Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК БУДУЕЦЦА: КУДЫ І НАВОШТА?


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Пачатак першага лета новага тысячагодзьдзя. Пачатак вандровак і працяг пазнаньня свайго краю. "Хай жа ўсе, усе хто можа, возьмуць свой кіёк дарожны" - як пісаў Багушэвіч. Традыцыйна ў "Вострай Браме" мы выпраўляемся ў паходы і паездкі. Мы сочым, як зьмяняецца наш край. І вось першае візуальнае ўражаньне. У Менску. Калі пад'яжджаеш да сталіцы з боку Ракава. Вуліца Прытыцкага. У горадзе разгорнутае шырокамаштабнае будаўніцтва. Шэрыя мурашнікі тутэйшых мікрараёнаў разрастаюцца ва ўсе бакі. Нічога архітэктурна адметнага - бэтон і бэтон. Што да астатняга - да псыхалягічнага і культурнага кантэксту гэтых зьменаў менскага краявіду, дык тут адназначнай высновы ня зробіш.

Патэнцыяльны вынік гэтага будаўніцтва - рост рэйтынгу ўладаў. Перад выбарамі. "Што б вы ні казалі пра Лукашэнку, але паглядзіце, як пры ім усё будуецца". Дасьведчаныя людзі кажуць, што на менскія будоўлі кінутыя ўсе "чарнобыльскія" грошы. А таксама грошы, адцягнутыя з правінцыі. Таму, дарэчы, з рэйтынгам тут могуць быць праблемы: дзесьці дадаецца, а дзесьці адымаецца. Натуральна, добра, калі хоць нехта атрымае кватэру. Сям'я ня будзе туляцца пра інтэрнатах ці ў прыжывалах. Але ж варта прыгадаць савецкі досьвед. Колькі ні будуй, а такім вось спосабам жыльлёвую праблему ня вырашыш. Усё ж такі ня ў колькасьці тут справа. Дзяржава раздае кватэры сваім грамадзянам, у якіх заробкаў ледзьве хопіць, каб заплаціць у тых кватэрах камуналку. Ёсьць у гэтым і псыхалягічная загана. Пабуджальны матыў зарабіць на сваё жыльлё, збудаваць свой дом, матыў гаспадара ў масавай сьвядомасьці так і ня выціснуў чаканьне падачкі ад дзяржавы - матыў утрыманца. Кошт жыльля вымяраецца не грашыма і ня ўласнай працай, а дзесяцігодзьдзямі гэтага самага чаканьня. Вось пра што думаеш, пакуль за вакном аўтобуса плывуць гэтыя мурашнікі зь яшчэ незашклёнымі вокнамі. Многа - сапраўды вельмі шмат. Сапраўды ўражвае.

А яшчэ ўяўляеш сабе жыцьцё ў гэткім мурашніку, у бэтонным катуху. Мне прыгадаўся візыт да аднаго старога пісьменьніка. У такім самым блёчна-бэтонным доме на якім сёмым паверсе. У пісьменьніка ўсё пэрсанальнае - і кабінэт зь бібліятэкай, і кампутар, і сам ягоны арыгінальны лад жыцьця. І толькі кватэра не пэрсанальная. Не ўспрымаецца, як пэрсанальная. Гэткі моцны кантраст адчуваеш, калі пераступаеш праз калюгі ў пад'езьдзе з абшарпанымі і сьпісанымі сьценамі, калі ўяўляеш, як ён, хай сабе і за дзьвярыма, але ўсё адно - пасярод ГЭТАГА - піша ў цішыні ночы, слухаючы, як за адной сьцяной мужык выхоўвае жонку да самага сьвітанку, а за другой сьцяной з раніцы самотнік-бацька падымае ў школу дзяцей. Чамусьці абавязкова раве і абавязкова матам. За трэцяй сьцяной - гулянка з музыкай. Зрэшты, можа, для літаратара гэта якраз і матэрыял - падслуханыя шчыраваньні суседзяў... Скуль, так бы мовіць, вы чэрпаеце вашы гісторыі і вобразы? Слухаю сьцены...

Мае назіраньні надзвычайнага разбудоўваньня Менску сталы аўтар нашае перадачы Зьміцер Бартосік дапоўніў уласнымі ўражаньнямі ад паездкі ў прадмесьце Воршы, у пасёлак Барань, дзе яму давялося выступаць разам зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым.

(Зьміцер Бартосік: ) "Ужо трэці год я ежджу па краіне ў кампаніі з Уладзімерам Арловым на "творчыя сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі". Так дыпляматычна называюць нашыя выступленьні арганізатары на месцах. Дзе мы толькі ні перабывалі. Нават у актавай залі райвыканкаму аднаго тыповага пасёлку гарадзкога тыпу з адзіным помнікам, вядома каму. Назву пасёлка не называю адмыслова. Уявіце сабе тую залю з усімі райвыканкамаўскімі сьвятынямі. Гіпсавай капустай, чырвона-зялёным сьцягам у куце ды партрэтам першага пад стольлю. Заля запоўненая настаўнікамі, мясцовай прагрэсіўнай інтэлігенцыяй ды пераважна дзецьмі старэйшых клясаў. І чым далей, тым больш сымпатыі паміж выступоўцамі ды публікай. Бо беларускія пісьменьнікі, (зрэшты, а якія яшчэ тут могуць быць пісьменьнікі) кажуць не пра тое, як трэба любіць родную мову. Яны распавядаюць пра сваё першае каханьне, сьпяваюць палітычныя памфлеты, чытаюць эратычныя вершы, ды адказваюць на любыя пытаньні. Нават на самыя вострыя. І ў гэты самы час, у гэтай самай залі паралельна ідзе праца па падрыхтоўцы заўтрашняй усебеларускай нарады з удзелам прэзыдэнта. Таго самага, які ласкава паглядае са сьцяны й якога скланяюць у мінулым часе сталічныя госьці. І ўсе прысутная разумеюць, што гэта ня мы замінаем настройваць вэртыкальную апаратуру, а яны замінаюць нам займацца самай неадкладнай справай у дадзены момант і менавіта ў гэтым месцы. Адзін толькі няшчасны чыноўнічак ходзіць нэрвова па фае, паўтараючы: "Я знаў, чэм усё эта закончыцца. Я знаў".

Калісьці Арлова разрывалі на сустрэчы з чытачамі па частках. І сустрэцца з усімі ахвотнымі Ўладзімер проста быў ня ў стане. Пакуль не настаў травень 95-га. Пасьля якога колькасьць запрашэньняў скарацілася разоў у сто. З таго моманту Арлоў вырашыў ніколі не адмаўляцца ад запрашэньняў. Куды б ні паклікалі, і ў які б нязручны час. Мне вельмі імпануе такая пазыцыя Ўладзімера. Днямі мы зь ім адправіліся ў горад Барань.

Пасьля гэтай паездкі я канчаткова прыйшоў да аднае простае высновы. Самыя ўдзячныя слухачы, калі ня самыя сапраўдныя беларусы жывуць ў самых закінутых, жудасных, няўтульных гарадках. Такіх, як тая Барань.

Пасьля санлівай ды роўнай эўрапейскай трасы нумар трыццаць, што злучае Маскву з Парыжам трэба збочыць у бок Воршы, каб крыху ўзбадзёрыцца на калдобінах ды ўзгадаць, што едзеш не ў Парыж. А ў значна больш цікавае месца.

Што рабіць у Барані? Вельмі няпростае пытаньне. У Барані, заштатным гарадку, у параўнаньні зь якім нават блізкая Ворша падаецца мэгаполісам. Населеным пункце, які язык не паварочваецца назваць мястэчкам. Жылою зонаю, дзе за любым вакном будзе адзін і той жа краявід – брудныя дамы стылю "баракка", пыльныя вуліцы ды іржавыя гаражы. Напаўразбуранай ваданапорнай вежы цалкам падыйдзе роля вежы Пізанскай. І па дамінанце, і па прыгажосьці.

І што тут рабіць, як толькі не сьпівацца? Гэта першае што звычайна прыходзіць мне ў галаву, як толькі апынаюся на дабітых вуліцах, на якіх машыны доўга не жывуць. Але менавіта тут у нас будзе такі прыём, пасьля якога гэты ж самы краявід ужо не падасца безнадзейным. Наадварот, менавіта ў такіх гарадах колькі разоў мне давалі зразумець, што не дарэмна жыву. Таму што, можа, менавіта ў такіх краявідах людзям, як нідзе, хочацца Беларусі Прыгожай.

Нашу сустрэчу ў Барані арганізаваў Генадзь Шэпелеў. Гледзячы на гэтага прыгажуна-мужчыну, былога афіцэра дэсантных войскаў, сёньняшняга прадпрымальніка й заўжды шчырага беларуса, я дзіўлюся. Як яму ўдалося захаваць той запал канца 80-х - пачатку 90-х. Быццам і не было ў нас усіх гэтых рэфэрэндумаў. Якім я ўпершыню ўбачыў Генадзя на фэсьце аўтарскай песьні "Аршанская бітва" ў 92-м годзе, такім самым ён выглядае й сёньня. Можа, толькі больш азарту зьявілася ў вачох. Гэтаму няма калі піць. Бо столькі працы навокал. Ад магчымасьці адстаяць шыльду з "Пагоняй" на сярэдняй школе да арганізацыі беларускага летніка для дзяцей. Як яго любяць дзеці! Такіх, як ён сапраўды ня зломіш. Асабліва тут. "На месцах". Куды, дзякуй Богу, пакуль яшчэ не дайшлі ва ўсёй паўнаце сталічныя хваробы апошняга дзесяцігодьдзя – дзяльба грантаў, палітычныя інтрыжкі, і сапраўды бязрадасная п'янка.

Тут, куды не заяжджаюць расейскія папсовыя гастралёры, дзе найбольшай папулярнасьцю карыстаецца свая мясцовая газэтка, дзе фасады дамоў не заклееныя рускамоўнымі налепкамі "змагароў", тут, сапраўды, ёсьць свабода. І ці не адсюль, вось з такіх гарадкоў усё ў нас і пачнецца?

Сустрэча адбывалася ў Бараньскім Палацы культуры. Публіка збольшага маладая. І пытаньні з залі былі не пра мінуўшчыну, а пра нашу агульную будучыню. "Як пачаць гаварыць па-беларуску?", "Як выхаваць сваіх дзяцей беларусамі?" - найбольш частыя пытаньні.

Праўда, і змрочная мінуўшчына абавязкова нагадае пра сябе. Гэтым разам у асобе худзенькага дзядка, служкі Палаца. Яго больш за ўсё цікавіла "сколька нам заплаціў Пазьняк амерыканскіх грошай". Няшчаснага дзядка проста круціла нячыстая сіла. Ён то выбягаў з залі, то забягаў ізноў. Адзінае жаданьне чыталася на ягоным злобным тварыку – настучаць. Але куды? Правадыр далёка, а тутэйшыя міліцыянты бадай пашлюць куды падалей.

З Уладзімерам здарылася анэкдатычная гісторыя. Сталага веку чалавек падыйшоў да пісьменьніка па аўтограф з набытай кніжкай "Адкуль наш род". Для ўнукаў купіў. І сам прадыктаваў пісьменьніку тэкст пасланьня. "Каб вы, засранцы, ведалі і ніколі не забываліся, адкуль ваш род. Уладзімер Арлоў". Задаволены творчаю находкай мужык панёс кніжку сваім "засранцам". А да Арлова тым часам падышла інтэлігентная кабета. З той самай кніжкай, набытай для дзяцей. Спытаўшы ў жанчыны імёны нашчадкаў, Уладзімер пачаў падпісваць том, аўтаматычна выводзячы "засранцы". Прыйшлося пісьменьніку выбачацца, ды падпісваць іншы асобнік.

Барань мы пакідалі больш задаволеныя чымся стомленыя. А праз пару кілямэтраў патрапілі ў невялічкі затор. Дабіты Жыгуль разьяжджаў па дарозе ад кювета да кювета. Ахвочых абганяць п'янога вар'ята не знаходзілася. І Мэрсэдэсы з Фальксвагенамі асьцярожненька ў радочак ехалі за тымі Жыгулямі, што даўно не падпарадкоўваліся ўжо волі кіроўцы. Нарэшце небясьпечны аб'ект забуксаваў у кювэце. І наш нявольны картэж як мага хутчэй праехаў далей ад бяды. Ці даехалі тыя Жыгулі куды-небудзь у той вечар, ня ведаю. Але ў вадным упэўнены. Ня доўга ім нам замінаць".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік распавёў пра сваю паездку ў прадмесьце Воршы, дзе ён выступаў перад публікай разам з Уладзімерам Арловым. Арлоў - пераважна гістарычны пісьменьнік. І ягоны рамантычны гістарызм народжаны акурат у такіх самых бэтонных мікрараёнах, зь якіх складаецца горад Наваполацак. Адтульсама выйшла цэлая кагорта літаратараў гісторыкаў і рамантыкаў. Варта згадаць Сержука Сокалава-Воюша, Алега Мінкіна, Вінцэся Мудрова і дзясятак сёньняшніх тамтэйшых творцаў. Не магу не пагадзіцца з думкай Зьмітра Бартосіка пра тое, што менавіта ў безаблічных мікрараёнах найболей прагнецца Беларусі прыгожай. Магчыма, і сёньняшнія лукашэнкаўскія новабудоўлі ў Менску стануць ускоснай паставаю для новых пакаленьняў захацець Беларусі прыгожай.

Сёньняшні размах менскае разбудовы нельга ацэньваць адназначна. У культурным кантэксьце гэта безумоўна зьява не станоўчая. Мы не аднойчы ўжо казалі пра тое, што Менск і без таго ненатуральна разбудаваны. Не адпаведна свайму культурна-гістарычнаму патэнцыялу. Ужо сёньня можна разглядаць розныя варыянты будучыні гэтых мурашнікаў у будучай незалежнай Беларусі. Альбо яны будуць зносіцца, адслужыўшы адведзены ім тэрмін, як гэта робіцца ў Амэрыцы. Альбо будуць нейкім чынам аздабляцца і пераафармляцца дзеля эстэтызацыі выгляду - так, як гэта практыкуецца ў Эўропе. Што да сацыяльнага фактару, дык няма сумневу, што ў новых капіталістычных умовах, якія некалі запануюць і ў Менску, гадоў празь дзесяць раптам высьветліцца, што жыльля ў беларускай сталіцы набудавана без усялякай меры шмат, што столькі яго папросту непатрэбна. Пры росьце запатрабаваньняў на асобнае і камфортнае жыльлё, цяперашнія бэтонна-панэльныя джунглі інтэрнацкага кшталту могуць аказацца незапатрабаванымі.

Але ёсьць і яшчэ адно непазьбежнае наступства сёньняшняга няўстрымнага будаўніцтва. Сяргей Харэўскі кажа пра экалягічную катастрофу ў маштабах усёй Беларусі:

(С.Харэўскі: ) "Паводле паданьня, Менская Ікона Божае Маці была напісаная самім эвангелістам Лукою. І прыплыла ў Менск супраць плыняў рэк ад Канстантынопалю. Даплыўшы да сутоку Сьвіслачы й Нямігі, спынілася. Тутака яе й знайшлі й зьмясьцілі ў замкавай царкве. Прыгожая легенда. І вельмі менская, па-мойму. Сапраўды, куды ж магло нешта прыплыць супраць плыні?

Усё сваё йснаваньне Менск нібы йшоў супраць лёгікі, насуперак гістарычнаму наканаваньню. Першая згадка пра яго – ня дата пабудовы, альбо наданьня якіх прывілеяў. Не! Першы раз ён згадваецца разбураным, зьнішаным дазваньня кіеўскім войскам. Пасьля Менск мяняўся несупынна, разбураючыся й ўваскрасаючы. Напрыканцы 18-га на пачатку 19 стагодзьдзяў ён быў ужо цалкам каталіцкім горадам, дзе праваслаўных было менш як мусульманаў. Большасьць менчукоў пісала, ды й гварыла, бадай, па-польску... Пасьля ўсё зьмянілася яшчэ раз і яшчэ, і яшчэ. Несупынна мянячы свае ўборы, мовы й нават антрапалёгію сваіх жыхароў, Менск увесь час выглядаў то ненатуральна вялікім, то недарэчна малым... Праблема сёньня ня ў тым, чым ёсьць гэты горад для самых менчукоў. Праблема ў тым, чым ён ёсьць для астатняй Беларусі. Стварыўшы ілюзію вялікага й несупыннага разьвіцьця сталіцы, цяперашнія ўлады закінулі астатні край. Напрыклад, у 50 беларускіх гарадах перагружаныя ачыстныя збудаваньні каналізацыі, а ў 20 гарадах няма нават рэзэрваў магутнасцяў. Перагрузкі прыводзяць да аварыйных выкідаў сьцёкаў у вадаёмы. Як гэта было апошнімі гадамі ў Горадні, Новаполацку, Полацку, Камянцы, Капылі, Ашмянах,Сяньне... ды ўсяго не зьлічыць. Не вырашаецца праблема пераапрацоўкі і ўтылізацыі ападкаў на ачыстных збудаваньнях, асабліва на лякальных прадпрыемствах. На гэтыя мэты няма сродкаў. Не да гэтага. Трэба ж даканчываць Палацы рэспублікі, гіганцкія вакзалы, мікрараёны, каб задобрываць самы няўдзячны да ўладаў электарат...

Праверкамі якасьці пітное вады па бактэрыялягічных паказчыках у Менскай вобласьці ўстаноўлена, што ў гарадах Барысаве, Валожыне, Клецку, Любані, Копылі, Нясвіжы, Слуцку яна не адпавядае нормам. Адсутнічаюць назіральныя сьвідравіны для кантролю за якасьцю падземнае вады. Звалкі й месцы для ўтылізацыі бытавых адыходаў у большасьці гарадоў знаходзяццаў у кашмарным стане, часам разьмешчаныя ў водаахоўных зонах рэк. Часта дзясяткі тонаў прамысловых адыходаў, у тым ліку таксычных, скідваюцца проста ў ваду. Ідучы берагам Сьвіслачы, мне становіцца няёмка ад думкі, што вось па гэтых водах мог плысьці сьвяты абраз Маці Божае, што напісаў сам эвангеліст Лука..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі гаворыць пра экалягічную катастрофу, якая ўжо фактычна пачалася ў маштабах усёй краіны. Менавіта тыя сродкі, за якія мусіць ажыцьцяўляцца штодзённы кантроль якасьці вады, а таксама рамонт ачыстных збудаваньняў па ўсёй Беларусі, адцягнутыя на паказушнае жыльлёвае будаўніцтва ў сталіцы. Гэта значыць, што ўжо праз год ці пару гадоў дзяржава папросту ня ўправіцца з тысячамі вялікіх і дробных аварыяў. То там, то гэнам будзе прарываць. Ня кажучы ўжо пра тое, што якасьць вады ў кожнай вёсцы адсачыць будзе немагчыма. Мне малюецца фантасмагарычная карціна, калі ўсю Беларусь заліваюць нечыстоты з тых бясконцых менскіх мікрараёнаў. Каб пазьбегнуць такой катастрофы, трэба мысьліць пэрыядамі 20 ці нават 50 гадоў, а не пяцігодкамі ад выбараў да выбараў. Да такіх нярадасных высноваў прывяло нас першае летняе ўражаньне новага тысячагодзьдзя.
XS
SM
MD
LG