Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНСКАЯ FINANCIAL TIMES ПРА ВЫБУХ У МЕНСКУ


Сяргей Навумчык, Прага

На тэрыторыю расейскай амбасады ў сталіцы Беларусі Менску была кінутая ручная граната, і гэта здарылася за некалькі гадзінаў перад прыбыцьцём на менскі саміт расейскага прэзыдэнта Пуціна, – адзначае Financial Times. – У выніку атакі ніхто не пацярпеў, а сама амбасада ацаніла здарэньне як хуліганскую выхадку, а не тэрарыстычную акцыю. Аднак прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка імгненна запатрабаваў ўзмацненьня мераў бясьпекі вакол лідэраў краінаў СНД, якія прыбылі ў Менск у пятніцу. Прадстаўнікі сілавых ведамстваў Беларусі разглядаюць здарэньне як “верагодную палітычную правакацыю”, – цытуе Financial Times расейскае агенцтва ИТАР-ТАСС.

Financial Times заўважае, што ў Менску меры бясьпекі ўжо ўзмоцненыя ў сувязі з маючымі адбыцца ў верасьні прэзыдэнцкімі выбарамі. Лукашэнка абвінавачваецца апазыцыйнымі палітыкамі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі у падаўленьні апанэнтаў і фальсыфікацыі леташніх парлямэнцкіх выбараў.

Акрамя гэтага, нацыянальна арыентаваныя палітыкі, – адзначае Financial Times, – крытыкуюць Лукашэнку за тое, што зьнешнія стасункі краіны разьвіваюцца выключна ў накірунку Расеі. Летась Лукашэнка падпісаў разам з Пуціным дамову аб аб’яднаньні дзвюх краінаў у “саюзную дзяржаву”, што выклікала рэзкае асуджэньне апазыцыі, – нагадвае Financial Times.
XS
SM
MD
LG