Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САМІТ КІРАЎНІКОЎ КРАІНАЎ СНД ЗАВЕРШАНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўнікі 11 краінаў Садружнасьці разгледзелі 10 пытаньняў парадку дня, зь якіх цікавым было хіба што пагадненьне пра супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам. На прапанову беларускага боку быў прыняты Зварот да народаў краінаў СНД і міжнароднай супольнасьці з нагоды 60-годзьдзя пачатку Айчыннай вайны.

Вельмі пэсымістычны адносна выніковасьці саміту быў прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў, які прыехаў на саміт толькі сёньня. Паводле ягоных словаў, парадак дня саміту быў дзяжурны і нецікавы. Эўраазіяцкую эканамічную супольнасьць, першае паседжаньне Рады якой прайшло ўчора ў Менску, ён назваў чарговым утварэньнем на постсавецкай прасторы, адрозьненьні якой ад мытнага саюзу ня змогуць патлумачыць нават ягоныя ініцыятары.

Паводле словаў Карымава, гэтае новаўтварэньне патрэбнае толькі асобным лідэрам краін СНД, каб заявіць пра сябе як пра інтэгратараў. Паводле Карымава сэнс у падобных самітах толькі ў двухбаковых сустрэчах. Падобнай думкі трымаўся і прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які перш за ўсё ацаніў шчырыя размовы на двухбаковым узроўні.

Галоўная праблема СНД, якая пераносіцца з аднаго саміту на другі — гэта стварэньне зоны свабоднага гандлю, што дало б істотную эканомію на падатках і мытных платах. На гэты момант затрымкі са стварэньнем гэтай зоны адбываюцца толькі з-за Расеі. Уладзімер Пуцін паведаміў сёньня:

(Пуцін: ) "Я думаю, што зона свабоднага гандлю практычна адбылася, РФ падпісала двухбаковыя пагадненьні практычна з усімі краінамі СНД, у нас засталіся неўрэгуляваныя пытаньні толькі з Украінай. Я спадзяюся, што на працягу чэрвеня ўсе спрэчныя пытаньні будуць узгодненыя. Пасьля гэтага можна будзе лічыць, што пастаўленая кропка ў гэтай праблеме".

У справе ўрэгуляваньня карабахскага крызысу пакуль нельга гаварыць пра нейкія пазытыўныя вынікі. Вынік толькі той, што дыялёг працягваецца і Гейдар Аліеў вельмі пазытыўна ацаніў жаданьне новага прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна дапамагчы ва ўрэгуляваньні гэтага найстарэйшага канфлікту на тэрыторыі Садружнасьці.
XS
SM
MD
LG