Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭСІЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ НАТО Ў ВІЛЬНІ ТАК І НЯ ДАЛА АДНАЗНАЧНАГА АДКАЗУ КРАІНАМ-КАНДЫДАТКАМ


Сяргей Шупа, Вільня

Пытаньнем нумар адзін на сэсіі, безумоўна, было далейшае пашырэньне НАТО. Асаблівае значэньне форуму надавала тое, што ён упершыню адбываўся на тэрыторыі былой савецкай рэспублікі і цяперашняй краіны-кандыдаткі. Літва зьвязвала з сэсіяй асаблівыя спадзяваньні, бо прыём у НАТО можа стацца падзеяй, якая вызначыць далейшы геапалітычны лёс літоўскай дзяржавы. Таму для яе, як і для васьмі іншых краінаў-кандыдатак, прынцыпова важным было пытаньне — ці атрымаюць яны афіцыйнае запрашэньне ў НАТО на праскім саміце Альянсу, які адбудзецца ў канцы наступнага году.

Выступаючы раніцай на пленарным паседжаньні, генэральны сакратар НАТО Робэртсан ня даў чаканага адказу на гэтае пытаньне, заявіўшы, што пакуль яшчэ рана абмяркоўваць кандыдатуры канкрэтных краінаў. «Я ня буду выступаць з прароцтвамі», — сказаў ён, дадаўшы, што адпаведнае рашэньне будуць прымаць супольна ўсе 19 краінаў-удзельніц, і адбудзецца гэта не раней, чым на праскім саміце. Разам з тым Робэртсан падкрэсьліў, што геаграфічнае становішча краінаў-кандыдатак ня можа быць перашкодай для прыёму ў НАТО.

Другой важнай тэмай на сэсіі была Расея, чыя дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў форуме, каб ня даць падставаў меркаваць, што яна падтрымвае пляны пашырэньня НАТО на балтыйскія краіны. Гэты крок Расеі быў успрыняты са шкадаваньнем практычна ўсімі ўдзельнікамі форуму. У сваім выступе на заключным паседжаньні старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рафаэль Эстрэлья зазначыў, што Асамблея й надалей будзе актыўна супрацоўнічаць з Расеяй. Чым болей будзе нагодаў для ўзаемадзеяньня з расейскімі партнэрамі, тым хутчэй яны зразумеюць, што ў НАТО няма іншых мэтаў апрача ўмацаваньня агульнай бясьпекі і стабільнасьці ва ўсёй Эўропе.

Вынікам сэсіі стала прыняцьце дзьвюх дэклярацыяў: пра становішча на Балканах і пра пашырэньне НАТО. У апошняй было паўторанае палажэньне рэзалюцыі, прынятай на леташняй восеньскай сэсіі ў Бэрліне — пра тое, што не пазьней чым у 2002 годзе ў НАТО мусяць быць запрошаныя ўсе дэмакратычныя дзяржавы Эўропы, якія дамагаюцца сяброўства ў Альянсе і адпавядаюць неабходным крытэрыям.

Удзельніца літоўскай дэлегацыі, прадстаўніца літоўскіх кансэрватараў Раса Юкнявічэне запрапанавала дапоўніць дэклярацыю палажэньнем, што ніякая трэцяя краіна не павінна мець права вэта ў справе прыёму ў НАТО новых сяброў. Даволі нечакана на заключным паседжаньні за гэтую прапанову прагаласавала абсалютная большасьць дэлегацыяў краінаў НАТО (устрымалася толькі Партугалія). Аўтарка папраўкі падкрэсьліла, што пад трэцяй краінай маецца на ўвазе ня гэтулькі Расея, як краіны Захаду, якія разглядаюць магчымы прыём балтыйскіх краінаў у НАТО як нейкі «асобны выпадак» і ставяць яго ў залежнасьць то ад працэсу дэмакратызацыі ў Расеі, то ад вырашэньня статусу Калінінградзкай вобласьці.

Такім чынам, можна канстатаваць, што ў выніку сэсіі ўсе бакі эўрапейскага геапалітычнага працэсу засталіся, так сказаўшы, пры сваіх: краіны-кандыдаткі не рассталіся са сваімі спадзяваньнямі, Расея пацьвердзіла сваё адмоўнае стаўленьне да пашырэньня НАТО, а заходнія краіны захавалі асьцярожную пазыцыю, не раздаўшы ніякіх залішніх абяцанак. Адказаў на ўсе важныя пытаньні цяпер давядзецца чакаць паўтара года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG