Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯЛЕЙЦЫ ТАКСАМА ХОЧУЦЬ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ ПРА ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Алесь Мікалайчанка, Вялейка

Гэты пікет у Вялейцы меў перадгісторыю. Блізу 6-й гадзіны раніцы нехта на воданапорнай вежы ўсталяваў бел-чырвона-белы сьцяг. Яго, дарэчы, міліцыянты і пажарныя здолелі зьняць толькі празь дзьве з паловай гадзіны.

Яшчэ праз паўтары гадзіны 30 вялейскіх і менскіх актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале са старшынём АГП Анатолем Лябедзькам разгарнулі пікет непадалёк ад уваходу ў парк, што ў цэнтры гораду.

Яны трымалі партрэты вядомых людзей, якія зьніклі альбо загінулі пры загадкавых акалічнасьцях — Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі, Анатоля Майсені, Зьмітра Завадзкага і Анатоля Красоўскага. Тацяна Клімава, жонка вязьня сумленьня, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава, трымала партрэт свайго мужа.

Жыхары места, што адпачывалі ў парку, зычліва ставіліся да пікетоўнікаў. Вялейчане распытвалі тых пра пошукі зьніклых, пра цяперашнюю сытуацыю вакол прэзыдэнцкіх выбараў. Кожны атрымліваў па спэцвыпуску "Народнай волі" і "Нашай свабоды", дзе можна было знайсьці больш падрабязныя адказы на гэтыя пытаньні.

Праўда, удзельнікаў акцыі прымусіў пахвалявацца адзін з кіраўнікоў гарадзкой міліцыі, падпалкоўнік Шлянскоў, які спачатку меў намер скласьці на ўсіх пратаколы. Аднак лідэр філіі АГП Уладзімер Малярчук здолеў даказаць, што стаяць з партрэтамі ды раздаваць газэты, выдадзеныя законным чынам, ня ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку. Таму акцыя абышлася без затрыманьняў. А доўжылася яна да 11-й гадзіны раніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG