Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе зь беларускай прэсай "пасьля Лукашэнкі?"


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Ужо сёньня, за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў, многія ў Беларусі, людзі самых розных прафэсійных сфэраў свае асабістыя жыцьцёвыя пляны падладжваюць пад разьвіцьцё палітычных падзеяў у Беларусі.

Гэтыя мары і развагі канцэнтруюцца ў простую формулу: "А што будзе пасьля? Кім я буду пасьля? Пасьля Лукашэнкі, пасьля дыктатуры, пасьля рынкавага сацыялізму".

Наша праграма, якая прысьвечаная праблемам прэсы, разгледзіць пытаньне "Што будзе зь беларускімі мэдыямі пасьля магчымых палітычных зьменаў у нашай краіне".

Як будуць мяняцца беларускія сродкі масавай інфармацыі пасьля лібэралізацыі эканамічнага і палітычнага жыцьця ў краіне? Якія законы і якія палажэньні ў заканадаўстве трэба мяняць? Ці гатовыя, урэшце, самі супрацоўнікі мэдыяў да пераменаў?

Зразумела, што грунтоўныя перамены, якія будуць у краіне пасьля зьмены палітычнай улады, патрабуюць грунтоўнага ж падыходу. Ці ёсьць у каго-небудзь канкрэтны плян рэфармаваньня беларускіх мэдыяў?

Як гэта ні дзіўна, але такі плян ёсьць. Распрацаваны ён у Беларускай Асацыяцыі Журналістаў і называецца "Канцэпцыя рэфармаваньня заканадаўства аб СМІ". Пра яе нам распавядае Андрэй Бастунец, экспэрт Цэнтру прававой дапамогі СМІ".

(Бастунец: ) "У канцэпцыю ўваходзіць прыняцьце новых законаў аб друкаваных СМІ, аб тэлебачаньні, аб свабодзе СМІ. Наагул, закон аб свабодзе мэдыяў — фундамэнтальны акт, на якім будзе будавацца астатняе заканадаўства. Таксама закон аб дэманапалізацыі СМІ і іхнай прыватызацыі.

Аднак справа ня толькі ў назвах законаў, а ў падыходах. А падыход такі — СМІ павінны стаць незалежнымі, у тым ліку арганізацыйна — найперш ад дзяржавы".

(Цыганкоў: ) "Зараз у Беларусі найбольшыя наклады маюць менавіта дзяржаўныя газэты, якія акрамя непасрэдных бюджэтных датацыяў яшчэ й карыстаюцца ўсялякімі прывілеямі ад дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду. Ці павінна застацца ў Беларусі дзяржаўная прэса?"

(Бастунец: ) "Я і адмыслоўцы БАЖу лічым, што не павінна заставацца дзяржаўных СМІ. І найперш трэба прыватызаваць друкаваныя СМІ. Як гэта зрабіць — гэта пытаньне іншае і даволі складанае.

Я лічу, што першым крокам яшчэ тады, калі гэтыя мэдыі будуць дзяржаўнымі, будзе замена галоўных рэдактароў. Дзяржава — заснавальнікі на падставе дзеючых кантрактаў могуць, дзе гэта будзе патрэбна, зьмяніць рэдактароў. Што будзе далей — вядома, гэта праца не аднаго дня ці месяца.

Калі гаварыць пра эканамічныя праблемы, то трэба, на наш погляд, для ўсіх СМІ на пэўны пэрыяд увесьці падатковыя ды іншыя ільготы".

(Цыганкоў: ) "Зразумела, што тут могуць быць выключэньні, зьвязаныя са своеасаблівасьцю моўнай сытуацыі ў Беларусі. Для падтрымкі пэўных культурна-асьветніцкіх мэдыяў павінен быць створаны адмысловы Фонд падтрымкі прэсы, сродкі ў які будуць паступаць у тым ліку і зь бюджэту.

Аднак, відавочна, што самая цяжкая праблема рэфармаваньня беларускай прэсы палягае не ў прыватызацыі газэтаў, а ў разьдзяржаўленьні тэлебачаньня. Ці павінна заставацца дзяржаўнае тэлебачаньне, ці можа быць прыватызаваны гэты канал?

Досьвед краінаў Усходняй Эўропы паказвае, што нават пасьля дзесяцігодзьдзя пераменаў у гэтых дзяржавах поруч з прыватнымі тэлеканаламі застаецца канал, які захоўвае статус грамадзкага".

(Бастунец: ) "Мы лічым, што павінен быць грамадзкі канал. Падыход такі — дзяржава большую частку акцыяў гэтага каналу перадае ці прадае іншым акцыянэрам.

У грамадзкім тэлебачаньні верагодна, не павінна быць замежнага капіталу. Але мусяць быць прыватныя каналы, дзе можа быць замежны капітал.

Будзе грамадзкая Рада, якая будзе кіраваць гэтым тэлебачаньнем. У Раду могуць увайсьці прадстаўнікі творчых саюзаў, вядомыя людзі".

(Цыганкоў: ) "Ці маюць інтарэс да нашых СМІ замежныя інвэстары і наколькі іхны магчымы прыход можа зьмяніць стан беларускіх мэдыяў? Звычайна адразу пасьля перамогі дэмакратычных сілаў у краінах Усходняй Эўропы там зьяўляліся заходнія інвэстыцыі ў мясцовыя СМІ. Як будзе ў Беларусі? Рэдактар часопіса "Кур’ер" Ігар Гермянчук лічыць, што сытуацыя ня вельмі адназначная".

(Гермянчук: ) "Інвэстары, безумоўна, зьявяцца і ў мэдыях, але нават у выпадку палітычнай і эканамічнай лібэралізацыі ў Беларусі гэтага ня будзе адразу — не на наступны дзень і не на наступны год. Як і ў іншых галінах, інвэстары, якія плянуюць укладаць у Беларусь грошы, будуць прыглядацца прынамсі год-два.

Акрамя таго, яны будуць глядзець, наколькі гэта прыбытковая справа. Калі ажыве рэклямны рынак, больш будзе бізнэсу і рэклямадаўцаў — тады будуць больш пэрспэктыўна выглядаць мэдыйныя праекты.

Такім чынам, ня трэба разьлічваць, што адразу пасьля палітычнай лібэралізацыі сюды адразу паваляць інвэстары".

(Цыганкоў: ) "Ці трэба ўсталёўваць абмежаваньні для замежных інвэстараў? Як павінна дзяржава ставіцца да замежнага капіталу ў СМІ? Ці можна паставіць пэўныя абмежаваньні для іх што да валоданьня беларускімі мэдыямі?"

(Бастунец: ) "Гэта пытаньне вельмі складанае. Якраз зараз у Літве адбываецца такі працэс — замежныя інвэстары пачынаюць дыктаваць умовы на рынку СМІ. Менавіта гэтую праблему зараз разглядаюць у Літве — дачыненьні з замежнікамі, а не зь дзяржавай, як у нас. Таму іхны досьвед таксама трэба ўлічваць.

Мы мяркуем, трэба будзе дапускаць замежнікаў на гэты рынак, каб ён разьвіваўся. Але трэба нейкія межы ўсталёўваць — магчыма, антыманапольнае заканадаўства, магчыма, абмежаваньне працэнтаў, якімі валодаюць замежныя інвэстары ў статутным фондзе СМІ.

У першую чаргу, канечне, гэта павінна рабіцца для телебачаньня. Што да друкаваных СМІ, то магчыма, яны могуць знаходзіцца ў рукох замежнікаў — гэта мы пакуль дапускаем".

(Цыганкоў: ) "Але Ігар Гермянчук лічыць, што ніякіх перашкодаў для інвэстараў сёньня рабіць ня трэба".

(Гермянчук: ) "Па першым часе ня трэба ўводзіць ніякіх адмысловых абмежаваньняў. Мы яшчэ ня бачым, каб нехта з інвэстараў быў гатовы сюды прыйсьці, а ўжо гаворым пра нейкія абмежаваньні. Гэта можа адштурхнуць інвэстараў. З разьвіцьцём сытуацыі гэта ўсё можна будзе карэктаваць.

Прыкладам, у польскіх мэдыях удзельнічае значны працэнт заходнеэўрапейскіх інвэстараў — і гэта не зрабіла мэдыі менш свабоднымі. Думаю, заходні інвэстар — гэта нават лепш за мясцовага алігарха, які разглядае СМІ як сродак палітычнай барацьбы і палітычнага ўплыву.

Заходнія інвэстары кіруюцца бізнэс-інтарэсамі, а не палітычнымі. У гэтым пляне яны больш пэрспэктыўныя для свабоды прэсы, чым мясцовы алігарх альбо бізнэсовец з Расеі, які таксама можа мець тут свае палітычныя інтарэсы.

Акрамя таго, нікуды мы не падзенемся без заходніх інвэстараў. Як у іншых галінах, так і ў мэдыях, толькі заходнія інвэстыцыі могуць дапамагчы хутка разьвіцца мэдыям. Асабліва гэта тычыцца электронных СМІ. Тут толькі з дапамогай заходніх грошай можна будзе дасягнуць якасьці".

(Цыганкоў: ) "Можа, хтосьці палічыць, што разважаньні пра тое, якімі будуць беларускія мэдыі пасьля Лукашэнкі маюць выключна тэарэтычны і дактрынэрскі характар. Мне ж здаецца, што такія развагі вельмі патрэбныя і своечасовыя.

Бо найгорш, калі палітыкі, заклікаючы за іх галасаваць, ня ведаюць, што рабіць з краінай, якая ім дасталася, ня маюць канкрэтнай праграмы сваіх дзеяньняў пасьля прыходу да ўлады. У беларускіх журналістаў такая праграма ёсьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG