўваходзяць сябры нашых партыяў, членаў КРДС, альбо тыя людзі, якія імі прыцягнутыя да гэтай працы. Трэці накірунак — гэта мабілізацыйная кампанія".

Як патлумачыў Анатоль Лябедзька, мабілізацыйная кампанія будзе ладзіцца адпаведнымі арганізацыямі сярод моладзі й прадпрымальнікаў. А працэдурай вылучэньня адзінага кандыдата, мяркуе лідэр АГП, акрамя КРДС, павінна займацца сама "чацьвёрка" кандыдатаў і, магчыма, грамадзкая ініцыятыва на чале з Васілём Лявонавым.

(Лябедзька: ) "Якая працэдура? Мы лічым, што гэта магла быць калегія выбаршчыкаў, у склад якой маглі бы ўвайсьці вядомыя людзі, да якіх маюць давер усе чатыры прэтэндэнты. Я думаю, што калі ў склад такой калегіі выбаршчыкаў увайшлі б такія вядомыя асабы як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, спадар Жэлязоўскі, альбо той жа Бураўкін, Луцэнка, то да іх быў бы абсалютны давер з боку патэнцыйных прэтэндэнтаў", — мяркуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG