Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ БЕЗ ТЫТУНЮ


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня 48% дарослага мужчынскага насельніцтва нашай плянэты паліць. Сярод жанчынаў гэтая лічба дасягае 12 адсоткаў. Але ў некаторых краінах Азіі колькасьць курцоў-мужчынаў перавышае 60%, а ў Эўропе колькасьць курцоў-жанчынаў амаль удвая перавышае ўсясьветны сярэдні паказчык. Але лічбы гэтыя далёка не да канца дакладныя. У сем’ях, дзе паліць, напрыклад, адзін з бацькоў, нэгатыўны ўплыў так званага пасыўнага курэньня распаўсюджваецца практычна на ўсіх членаў сям’і. Экспэрты Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я лічаць, што сярод патэнцыйных ахвяраў тытунёвага дыму знаходзіцца, практычна, бальшыня насельніцтва Зямлі.

Вось чаму сёлетні Ўсясьветны Дзень без тытуню праводзіцца пад лёзунгам “Пасыўнае курэньне – сур’ёзная пагроза для здароў’я людзей”.

Галоўная ўрачыстая цырымонія “Дню без тытуню” праходзіць сёньня ў Жэнэве, дзе генэральны дырэктар Усясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я Гро Гарлем Брунтланд уручае спэцыяльныя ўзнагароды мэрам тых гарадоў сьвету, якія дасягнулі ў барацьбе з куробай найбольшых посьпехаў.

У спэцыяльным прэсавым бюлетэні Ўсясьветнай Аарганізацыі аховы здароў'я, выдадзеным з нагоды ўсясьветнага “Дню без тытуню”, гаворыцца: “Змаганьне з курэньнем вельмі цяжкае заданьне, якое патрабуе мабілізацыі значных матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. Тытунёвыя камапніі, якія ўжо сёньня дзейнічаюць у варунках глябалізацыі, выкарыстоўваюць такую падманную практыку, як продаж цыгарэтаў з надсамі "mild” i “light” (мягкія і лёгкія). Яны даюць хабар навукоўцам, што дасьледуюць шкоднае дзеяньне тытуню на арганізм, даюць хлусьлівую рэкляму.

Тытунёвыя канцэрны выкарыстоўваюць агрэсыўны маркетынг, які можа прывесьці да ўсясьветнай эпідэміі хваробаў, зьвязаных з паленьнем.

Сёньня Ўсясьветная арагнізацыі аховы здароў’я працуе над прыняцьцём Першага Ўсясьветнага закону ў галіне кантролю над паленьнем. Галоўныя элэмэнты гэтага закону ўжо абмяркоўваліся на сёлетняй Усясьветнай Асамблеі гэтай арганізацыі і былі ухваленыя ўсімі 191 краінамі, якія ўваходзяць у яе склад. Вось галоўныя палажэньні гэтага закону:

- поўная забарона паленьня ў публічных месцах;
- забарона рэклямы тытунёвых вырабаў і іх маркетынгу;
- выразнае павелічэньне падаткаабкладаньня тытунёвых вырабаў;
- пашырэньне навуковых дасьледаваньняў у галіне шкоднасьці тытуню для здароў’я чалавека;
- пашырэньне антытытунёвай рэклямнай кампаніі;
- стварэньне спэцыяльнага ўсясьветнага цэнтру для кіраваньня антытытунёвай палітыкай, які будзе мець свае філіі ва ўсіх краінах сьвету.

Некаторыя краіны ўжо цяпер, не чакаючы на прыняцьцё гэтай усясьветнай праграмы, пачалі ажыцьцяўляць пэўныя яе палажэньні.

Эўрапейскі Зьвяз, напрыклад, ад наступнага году ўводзіць поўную забарону рэклямы тытунёвых вырабаў. У хуткім часе ў краінах Заходняй Эўропы зьявяцца пачкі цыгарэтаў з антырэклямай. На пачцы “Мальбара”, напрыклад, вядомы каўбой пытаецца сябру, які глыбока зацягваецца дымам цыгарэты: “Бэн, ты ўжо захварэў на рак?”

На пачках таксама зьявяцца фотаздымкі зьнішчаных тытунём ворганаў чалавечага цела: сэрца, легкіх, пячонкі ды інш.

Тытунь – гэта вялікі бізнэс, які прыносіць тытунёвым кампаніям мільярды даляраў прыбытку. Але шкоды для здароў’я насельніцтва нашай плянэты ад яго можна лічыць у мільярдах даляраў. І таму Ўсясьветная Арганізацыя аховы здароў’я рэкамэндуе змагацца з паленьнем перш за ўсё эканамічнымі сродкамі.
XS
SM
MD
LG