Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФРАЙМУТ ДУВЭ: ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ НЕ КАНТРАЛЮЮЦЬ, ЯК ДЗЯРЖАЎНЫЯ МЭДЫІ ТРАЦЯЦЬ ГРОШЫ ЗЬ ІХ ПАДАТКАЎ


Віталь Тарас, Вена-Прага

Адразу нагадаю, што да ўдзелу ў дыскусіі ў палацы Гофбург, акрамя афыіцыйна запрошанай АБСЭ дэлегацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, былі дапушчаныя некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных мэдыяў і Дзяржкамдруку. Таму размова часам набывала даволі жорсткі характар: прадстаўнікам незалежнай прэсы даводзілася ўвесь час, мякка кажучы, удакладняць інфармацыю па сытуацыі ў Беларусі, якую падавалі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, альбо ўступаць зь імі ў палеміку.

На пытаньне Радыё Свабода – наколькі пасьпяховай можна лічыць гэтую дыскусію, Фраймут Дувэ адказаў:

(Дувэ: ) “Посьпех у падобных дыскусіях заўсёды выглядае зусім нязначным. Публічныя дэбаты наконт дэмакратыі, барацьба за дэмакратыю – гэта не футбольны матч, у якім на працягу 90 хвілінаў бярэ верх то адзін, то іншы бок. Посьпех прыходзіць і сыходзіць. Але галоўнае, што мы мелі дэбаты, у якіх выказваліся розныя меркаваньні. Была магчмасьць сказаць прадстаўнікам дзяржаўнай прэсы, што недзяржаўныя мэдыі неабходныя для фармаваньня грамадзкай думкі ў Беларусі, што неабходныя прыватныя сродкі масавай інфармацыі. І ШТО трэба рабіць, каб гарантаваць існаваньне прыватных мэдыяў – так бы мовіць, іншага крыла”.

Параўнаньне з двума крыламі Фраймут Дувэ зрабіў падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі. Адказваючы на пытаньне аднаго з заходніх журналістаў, ён згадаў адзін момант сустрэчы:

(Дувэ: ) “Адзін з афіцыйных журналістаў сказаў, што птушцы неабходныя два крыла: адно – незалежная журналістыка, і другое – дзяржаўная. Я выкарыстаў гэты прыклад і сказаў, што гэты малюнак, мабыць, ёсьць вельмі спрэчным поглядам на дэмакратыю. Бо калі адно крыло мацнейшае за другое, тая птушка ня зможа рухацца ў будучыню. Яна будзе ўвесь час кружляць на адным месцы. І калі ўрадавае “крыло” больш моцнае за “крыло” незалежнай прэсы, гэткая “птушка” можа ўрэшце вярнуцца назад, у мінулае”.

Падобныя дыскусіі – наконт збалянсавнасьці дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў, казаў далей Ф. Дувэ, адбываліся ўжо гадоў 10-11 таму ў Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі. У грамадзікім ляндшафце гэтых краінаў сёньня дамінуюць незалежныя медыі.

(Дувэ: ) “Аднак Беларусь далёкая ад такой палітыкі, там застаюцца ўрадавыя СМІ, і, паводле майго ўражаньня, гэта ёсьць ідэалёгіяй дзяржавы. І гэта не адпавядае ідэйным прынцыпам АБСЭ, паколькі мы ставім на першае мейсца, сярод іншага той прынцып, што журналістыка павінна быць незалежнай”.

Сказаў Ф. Дувэ

Як вядома, адной з чатырох умоваў, сфармуляваных тройкай АБСЭ, на падставе якіх можна меркаваць аб дэмакратычнасьці і справядлівасьці выбараў у Беларусі, ёсьць доступ апазыцыйных кандыдатаў да дзяржаўных СМІ. Прадстаўнікі гэтых СМІ, дарэчы, не змаглі нічога канкрэтнага сказаць на гэты конт падчас сустрэчы ў Вене.

А наколькі важную роля ў выбарчым працэсе павінны адыгрываць незалежныя медыі?

На гэтае пытаньне сп. Дувэ аадказаў так:

(Дувэ: ) “Я лічу, што хісткае становішча незалежных мэдыяў, якое назіраецца апошнім часам, можа яшчэ пагоршыцца цягам выбараў. Наколькі я ведаю, усе грамадзяне Беларусі плоцяць немалыя падаткі на дзяржаўныя СМІ, але я ня ведаю, як шмат грошай выдаткоўваецца на іх утрыманьне. Дзяржаўныя СМІ і прыватныя мэдыі знаходзяца ў вельмі адрознай эканамічнай сытуацыі. Гэта-па першае.

Па-другое, недзяржаўная прэса знаходзіцца ў зусім іншай сытуацыі з гледзішча распаўсюджваньня – праз друк, радыё і тэлеэфір, у параўнаньні з дзяржаўнымі СМІ, якія карыстаюцца фінансавай падтрымкай грамадзянаў. Грамадзтва, насамрэч, ня ведае, што яно фінансуе гэтыя СМІ, паколькі грошы ідуць не з ураду, яны належаць людзям.

Гэта яўны прыклад непасрэднага парушэньня свабоды слова. Але гэтыя пытаньні публічна не абмяркоўваюцца, бо яны падлягаюць дыскусіі ў дзяржаўнай прэсе”.

Фраймут Дувэ, які вымушаны быў адмовіцца ад свайго візыту ў Менск з-за перашкодаў з боку ўладаў і перанесьці сустрэчу з журналістамі ў Вену, кажа, што ён абавязкова наведае Беларусь – як толькі для гэтага будуць умовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG