Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА НОЧ У МЕНСКУ ЗАТРЫМАЛІ 22 ЧАЛАВЕКІ ЗА РАСПАЎСЮД НАЛЕПАК І СПЭЦВЫПУСКУ “НАШАЙ СВАБОДЫ”


Любоў Лунёва, Менск

Учора ўвечары ў розных раёнах Менску былі затрыманыя 19 чалавек за распаўсюд спэцвыпуску "Нашай свабоды", прысьвечанага эканамічнаму і палітычнаму стану Беларусі. Большасьць зь іх — студэнты менскіх унівэрсытэтаў.

Хлопцаў і дзяўчат затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, апранутыя ў цывільнае. На загад міліцэйскага кіраўніцтва падчас саміту міліцыянты мусяць патруляваць менскія вуліцы ў цывільным — пад выглядам мінакоў затрымліваць "непажаданыя элемэнты" і завозіць у міліцэйскія пастарункі.

У міліцэйскіх пастарунках у затрыманых канфіскавалі ўсе асобнікі спэцвыпуску, а саміх праз тры-чатыры гадзіны адпусьцілі.

Пазьней у Партызанскім раёне Менску за расклейку налепак "Час выбіраць" затрымалі Аляксея Шыдлоўскага, Ірыну Тоўсьцік, Цімафея Дранчука і Ігара Сюльда. У Партызанскім упраўленьні міліцыі іх трымалі паўсутак, да 16 гадзінаў наступнага дня.

Урэшце Цімафею Дранчуку паведамілі, што за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка ён завочна асуджаны Цэнтральным судом на 15 сутак арышту. Міліцыянты схапілі Дранчука і павезьлі ў Цэнтральны суд, каб узяць пастанову. Яны патлумачылі, што адтуль яго павязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна адбываць пакараньне.

У судзе мы даведаліся, што пастанову пра арышт вынесьлі 11 красавіка. Але паводле заканадаўства, суд над правапарушальнікам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ня можа адбывацца ў адсутнасьць апошняга. Назіральнікі лічаць, што міліцыянты наўмысна пратрымалі Дранчука да 16 гадзінаў, каб не было часу падаць скаргу ў гарадзкі суд дзеля адмены незаконнага рашэньня.

Цімафей Дранчук спаслаўся на кепскі стан здароўя, і міліцыянты адвезьлі яго ў шпіталь. Гаворыць Цімафей Дранчук:

(Дранчук: ) "Учорашнім затрыманьнем яны паказалі, што ўлады вельмі занепакоеныя ўсёй гэтай кампаніяй "Зубра" "Час выбіраць". Раней ніколі за налепкі не затрымлівалі больш як на дзьве гадзіны.

Наконт сябе магу сказаць, што супрацоўнікі міліцыі абыходзіліся са мной вельмі дрэнна. А шостай гадзіне раніцы мяне выклікаў намесьнік начальніка міліцыі Партызанскага РАУСу Скурат, які размаўляў са мной вельмі груба. Ён сказаў, што доўга чакаў таго моманту, каб сустрэцца са мной, калі лёс мой ужо вырашаны. Калі мяне прывезьлі ў шпіталь, там таксама міліцыянты паводзілі сябе груба. Яны казалі лекарам, што мне пагражае 15 сутак, таму я нібыта сымулюю хваробу".

У шпіталі пасьля таго, як Дранчуку зрабілі здымак чэрапа, лекары забаранілі везьці яго на Акрэсьціна і рэкамэндавалі амбулаторнае лячэньне, у выніку яго адпусьцілі на волю.

На Аляксея Шыдлоўскага, Ірыну Тоўсьцік і Ігара Сюльда склалі пратакол "за антысанітарыю". Так міліцыянты кваліфікуюць расклейку налепак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG