Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАНОС


Аляксандар Лукашук, Прага

Беларускае тэлебачаньне прапанавала ўчора свой адказ на пытаньне, каму выгадны выбух на тэрыторыі расейскага пасольства. У праграме “Панарама” ўчора быў пракручаны фрагмэнт перадачы Беларускай службы Радыё Свабода ад 30 траўня, дзе лідэр маладога фронту Павал Севярынец расказваў пра плянаваныя акцыі пратэсту Маладога Фронту напярэдадні саміту СНД.

(Севярынец): “Перад гэтым самітам краін СНД, які адбудзецца тут заўтра-пасьлязаўтра, "Малады фронт" рыхтуе цэлую хвалю ўлёткавай кампаніі, вывешваньне сьцягоў і таксама ў сваім фірмовым стылі хэпэнінг-пэрфоманс з удзелам некалькіх дзесяткаў маладых людзей. Мы абыгрываем тэму будучых прэзыдэнцкіх выбараў і перад імі выходзім на вуліцы ў цэнтар Менску, для таго каб паказаць, што ў Дзень усясьветнай барацьбы з тытунём, мы будзем змагацца яшчэ і зь іншым, яшчэ большым злом – дыктатарскім рэжымам у Беларусі, з рэжымам Лукашэнкі, і дамо прыкурыць яму перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Падобныя акцыі Малады Фронт ды іншыя моладзевыя арганізацыі праводзяць у Менску і іншых гарадах штомесяц. Фірмовы почырк такіх пратэстаў – публічнасьць, адкрытасьць і мірны характар, нягледзячы на традыцыйна жорсткія дзеяньні міліцыі і спэцслужбаў.

Учора ў Менску з самай раніцы на тэлевізійным дроце паміж двума 20-павярховымі дамамі на скрыжаваньні вуліц Багдановіча і Варвашэні зьявіўся сьцяг Эўразьвязу. А па абедзе сябар Маладога Фронту праехаў на роліках зь бел-чырвона-белым сьцягам ад менскай штаб-кватэры СНД па вуліцы Кірава да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта таксама паведаміла ўчора Беларуская служба Радыё Свабода. Па беларускім тэлебачаньні пра гэта – ані слова. Як, напрыклад, няма ні слова пра зьніклых Юр’я Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.

Беларускае тэлебачаньне публічна прапанавала беларускім спэцслужбам падзяліцца атрыманай інфармацыяй – гэта значыць, запісаным фрагмэнтам перадачы Радыё Свабода. Так шчыра абслугоўваў сталінскі НКВД хіба толькі пільны беларускі друк 30-х гадоў. Дадамо – 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у якім некаторым так карціць пакінуць Беларусь назаўсёды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG