Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЗТВА Ў СПРАВЕ ВЫБУХУ Ў РАСЕЙСКАЙ АМБАСАДЗЕ ПАКУЛЬ НЕ ДАЛО ВЫНІКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мікалай Роўда, кіраўнік сьледчага аддзелу Цэнтральнага РАУС, якое вядзе расьсьледаваньне гэтай справы, заявіў сёньня Радыё Свабода, што ягоныя падначаленыя на сьлед зламысьніка яшчэ ня выйшлі. Насуперак ўчорашняй інфармацыі некаторых мас медыяў, міліцыя не ведае сьведкаў, якія б бачылі, як нехта кінуў выбуховыя прыстасаваньні на тэрыторыю амбасады. Мікалай Роўда прызнаў таксама, што паводле дадзеных сьледзтва выбухаў было два і гэта былі хутчэй ня выбухі, а “моцныя хлапкі”.

(Роўда: ) “Устаноўлена тое, што два хлапкі былі дакладана. Ці выбухнула другое прыстасаваньне – мы пакуль яшчэ ня можам канкрэтна сказаць”.

Аднак кіраўнік сьледчых настойвае, што прамежак часу паміж двума выбухамі быў невялікі, ўсяго некалькі сэкундаў. Нагадаю, гэта разыходзіцца з дадзенымі сьведкаў, якія кажуць пра інтэрвал паміж выбухамі амаль ў хвіліну.

Збольшага кіраўнік сьледчага адзела Цэнтральнага РАУС мяркуе, што расьсьледаваньне гэтай справы, улічваючы яе сур’ёзнасьць, варта даручыць не міліцыі, а іншым структурам. Але гэта будзе залежаць ад таго, якую з вэрсіяў здарэньня прызнаюць асноўнай. Пакуль справа ўзбуджаная паводле факту дробнага хуліганства.

Мікалаю Роўду невядома, каб падначаленыя яму сьледчыя вялі нейкія дзеяньні з тымі актывістамі маладзёвай арганізацыі “Зубар”, якія былі ўчора затрыманыя за распаўсюджваньне спэцвыпуску газэты “Наша Свабода”. Гэта ж тычыцца і затрыманых сёньня ўначы за налепкі Аляксея Шыдлоўскага і Цімафея Дранчука.

(Роўда: ) “Міліцыя гэтым не займаецца. Мае падначаленыя гэтым не займаюцца”.

Заявіў кіраўнік сьледчага адзелу Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, дзе вядзецца расьсьледаваньне ўчорашніх выбухаў у расейскай амбасадзе. Аднак міліцыянт дадаў, што ня можа адказваць за тых супрацоўнікаў іншых службаў, якія таксама займаюцца гэтым інцыдэнтам. А гэта пракуратура, КГБ і некаторыя іншыя структуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG